Вы тут

Асноўны інстынкт


«Я зразумела цябе і не буду раздуваць з мухі слана, робячы згубныя для нашых адносін высновы. Подпіс: ні адна жанчына ў свеце». Аднак вітаю вас, шаноўнае спадарства. Як вы ўжо, мабыць, здагадаліся, сёння гаворка пойдзе пра тое, чаго хоча (ці думае, што хоча, або хоча думаць) жанчына і як яна таго дабіваецца. Вось толькі не трэба ўсміхацца. Я не настолькі наіўны, каб не разумець, што спасцігнуць гэтую таямніцу не можа ні адзін мужчына ў свеце. («Існуе міф, што калі жанчыну не крыўдзіць, дык яна і не пакрыўдзіцца».) Але ж ёсць сярод нас такія няўрымслівыя і бясстрашныя людзі, як даследчыкі (мне падаецца цалкам лагічным, што прадстаўніц прыгожага полу найперш вывучаюць нашчадкі Адама, інакш які сэнс станавіцца навукоўцам у гэтай сферы?). Вось хто сапраўды наіўны, дык гэта яны: думаюць, што змогуць знайсці нейкі код. («Дзяўчына становіцца сапраўднай жанчынай, калі ўпершыню кажа свайму сужэнцу: «Гэта добры пакет, не выкідвай».)


Пра бясстрашнасць я невыпадкова згадаў. («—Ты хоць бы раз пярэчыў жонцы? — Канешне! Хочаш, шрам пакажу?») Вось, напрыклад, вучоныя з ЗША падлічылі, колькі разоў за жыццё ў жанчын... змяняецца памер адзення. Не, для прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва памяняць некалькі разоў за раніцу строі — абсалютна нармальная з'ява. («Божухна! Як жа складана быць жанчынай... Вырашыла абуць іншыя туфлі — давялося нават сподняе пераапранаць!») Але намякаць на памер... («Сёння была на рынку. Даведалася, што ў нас ёсць усяго тры памеры адзення: «на вас», «не на вас» і «трэба прымяраць».) Карацей кажучы, навукоўцы падлічылі, што ў сярэднім цягам жыцця жанчыны мяняюць яго 31 раз. Сярод прычын, якія ўплываюць на гэтыя змяненні, былі названы замужжа, цяжарнасць, страта родных. Не абышлося і без уплыву свят, падчас якіх добраахвотнікі з даследавання елі шмат смачнай і часта шкоднай ежы. («— Скажы мне мае любімыя словы! — Смачна есці!») Многім знаёма, праўда? («Пайшла на кухню заварыць гарбаткі, даела міску аліўе».) Ціха-ціха, гэта не я, а навукоўцы кажуць! («Тыя, хто гавораць, што ноччу нельга есці, няхай паспрабуюць растлумачыць, для чаго прыдумалі святло ў халадзільніку».) Мы ж з вамі дакладна ведаем, што гэта не так. Ну, ці амаль не так... («Я моцная, я адказная, я валявая, я ўпэўненая, я дзёрзкая, я яшчэ пяць хвілін паляжу і ўстану...») Дарэчы, даследчыкі высветлілі, што мужчыны мяняюць памер адзення прыкладна 24 разы за жыццё.

Мы набіраем вагу часцей за ўсё тады, калі ўзнікаюць праблемы на рабоце.

Апроч іншага многія добраахвотнікі з таго даследавання прызналіся, што ў іх у шафах вісіць адзенне не па памеры, але яны спадзяюцца калі-небудзь пахудзець для яго. («Перад чарговым сезонам перамерала ўсё з шафы. Налезлі толькі пацеркі».) Зрэшты, як мы ведаем, шмат адзення ў нашых чараўніц можа быць зусім не з прычыны неадпаведных памераў, так? («Маю дзяўчыну завуць Анжэла, але яна адгукаецца толькі на «Куплю».) Гэта яшчэ адзін з мілых жаночых асноўных інстынктаў — шопінг. Ведаючы пра яго, іншым разам і мы ім можам скарыстацца з карысцю для сябе. («— Купіў жонцы новае футра. Яна ўжо другі тыдзень маўчыць. — Што, не спадабалася? — Такой была ўмова!»)

А наконт адзення, што чакае свайго часу, дык тое можа быць праўдай. Гэта нядаўна даказала 52-гадовая расійская спявачка Алена Апіна з колішняй папулярнай групы «Камбінацыя». Яна, як той казаў, успомніла маладосць. («Прыйшла раней часу з начной змены дадому і ўбачыла напаўаголеную дзяўчыну, што выйшла з ваннага пакоя. Пракруціла ў галаве ўсяго тры думкі: сын пасталеў, муж аф...ў ці дзед паверыў у сябе?») Апіна знялася ў эратычным кліпе на песню «Блізкасць», прадэманстраваўшы не толькі выдатную фігуру, але і позы, і адзенне, што выклікалі спрэчку сярод карыстальнікаў сеціва наконт адпаведнасці паводзін спявачкі яе ўзросту. Як нехта трапна заўважаў: гэта ўжо не «Камбінацыя» — гэта бюстгальтары, стрынгі, панчошкі... Кажуць, на такі эпатаж спявачку справакавала расставанне з мужам, з якім Апіна паспела адсвяткаваць сярэбранае вяселле. Ведаеце, гэта такі новы своеасаблівы трэнд часу, вынайдзены жанчынамі, такі новы «асноўны інстынкт»: у любой незразумелай сітуацыі — скідай адзенне. 

«Маці вучыць маладую дачку: «Калі што будзе не так з мужам, адразу пачынай або плакаць, або распранацца».

Гэты трэнд зноў жа нядаўна пацвердзіла яшчэ адна расійская спявачка Глюкоза. («П'яная шахматыстка прыпаўзла дадому на карачках, сцвярджаючы, што каралева як хоча, так і ходзіць».) Яна рэгулярна выкладвала ў сеціве свае фотаздымкі з адпачынку, дзе найчасцей пазіравала ў купальніку і часам — павярнуўшыся да камеры задам. Многім падпісчыкам гэты акцэнт на стройных нагах і пругкай «пятай кропцы» не спадабаўся, пра што яны з абурэннем і паведамілі ў каментарыях. Што зрабіла ў адказ Глюкоза, здагадаліся? Яна пачала выкладваць яшчэ больш фотак сябе любімай і асобна той часткі цела, якая адразу пасля спіны губляе сваю ганарлівую назву. Атрымалася па прынцыпе «ўсіх не вітаю»...

Прыхільнікі спявачкі, магчыма, не мелі рацыі. Але і Глюкоза магла б стрымацца. Бо ёсць такі анекдот: «Спускаешся ты такі па лесвіцы, а яна — сацыяльная». І пра гэта варта памятаць.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.