Вы тут

Чаму «халява» не спрацоўвае


Акурат у Дзень святога Валянціна, калі чакаеш нечага прыемнага і незвычайнага, я атрымала пісьмо на электронную пошту. Адрас адпраўшчыка быў абсалютна незнаёмы, але пачатак вельмі інтрыгаваў, таму ўзялася чытаць.


«Камплімент у гэты дзень для вас. Я наткнуўся на свой профіль і электронны кантакт пры пошуку шчырага знешняй асобы, які можа дапамагчы мне. Я пасылаю вам гэты ліст са слязамі, смутку і глыбокай эмацыянальнай болем у маім сэрцы. Я ведаю, што гэты ліст прыйдзе да вас, як здзіўленне, так як мы не ведалі, ці сустрэць адзін аднаго перад тым, улічваючы той факт, што я знайшоў ваш электронны кантакт праз Інтэрнэт у пошуках даверанай асобы, якое можа аказаць вялікую дапамогу мне.

Я Majok Джон Garang з Рэспублікі Судан, сын нябожчыка д-ра Джона Гаранг. Перад смерцю майго нябожчыка бацькі ў Угандзе на 31 ліпеня 2005 года ён быў віцэ-прэзідэнтам і былы лідэр паўстанцаў Судана і быў забіты прэзідэнт Судана Амар аль-Башыр у авіякатастрофе верталёта. Вы можаце прачытаць больш пра майго бацьку ў спасылцы ніжэй. Я вымушаны звязацца з вамі ў выніку дрэннага звароту, які быў для мяне, вынесеныя на маёй мачахі. Яна ўзяла казначэйства і ўласцівасці ўсіх майго нябожчыка бацькі і хацеў забіць мяне на некалькі выпадкі жыцця, але Бог выратаваў мяне ад сваіх злых участкаў, такім чынам, я выратаваўся. У той жа час, я хацеў бы паехаць у Еўропу, але яна схавацца ад майго пашпарта і іншыя каштоўныя дакументы. На шчасце, яна не пазнаць, дзе я трымаў файл майго бацькі, які утрымліваў важныя дакументы. Зараз я ў цяперашні час знаходжання ў Сенегал ў якасці бежанца ў адпаведнасці з Высокай камісіяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў».

Вось табе і «камплімент! Звычайнае «нігерыйскае пісьмо», адзін з распаўсюджаных відаў махлярства, пра які не ведае толькі лянівы. Атрымлівала такое «шчасце» не раз, і па-англійску, і па-руску. Выходзіць, махляры ўдасканальваюцца: убачыўшы беларускі дамен у адрасе, пішуць ужо на нашай мове. Як — іншая справа (у прыведзеных цытатах захаваная арфаграфія арыгінала). Але сэнс сумнай гісторыі беднага афрыканскага хлопца, якога пасля смерці бацькі затуркала і пазбавіла ўсяго злая мачаха, у агульных рысах зразумелы. Націснуўшы на жаль і спачуванне адрасата, махляр пачынае яго спакушаць. Маўляў, бацька пакінуў на захоўванне суму 9 мільёнаў 700 тысяч долараў у адным з лонданскіх банкаў, адкрыўшы дэпазіт на імя сына. Але ж бедны сын — бежанец, а пашпарт у мачахі, і, калі ёй паведаміць пра гэтыя грошы, яна іх забярэ. Таму бедны Джон прапануе мне стаць яго даверанай асобай. Пасля ён зменіць месца жыхарства на Беларусь і мы разам тыя грошы з англійскай сталіцы забяром. За гэтыя клопаты ён мне абяцае 20 працэнтаў ад сумы, а ўсе астатнія сродкі ён мае намер інвеставаць у найбольш паспяховыя прадпрыемствы Беларусі, якія я яму парэкамендую... Карацей, калі я клапачуся не толькі пра свой дабрабыт, але і дабрабыт сваёй краіны, я проста павінна напісаць Джону адказ, што я згодна, і тады ён мне прышле ўсе дадатковыя звесткі, якія мне спатрэбяцца ў гэтай нялёгкай, але высакароднай справе...

Я яму адказала. Маўляў, згодная толькі на 50 працэнтаў і ніяк не менш. Джон аказаўся шчодрым хлопцам і тут жа згадзіўся. Праўда, прыслаў нумар рахунка, на які я павінна перавесці 10 тысяч долараў, каб небарака змог выбрацца з Сенегала, дабрацца да Мінска і аформіць неабходныя дакументы. Апетыт Джона, варта сказаць, мяне расчараваў: 10 тысяч — зусім дробязь у параўнанні з без малога пяццю мільёнамі, якія ён мне абяцаў.

Каб атрымаць гэту суму, паводле сцэнарыя, я павінна прадаць апошняе, залезці ў даўгі, але знайсці і хуценька паслаць на рахунак яўна не беларускага банка тыя няшчасныя дзесяць тысяч...

На гэтым наша перапіска, вядома ж, скончылася (я і адказала на тое «пісьмо шчасця», каб даведацца, на якую першапачатковую суму разлічваюць махляры). Пакінула сябе без надзеі стаць доларавай мільянеркай, сваю краіну — без такіх патрэбных ёй інвестыцый, махляроў — з дуляй. Сяджу цяпер задаволеная і разважаю: як увогуле на такое можна купіцца? Зразумела ж, што падобныя пісьмы — звычайны развод на грошы. Якім дурнем трэба быць, каб увязацца ў гэту аферу, адправіўшы махлярам сваю асабістую інфармацыю ці, што ўвогуле ў галаве не ўкладваецца, — пералічыўшы на іх рахунак грошы...

Бізнес у махляроў вельмі прыбытковы, а грошы ім паступаюць з усяго свету. У ЗША, напрыклад, падлічылі, што агульная колькасць страт ад «нігерыйскай пошты» склала 100 мільёнаў долараў. І гэта пры тым, што ў свеце патрачана больш за пяць мільёнаў долараў толькі на інфармацыйную кампанію супраць афрыканскіх махляроў. Ды што амерыканцы — наіўныя дзівакі, якіх абдурыць не так складана. А вось чаму на гэты кручок каторы год трапляюцца спрадвеку асцярожныя беларусы? Здаецца, ужо і немаўля ведае, што пісьмы ад «удавы афрыканскага дыктатара» і СМС-паведамленні (а сёння махляры ўжо адпрацоўваюць і Вайбер) аб выйграным шыкоўным аўтамабілі — «ліпа», мэта якой — выцягуць з вас як мага больш грошай. У нас на сайце Міністэрства ўнутраных спраў у раздзеле «Злачынствы, ахвярамі якіх сталі грамадзяне», пра падобныя аферы расказваецца вельмі падрабязна, з канкрэтнымі прыкладамі, змешчаны нават магчымыя варыянты «нігерыйскіх пісьмаў». Чаму ж тады на гэтым самым сайце ў рубрыцы «Здарэнні» не часта, але пастаянна з'яўляюцца паведамленні аб чарговай ахвяры падобных махлярстваў? (Здаецца, восенню была на слыху гісторыя жанчыны, якая пералічыла кругленькую суму на дарогу «багатаму нашчадку мільёнаў», які, акрамя працэнтаў, абяцаў ёй яшчэ руку і сэрца.) Што нам у пэўны момант засцілае вочы і розум?

Мяркую, звычайная чалавечая сквапнасць. Як толькі замаячыць на гарызонце саладзейшае за халву чароўнае слова «халява», мозг проста адключаецца, пачынаюць дзейнічаць інстынкты. Такое здараецца з усімі, святых сярод людзей няма. Але ў кагосьці гэта праходзіць за імгненні, а ў некага становіцца мэтай жыцця. Вось тады і пачынаецца перапіска з суданскім сіратой, які абяцае мільёны долараў. Або забег па супермаркеце і змятанне з паліц усіх акцыйных тавараў (нярэдка зусім не патрэбных), бо яны ўдзельнічаюць у розыгрышы машыны або кватэры. Прынцыповай розніцы паміж адным і другім ніякай, бо матывацыя аднолькавая: як, уклаўшы дробязь (ці фактычна зусім нічога), атрымаць у разы, у дзясяткі разоў больш.

Пасля, падлічваючы страты і давячыся нясмачным шакаладам (кватэру не выйгралі, а ён жа — дзесяць плітак — усю паліцу займае), пачынаем Усявышняму або лёсу задаваць пытанні «чаму?» і «за што?». Нібы ніколі дагэтуль не чулі і не ведалі, што кожнаму — па яго ўласных справах. І па яго ўласным выбары.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Салодкі воцат

Каментары

Асабіста я, калі бачу ў электроннай пошце альбо сацыяльных сетках незнаёмы падазроны адрас ці імя адпраўшчыка, адразу адпраўляю тое напісанае ў спам альбо чорны спіс. І мне нецікава, што там. Бо гэта можа быць не "бяскрыўдны" "нігерыйскі ліст", а вірус, які пакладзе ўсё, што "нажито непосильным трудом"! Таму раю і Вам, Алена, быць больш абачлівай у такіх сітуацыях...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.