Вы тут

Мэр Магілёва — пра перспектывы развіцця абласнога цэнтра


Мінулы год запомніўся магіляўчанам перш за ўсё адкрыццём пасля мадэрнізацыі мосту цераз Днепр, маштабнай рэканструкцыяй транспартнай развязкі ў раёне перасячэння вуліцы Чалюскінцаў і Пушкінскага праспекта і будаўніцтвам тут шыкоўнага падземнага перахода. Акрамя гэтага, завяршылася рэканструкцыя галоўнай лазні Кастрычніцкага раёна на Пушкінскім праспекце, адкрыўся кабінет амбулаторнага прыёму грамадзян на вуліцы Маўчанскага, а ў адным з густанаселеных мікрараёнаў горада — Казіміраўка — закладзены дзіцячы садок на 240 месцаў. Гэтыя і іншыя прыемныя падзеі робяць жыццё гараджан больш камфортным і цывілізаваным. Гэты год не будзе выключэннем, запэўніў мэр Магілёва Уладзімір Цумараў.


«Звязда» неаднаразова закранала тэму будаўніцтва ў Падміколлі гарадскога парку. Тут сышліся інтарэсы вялікай колькасці магіляўчан. План забудовы тэрыторыі абмяркоўваўся неаднаразова, у тым ліку з удзелам грамадскасці. Карэкціроўка дэталяў будзе працягвацца. Але асноўныя этапы ўжо вызначаны і пачалі рэалізоўвацца, паведаміў мэр.

— Цэнтральная алея парка ўжо закладзена і, як толькі будзе спрыяць надвор'е, пачнём будаўніцтва параднай лесвіцы з каскадам фантанаў, — адзначыў ён. — Планы вялікія, грошай на ўсё не хопіць. Таму будзем прыцягваць сілы нашых прадпрыемстваў і рабіць суботнікі.

Адначасова плануецца развіццё супрацьлеглага боку Дняпра, тэрыторыі паміж Пушкінскім і Шмідтаўскім мастамі. Гэта зона будзе цалкам прысвечана актыўным відам спорту. Уладзімір Цумараў ініцыюе стварыць умовы для гульні ў гарадкі і хакей на траве. Бліжэй да Шмідтаўскага моста плануецца будаўніцтва аквапарку, пошукамі інвестара для якога актыўна займаецца гарвыканкам. А на ўчастку паміж Лядовым палацам і гандлёвым цэнтрам «Е-сіці» ёсць задумка стварыць рознаўзроўневага тыпу жылыя будынкі. Шукаюць інвестараў і для аднаўлення размешчанага ў гэтай частцы горада парку атракцыёнаў, які, як выказаўся мэр, маральна і фізічна састарэў.

Вялікія перамены чакаюць і любімы магіляўчанамі Пячэрскі лесапарк. Гараджане вельмі хвалююцца, што ў сувязі з гэтым будзе праводзіцца высечка вялікай колькасці дрэў. У Магілёве нават створана ініцыятыўная група па выратаванні гэтага парку. Але, як запэўніў Уладзімір Цумараў, размова ідзе толькі пра санітарную высечку, якая датычыцца хворых або паваленых дрэў.

Наколькі актыўна будуць рэалізоўвацца гэтыя і іншыя планы, залежыць ад прадуктыўнай працы рэальнага сектара эканомікі і ўкладзеных у развіццё горада інвестыцый. «Мы ставім перад сабой мэту прыцягнуць 15 мільёнаў 800 тысяч долараў ЗША прамых замежных інвестыцый, — паведаміў Уладзімір Цумараў. — Гэта дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы і пашыраць наяўныя вытворчасці. Сёлета нам неабходна працаўладкаваць 2125 чалавек. Новыя працоўныя месцы ў будучыні прадставіць і буйны аптавік аўтазапчастак «Шатэ-М Плюс», які мае намер пабудаваць у Магілёве сэрвісны цэнтр па рамонце аўтаматычных каробак перадач усёй лінейкі аўтамабіляў, якія выпускаюцца ў Германіі».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Утульнасць залежыць ад эканомікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?