Вы тут

Мінская школьніца заваёўвае подыум


У восьмым класе дзяўчаты на ўроках працоўнага навучання звычайна шыюць пасцельную бялізну. 14-гадовая Аляксандра КАЗЛОЎСКАЯ тым часам стварае моднае адзенне. У яе скарбонцы — трэцяе месца на «Млыне моды 2016», перамога ў конкурсе Вячаслава Зайцава «Губернскі стыль», узнагарода «Дэбют года» на Estet Fashіon Week у Маскве. А ў студзені калекцыя Аляксандры патрапіла на подыум у Харбін (Кітай). Пра інтуіцыю на тэндэнцыі і дызайнераў, якія яе натхняюць, юны мадэльер расказала карэспандэнту «Чырвонкі. Чырвонай змены».


Спадніца, як у Шанэль

Сашына майстэрня займае адзін з пакояў у кватэры. Мама Алена, калі заўважыла талент дачкі, пагадзілася аддаць ёй для творчасці прасторную залу. На паліцах — рулоны тканіны, па тэлевізары — трансляцыя модных паказаў, на вешалках — уборы Сашынага дызайну.

— З шасці гадоў я шыла цацкі, простае адзенне для лялек, — расказвае вучаніца 20-й сярэдняй школы Мінска. — А ў 11 гадоў зрабіла першую сукенку для сябе. Убачыла тканіну, якая мне спадабалася, без інтэрнэту прыдумала фасон — складаны, з каўнерыкам, манжэтамі. Ніякіх выкраек: усё рабіла на вока, дзесьці падразала сукенку проста на сабе. Атрымалася не па правілах, але вельмі цікава.

Карыстацца швейнай машынкай Аляксандру навучыла мама. А ў 12 гадоў школьніца пайшла на складаныя курсы кройкі і шыцця. «Мне прыйшлося яшчэ ўгаворваць, каб яе ўзялі, даказвала, што дзіця не з нуля пачынае», — успамінае Алена.

Як толькі ёсць вольны час, Аляксандра замалёўвае ідэі і шые адзенне. Увечары можа паскардзіцца, што няма чаго надзець у школу, і ўжо назаўтра ідзе на заняткі ў новай сукенцы. Нескладаную рэч — тыя ж штаны, спадніцу — дзяўчына паспявае зрабіць за чатыры гадзіны. Апошняе, што пашыла для сябе, — камізэлька з фіялетавага аксаміту пад пінжак.

Любімыя Сашыны дызайнеры — Вячаслаў Зайцаў, Карл Лагерфельд, Како Шанэль, Дэні Дзюран. Знаёмства з вядомымі куцюр'е вельмі ўплывае на яе творчасць. Так, пасля сустрэчы з Дзюранам (калі ён прадстаўляў калекцыю святочных сукенак у Мірскім замку) дзяўчына стварыла свае першыя вячэрнія ўборы.

Аляксандра, як аказалася, умее ўгадваць тэндэнцыі. Пару гадоў таму яна захацела пашыць ранец. Выбрала тканіну ў вельмі дробную клетку (хоць мама адгаворвала: ёй матэрыял не спадабаўся). З яе, акрамя ранца, дзяўчына зрабіла яшчэ доўгую спадніцу, гальштук-бабачку і пульсэткі. Літаральна праз некалькі тыдняў убачыла паказ Шанэль: у новай калекцыі тканіна была адзін у адзін, як у яе! А на мадэлях — даўгія спадніцы, пульсэткі і сумкі ў колер адзення.

І гэта не адзінае Сашына пападанне. Быў яшчэ пінжак з цёмна-фіялетавай тканіны ў палоску, як у Раберта Кавалі, лёгкае паліто ў ружы — праз год падобнае выпусціў на подыум брэнд Dolce&Gabbana. Што будзе ў модзе гэтай вясной, Аляксандра яшчэ не задумвалася. Але цяпер яна працуе з карункамі — верагодна, іх і варта ўзяць на заметку модніцам.

Строі для крытыка

Удзельнічаць у конкурсах і паказах Аляксандра пачала год таму. Пашыць калекцыю, аплаціць праезд, пражыванне, а часам і сам удзел — зразумела, усё гэта патрабуе фінансавых затрат. Але мама школьніцы ўпэўнена: конкурсы патрэбны для развіцця.

— Калі бацькі разумеюць, што расце чэмпіён, ім ужо няма куды дзявацца, яны абавязаны яго ўсюды прадстаўляць, наймаць добрага трэнера. Так і тут. Проста так ты не паставіш сабе задачу зрабіць нешта складанае і эфектнае. Будзеш шыць звычайныя маечкі. Конкурсы — гэта практыка, карысныя знаёмствы, — лічыць Алена.

Пасля паказаў калекцыі не прадаюць. Усе ўборы Саша з мамай носяць па чарзе.

— А мама капрызны заказчык?

— Яна строгі крытык, — усміхаецца школьніца. — Калі нешта будзе зроблена няякасна, абавязкова ўкажа на памылкі. Хочацца ўразіць яе, таму ўдасканальваюся.

Самой Аляксандры падабаецца класічны стыль. Калі пытаюся, якая з пашытых рэчаў любімая, кажа, што ўсе. «Як толькі трэба некуды выходзіць увечары, нават не ведаю, што надзець». У крамах дзяўчына набывае толькі звычайныя майкі і джынсы, на пашыў якіх ёй не хочацца марнаваць свой час.

— А я ўжо год не купляла сабе ніводнай сукенкі і блузкі, — дадае Алена. — У мяне ўвесь час пытаюцца: «Гэта Сашка пашыла?» Летам яна для мяне зрабіла вельмі прыгожую паўсядзённую сукенку — напэўна, знаёмыя кожны дзень мяне ў ёй бачылі. А для мяне гэта яшчэ і нагода пахваліцца дачкой.

Цяпер Аляксандра думае над новай калекцыяй. Плануе прадставіць яе ўжо вясной. Падрабязнасцяў юны дызайнер не раскрывае, але абяцае ўсіх здзівіць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Першую сукенку пашыла ў 11»

Каментары

Маладчына!!!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».