Вы тут

Кароткія рэкамендацыі тым, хто сёлета вырашыў стаць журналістам


«Я Расолька Сяргей Уладзіміравіч, рэдактар аддзела газеты «Звязда», адзін з куратараў маладзёжнага дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена». Дасланы матэрыял па тэматыцы якраз для яго. Дадатак выходзіць двойчы на месяц...» Вы ведаеце, колькі разоў за апошнія пяць гадоў менавіта так я пачынаў электронныя лісты да тых маладых людзей, якія марылі стаць журналістамі? Іх атрымлівалі і многія цяперашнія выпускнікі журфака, на іх разлічваюць і сённяшнія абітурыенты. Але, пагадзіцеся, напісаць ці пазваніць літаральна кожнаму асабіста немагчыма фізічна. Таму мы вырашылі ўвесці ў дадатку новую рубрыку, у якой пастараемся даваць кароткія рэкамендацыі тым, хто сёлета вырашыў спраўдзіць сваю мару — стаць журналістам. Пра тое, што наперадзе гарачая пара паступлення, сведчыць традыцыйны штогадовы ўсплёск зваротаў у рэдакцыю цяперашніх выпускнікоў школ.


«Піша вам будучы журналіст...» Смелая заява, якую тым не менш лепш адразу падмацаваць справай. Напрыклад, пералікам тэм, якія аўтар хацеў бы прапанаваць ад сябе. Або, што яшчэ лепш, ужо напісаным матэрыялам, каб можна было скласці першаснае ўяўленне пра творцу і даць яму нейкія парады. Адкуль нам вядома, чым захапляецца і ў якіх сферах мае досвед наш адрасант? За рэдкім жа выключэннем далей чытаем нешта накшталт таго, што аўтар гатовы выконваць розныя заданні рэдакцыі і пісаць на любыя тэмы... Зноў жа смелае для школьніка выказванне, але нічым не падмацаванае.

Праблема тут бачыцца вось у чым. Малады чалавек у большасці выпадкаў у апошні момант вырашыў, што будзе паступаць менавіта на журфак. Адсюль, магчыма, і не поўнае валоданне сітуацыяй і гэтая няўпэўненасць у сабе, якая хаваецца за паказной смеласцю. Справа ў тым, што звяртацца ў газету трэба было не зараз, а год, два ці нават тры таму. А перад гэтым запісацца ў гурток журналістыкі пры сваёй школе ці доме творчасці, каб атрымаць першасныя веды пра жанры, пра саму прафесію. Усё ж «проба пяра» для газеты — гэта не зусім тое, што школьны рэферат ці сачыненне. Залішніх патрабаванняў да аўтара, канешне, прад'яўляць ніхто не будзе, але «планка» для газетных публікацый усё ж значна вышэйшая. Але паспрабуем дапамагчы і тым, хто спяшаецца ўскочыць у «апошні вагон».

Найперш пра самае дзіўнае (ці недарэчнае), з чым даводзіцца сутыкацца пры стасунках з маладымі аўтарамі. Многія з іх незнаёмыя ці амаль незнаёмыя... з газетай, у якую пішуць. Прынамсі пра гэта сведчаць звароты юных аўтараў на рускай мове. Не раз былі выпадкі, калі абітурыенты звярталіся ў рэдакцыю з просьбай падказаць, калі надрукавалі іх публікацыю, ці ўвогуле — папрасіць той самы нумар газеты. І ў іх ліку былі тыя, хто збіраўся паступаць на спецыяльнасць «Друкаваныя СМІ»! Вы можаце ўявіць сабе сітуацыю, калі чалавек хоча стаць кухарам, але пры гэтым прынцыпова не заглядвае ў рэцэптурныя даведнікі? А імкнуцца ў будучым працаваць у газеце, не чытаючы яе зараз, выходзіць, можна?..

У гэтым выпадку звяртаюся не столькі да саміх абітурыентаў, колькі да іх бацькоў, настаўнікаў, кіраўнікоў гурткоў. Будучыя студэнты, на наш погляд, проста абавязаны рэгулярна трымаць у руках друкаваны варыянт газеты! Найлепшае выйсце для іх — падпісацца, а не праглядаць зрэдку нумар у школьнай бібліятэцы ці на занятках у гуртку. Як вы думаеце, якія пытанні найбольш імаверна прагучаць ад членаў прыёмнай камісіі, калі яны даведаюцца, што патэнцыяльны студэнт друкаваўся ў маладзёжным дадатку «Звязды» «Чырвонка. Чырвоная змена»? Канешне, пра тое, якіх аўтараў ён памятае, на якія тэмы яны пісалі, які матэрыял канкрэтна яму найбольш запомніўся. Як думаеце, прэтэндэнт на студэнцкі білет зможа бліскуча на іх адказаць? Зноў жа, можна будзе без праблем скласці ўласнае партфоліа творчых работ для паступлення, а не ехаць, як было неаднаразова, з іншага горада ў сталіцу, каб завізіраваць у рэдакцыі ксеракопію газетнай старонкі. Занатавалі? Працягнем наступны раз. Калі ёсць пытанні, задавайце.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Код доступу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.