Вы тут

Вялікае мастацтва: ад Лісабона да Уладзівастока


Насамрэч, я далёкі ад мастацтва чалавек, але з’явілася тэма, пра якую вельмі хацелася б распавесці. Пачаць варта з таго, што ў канцы лістапада добрыя знаёмыя з аднаго са сталічных камунікацыйных агенцтваў запрасілі мяне на прэс-канферэнцыю з нагоды адкрыцця ў Мінску ўнікальнай выставы сучаснага мастацтва.


Адна назва гэтага арт-праекта чаго вартая — «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока». На мапе лёгка знайсці Лісабон, тым больш лёгка знайсці Уладзівасток. Лёгка нават пракласці лінію ад аднаго горада да другога. Але вельмі складана асэнсаваць тое, што паміж гэтымі двума гарадамі больш за дзесяць тысяч кіламетраў. А колькі народаў, народнасцей і этнасаў пражываюць на гэтай прасторы — нават і не злічыць! І ў цэнтры — Мінск. І зусім невыпадкова!

Беларусь чарговы раз спрабуе прадставіць сябе на міжнароднай арэне самастойным гульцом. У час палітычнай турбулентнасці, якую ўсе мы перажываем апошнія гады, гэта надзвычай важна. Бо заўсёды лепей спрабаваць нешта зрабіць самому, чым быць проста маўклівым аб’ектам гульняў моцных гэтага свету. І я не толькі пра геапалітыку, але і проста пра жыццё. Па сутнасці, ёсць два варыянты развіцця: або ты гуляеш сам, або гуляюць цябе. Трэцяга не дадзена…

Выстава мае на мэце паказаць нашу краіну як зямлю, якая заўжды аб’ядноўвала самыя розныя погляды і ідэі. Сапраўды, ва ўсе часы тут мірна суіснавалі самыя розныя палітычныя погляды, рэлігійныя канфесіі і філасофскія думкі. Не буду ідэалізаваць нашу мінуўшчыну, робячы з яе ружовую казку з кісельнымі берагамі, але калі разабрацца, то насамрэч яна была не такая цмяная і змрочная, як у іншых народаў. Усё ж, як ні круці, тут жылі адукаваныя, разумныя і прагматычныя людзі.

Ідэя праекта належыць Паўлу Латушку, надзвычайнаму i паўнамоцнаму паслу нашай краіны ў Францыі, і вядомаму беларускаму мастаку Віктару Альшэўскаму. Назва арт-праекта абрана вельмі трапна — яшчэ ў 1959 годзе прэзідэнт Францыі генерал Шарль дэ Голь у сваёй знакамітай прамове ў Страсбургу абвясціў «Вялікую Еўропу» ад Атлантыкі да Урала. Менавіта з яе бярэ пачатак ідэя агульнай еўрапейскай прасторы. Канкрэтыка з Лісабонам і Уладзівастокам узнікла ўжо пазней.

На выставе «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» прадстаўлены больш за 80 работ 27 мастакоў з 27 краін свету. У тым ліку з Нідэрландаў, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Бельгіі, Сербіі, Венгрыі, Эстоніі, Украіны і Расіі. Многія з іх спецыяльна прыехалі ў Мінск на ўрачыстае адкрыццё выставы ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, якое адбылося 22 снежня 2016 года.

Розныя па стылі і тэматыцы, яны аб’яднаныя адной тэмай — процівагі палітычнай напружанасці, якая склалася цяпер у свеце. Людзям мастацтва заўжды прасцей знайсці агульную мову. Тым больш, што ў іх ёсць тэма, якая іх аб’ядноўвае, — мастацтва. Вялікае мастацтва вялікай Еўропы, якое стагоддзямі прыцягвала і матывавала.

Выстава «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» працуе да 5 лютага. Не палянуйцеся — наведайце яе. Не пашкадуеце! 

Канстанцін КАСЯК

Друкуецца ў "Маладосці"

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».