Вы тут

Старонкі пісьменніцкай дружбы


Айчынныя літаратурна-мастацкія часопісы «Полымя», «Маладосць», «Бярозка», «Нёман», «Белая Вежа» — пляцоўка для творчасці не толькі айчынных аўтараў, але і замежных калег. Гэтая тэма і была ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў круглага стала, прысвечанага нацыянальным літаратурам на старонках айчыннай літаратурна-мастацкай перыёдыкі.


У беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы можна пабачыць творы Юрыя Іванова (Малдова), Рымы Ханінавай (Калмыкія, Расія), Агагельды Аланазарава (Туркменістан), Ато Хамдама (Таджыкістан) і многіх іншых замежных пісьменнікаў.

— Саюз пісьменнікаў Расіі — сузаснавальнік многіх літаратурна-мастацкіх часопісаў, — расказаў першы сакратар творчай арганізацыі Генадзь Іваноў. — Ёсць у нас і часопісы, якія выдаюцца за кошт спонсарскіх сродкаў, — напрыклад, «Родная Ладога» (Санкт-Пецярбург). Разам з тым у Расіі няма ніводнай вобласці, дзе не было б свайго літаратурнага альманаха.

Ёсць традыцыі і ў айчынных выданняў. Так, часопіс «Нёман» рэгулярна друкуе творы расійскіх маладых аўтараў: Андрэя Анціпіна, Андрэя Цімафеева, Алены Тулушавай ды іншых. Ёсць тут і пастаянная рубрыка «Всемирная литература» в «Нёмане». У рэдакцыі часопіса «Полымя» склаліся трывалыя творчыя стасункі з казахскім літаратурна-мастацкім часопісам «Простор». А жнівеньскі нумар «Маладосці» штогод прымяркоўваецца да Дня беларускага пісьменства, у ім друкуюцца творы гасцей свята.

Беларускую літаратуру ведаюць і ў блізкім, і ў далёкім замежжы. Паводле слоў прэзідэнта Пакістанскай акадэміі літаратуры Касіма Бухгіа, у гэтай установе творы замежных аўтараў перакладаюць на дзевяць асноўных моў Пакістана. А яшчэ акадэмія арганізуе семінары, забяспечвае пісьменнікам стыпендыі, дапамагае ў выданні кніг. Штогод у Пакістане выходзіць літаратурны часопіс, дзе каля сотні старонак займае перакладная літаратура і яшчэ каля двухсот — творы пакістанскіх аўтараў.

— Нам патрэбна маштабная літаратурная палітра, каб літаратары розных краін маглі творча падтрымліваць адно аднаго, займацца ўзаемаперакладамі, — лічыць старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Паэта і перакладчыка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Ханінава можна назваць родапачынальнікам творчых сувязяў паміж Беларуссю і Калмыкіяй. Справу бацькі працягвае дачка, Рыма Ханінава. Яе вершы перастварыла па-беларуску паэтэса Таццяна Сівец.

— Калі аб'ядноўваюцца літаратары розных краін, аб'ядноўваюцца і іх думкі, — упэўнены туркменскі паэт Агагельды Аланазараў. Спадар Агагельды расказаў пра часопіс «Мировая литература», які выдаецца за дзяржаўныя сродкі, і выказаў надзею, што ў туркменскіх аўтараў пабольшае беларускіх чытачоў.

Геаграфія міжнародных пісьменніцкіх стасункаў неабсяжная. Новыя кантакты, пашырэнне чытацкай аўдыторыі, узаемапераклады — сапраўднае багацце, крыніца натхнення і творчага вопыту для сучаснай беларускай літаратуры.

Яна ЯВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?