20 Люты, панядзелак

Вы тут

Гісторыі вядомых сямейных пар, якія склаліся дзякуючы тэлебачанню


Тэлераман — гэта, наогул, фармат тэлевізійных шматсерыйных фільмаў родам з французскай Канады, аналаг лацінаамерыканскіх «мыльных опер». Аднак, пакуль яшчэ канчаткова не развеяўся ў шэрых буднях рамантычны флёр Дня ўсіх закаханых, успомнім пра іншыя тэлевізійныя раманы са шчаслівым фіналам — гісторыі вядомых сямейных пар, якія склаліся ўнутры або дзякуючы тэлебачанню.


Смех, сяброўства, рок-н-рол

Ён — тэлерэжысёр, кліпмейкер і меламан са стажам, яна — журналістка і вядучая музычных тэлепраграм, а ў тандэме яны не толькі бацькі дзвюх дачок, але і стваральнікі шэрагу папулярных праектаў і «хросныя феі» мноства беларускіх артыстаў і калектываў. Яны разам — можна па-добраму пазайздросціць — 26 гадоў! «Плюс яшчэ год «у граху», — іранічна ўдакладняе Аксана Вечар. Прычым «разам» — увесь гэты час літаральна 24 гадзіны ў суткі, і на працы, і дома. Зразумела, многім з нас таксама хацелася б валодаць сакрэтам трывалай сям'і: як за такі працяглы час не стаміцца адно ад аднаго?

— А тут расказваць няма чаго, — сцвярджае Аксана Вечар. — За ўсе мінулыя гады мы кожны год, уявіце, умудраліся забыцца пра дзень уласнага вяселля. Успаміналі праз тыдзень, праз некалькі дзён, у лепшым выпадку назаўтра, а саму дату, як назнарок, прапускалі — хіба што на 15 і 25 гадоў паставілі сабе гэткія памятныя зарубкі на мозг, каб больш ці менш урачыста адзначыць... Гэта я да чаго вяду: мы не адчуваем, што мінула «столькі часу», мы яго наогул не заўважаем. Напэўна, уважліва сочыш за часам і вядзеш яго ўлік, калі цябе нешта стамляе — а ў нашым выпадку ўсё адбываецца неяк само сабой... Але, безумоўна, гэткае маё трансцэндэнтальнае тлумачэнне не адмяняе простых, прыземленых рэчаў. Напрыклад, таго, што ў сям'і патрэбна бязмежнае цярпенне — вядома, мы не такая ідэальная пара, што без адзінага папроку вытрымае 24 гадзіны твар да твару, проста мноства нашых спрэчак застаецца «за кадрам». І ўсё ж чым растлумачыць, што за больш як чвэрць веку мы не стаміліся быць побач? Ведаеце, ёсць такі цудоўны фільм «Хто падставіў труса Роджэра», і калі ў мульцяшнай прыгажуні Джэсікі Рэбіт пытаюцца, што яна знайшла ў трусіку, тая адказвае: «Вы не разумееце — з ім весела!» Гэта фармулёўка насамрэч многае тлумачыць, у прыватнасці, у маім выпадку. Бо каханне — такая рэч, якая з часам трансфармуецца ў нешта іншае, але гэта разумееш толькі з узростам. Нядаўна Толя мне сказаў: «Аксанка, ты такі класны сябар!» І гэта, між іншым, таксама дарагога каштуе, бо іншае сяброўства лепшае за падлеткавыя мілаванні...

— Мабыць, за столькі гадоў у вашай сям'і склаліся агульныя звычкі, традыцыі?

— Мы ў гэтым сэнсе зусім няўдзячная пара: ніякіх там абавязковых нядзельных абедаў з дзецьмі або вячэрніх пасядзелак пры свечках з келіхам віна — усе гэтыя рамантычныя кіношныя штампы прайшлі міма нас, — смяюцца Вечары.

А песні — даволі адной

Спявак і аранжыроўшчык, тэлевядучы і прадстаўнік Беларусі на «Еўрабачанні» Тэа (Юрый Вашчук) і спявачка, тэлевядучая, бізнес-лэдзі Вольга Рыжыкава насамрэч знаёмыя ўжо больш як 10 гадоў — з таго часу, як учарашняя школьніца Вольга пад сцэнічным псеўданімам DANA толькі-толькі выйшла на беларускую музычную сцэну. Але тады далей за ўзаемную сімпатыю справа не зайшла. Блізкія стасункі завязаліся толькі ў 2014 годзе, а агульны сямейны стаж у пары пакуль што сціплы — усяго 1,5 года.

Напэўна, толькі лянівы не чуў забаўную гісторыю пра тое, як Юрый Вашчук падбіраў для будучай жонкі заручальны пярсцёнак, каб прапанова рукі і сэрца стала для яе сюрпрызам: «Я схітрыў — пакуль рабіў Вользе масаж рук, незаўважна зняў патрэбныя меркі і ўжо з імі пабег у ювелірную краму». А саму прапанову спявак і тэлевядучы зрабіў падчас адпачынку ў Егіпце, на беразе мора, пад вельмі прыгожы захад сонца — рамантыка, дый годзе! Натуральна, што Вольга ў адказ не цягнула час з какетлівым «я падумаю», а адразу пагадзілася — і летам 2015-га пара згуляла вяселле.

З леташняй вясны маладыя людзі разам і дома, і на працы — у эфіры праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!», — і, мяркуючы па сумеснай рамантычнай кампазіцыі «Нам очень», такое становішча іх больш чым задавальняе.

Сям'я па-за канкурэнцыяй

У цяперашні, ва ўсіх сэнсах бягучы, час службовы раман Юліі Радзьковай і Уладзіміра Пярцова — нібы насуперак модзе на імклівасць, гэткая класічная схема стасункаў. Фундамент для будучай сям'і быў закладзены амаль 10 гадоў таму, калі Юлія вяла навіны на СТБ, а Уладзімір узначальваў дырэкцыю тэлеканала «РТР-Беларусь» — абодва каналы размяшчаліся ў адным будынку, таму іх супрацоўнікі сустракаліся часта. Зрэшты, яшчэ некалькі гадоў маладыя людзі прыглядаліся адно да аднаго, хадзілі на спатканні — і толькі пераканаўшыся ў сіле і трываласці пачуццяў, накіраваліся ў ЗАГС. Цяпер Юлія вядзе інфармацыйныя выпускі на «Беларусь 1», Уладзімір жа кіруе нацыянальным прадстаўніцтвам Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МІР».

— Вы ўсю дарогу — калегі, але не саслужыўцы. Гэта так супала або працаваць у розных структурах для вас прынцыпова?

— Так, гэта прынцыповая пазіцыя, — пагаджаецца Юлія Пярцова, — бо ўсё ж хочацца размежаваць сям'ю і працу. Безумоўна, здорава, што ў нас адна прафесія, — бо наконт асвятлення адной і той жа падзеі ў нас можа быць сваё меркаванне, і цікава ім падзяліцца, у нечым паспрачацца, а ў нечым спытаць парады. Я лічу мужа прафесіяналам сваёй справы і давяраю яго чуццю і ацэнкам. З іншага боку, часам не ўдаецца абстрагавацца ад працы, мы як тэлевізійнікі, бывае, яшчэ нейкі час не «пераключаемся» з асабліва важнай тэмы і нясём гэта ў сям'ю. Але стараемся часцей усё ж адпачываць і займацца ўласнымі справамі — напрыклад, налета наша дачка пойдзе ў школу, так што бацькоўскага клопату хапае.

Нават калі іхнія каналы выступаюць прамымі сапернікамі — скажам, у час прафесійнага конкурсу «Тэлевяршыня» — Пярцовы заўжды горача падтрымліваюць адно аднаго. «Калі я перамагаю, муж радуецца за мяне, і наадварот. Так што хваравітай канкурэнцыі ў нас няма, толькі здаровая», — смяецца Юлія.

А яшчэ сям'я стараецца, нягледзячы на працоўную загрузку, больш часу бавіць разам. У Пярцовых ёсць улюбёная традыцыя — падарожнічаць усім утраіх на аўто. «Калі гаворка пра выхадныя дні, то гэта паездкі па Беларусі — часта ездзім у Віцебск, які вельмі любім; калі ж наперадзе ўвесь водпуск, то збіраемся ў Італію, дзе нам заўжды ўтульна і камфортна, і там ужо шмат сяброў. Ездзім туды штогод, але кожны раз пракладваем новы маршрут, каб паглядзець розныя гарады і бліжэй пазнаёміцца з рознымі культурнымі традыцыямі».

Спатканне праз сацсеткі

Кіраўнік папулярнай праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!» Алена Дзяшкевіч і эканамічны аглядальнік АТН, вядучы праграм «Сфера інтарэсаў», «Навіны эканомікі», «Эканоміка дня» Сяргей Воляк у сценах Белтэлерадыёкампаніі амаль не перасякаліся, хоць Сяргей якраз у ранішнім «тэлебудзільніку» вёў эканамічную рубрыку. «Візуальна я, вядома, ведала, што ёсць такі вядучы, але думала чамусьці, што яго імя Павел, — відаць, па аналогіі з гумарыстам Пашам Волям, — прызнаецца Алена. — А наогул мы пазнаёміліся ў сацыяльных сетках. Спачатку «перасякаліся» ў нейкіх запісах, каментарыях, потым дадалі адно аднаго ў сябры, а далей ужо бліжэй пазнаёміліся ў жыцці — і ўсё...»

Насамрэч гэта «ўсё» ўключае не толькі гармонію і разуменне паміж Аленай і Сяргеем, але і сяброўства іх дзяцей ад мінулых шлюбаў. Цяпер іх пяцёра і яны адна сям'я, у якой няма ўстаноўкі «не вяртацца дома да тэмы працы».

— Безумоўна, людзям цікавей, дый прасцей быць разам, калі твая другая палавінка не проста выслухае твае рабочыя навіны, а зразумее і адчуе гэтыя рэчы на больш глыбокім, тонкім узроўні. Для нас гэта важна — абменьвацца меркаваннямі, калі мы глядзім перадачы беларускіх або замежных каналаў. Напэўна, у гэтым і ёсць адзін з сакрэтаў трывалай, паспяховай сям'і — нам заўжды цікава размаўляць адно з адным, дзяліцца прафесійнымі назіраннямі, у тым ліку пры дзецях і разам з дзецьмі, якія растуць у гэткай тэлевізійнай атмасферы і прызвычайваюцца выказваць і адстойваць свае думкі.

На працы Алене і Сяргею няма калі не тое што абмеркаваць бягучыя навіны, але і проста сустрэцца. «Добра, калі раз на месяц убачымся ў ліфце або ў калідоры», — жартуе тэлевізійная пара. Але калі выпадае перадышка, яны стараюцца належаць толькі сям'і і дзецям. Напрыклад, у Волякаў ёсць звычка падарожнічаць разам — а перад чарговай паездкай ладзіцца гульня, дзе кожны па чарзе прыгадвае факты і ўражанні ад мінулага падарожжа, і хто ўспомніць больш за ўсіх, той і выйграў. «Мы шмат смяёмся, згадваючы некаторыя моманты, і гэта гульня дазваляе не толькі ў думках наноў перажыць мінулыя вандроўкі, але і нам стаць бліжэй адно да аднаго», — з цеплынёй расказвае Алена Воляк.


А хто яшчэ?

  • Расійскі радыё- і тэлевядучы Ілья Коласаў, які ўжо больш як 1,5 года вядзе праграму «Контуры» на АНТ, перавёз у Мінск сваю сям'ю. А нядаўна яго жонка Алена Даннікава стала адной з вядучых аператыўнай крымінальнай хронікі «НЗ.by» на канале «НТБ-Беларусь».
  • Загадчык аддзела крымінальных навін АТН, вядучая «Зоны Х» Віялета Сакаловіч і палітычны аглядальнік АТН Сяргей Хамянтоўскі разам ужо больш як 12 гадоў.
  • Таксама ў Агенцтве тэленавін, якое калегі часам у жарт называюць «сямейнай кузняй», пазнаёміліся рэдактары аддзела крымінальных навін Сяргей Шуманскі і Карына Пашкова, службовы раман якіх лагічна завяршыўся вяселлем.

Насамрэч, вядома, гэта далёка не поўны спіс — на беларускім тэлебачанні ўтварыліся дзясяткі сем'яў. Як, зрэшты, і ў многіх іншых вялікіх кампаніях і арганізацыях, бо службовы раман — з'ява, якая не залежыць ад месца, часу і ўзросту...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота: прэс-служба БТРК і з асабістых архіваў герояў

Загаловак у газеце: Раман з кадрам

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пяць сясцёр ордэна маці Тэрэзы ратуюць бяздомных цэлага горада

Пяць сясцёр ордэна маці Тэрэзы ратуюць бяздомных цэлага горада

Яны жывуць у гомельскім Доме міласэрнасці і кожны дзень служаць Богу і людзям.

Грамадства

Ці дапамагае ранняе браніраванне скараціць выдаткі на летні адпачынак?

Ці дапамагае ранняе браніраванне скараціць выдаткі на летні адпачынак?

Прыемна сэканоміць лішнюю капейку. Асабліва на тым, без чаго можна абысціся, але так не хочацца, — адпачынку на моры ўлетку.

Грамадства

Да «хіміі» давялі аліменты

Да «хіміі» давялі аліменты

І гэтыя асуджаныя — жанчыны.