Вы тут

Гаймарыт можа ўзнікнуць з-за кропляў?


Насмарк, закладзенасць носа, галаўны боль — кожнаму дзясятаму знаёмы праявы гэтага захворвання.

Прастуду многія пераносяць на нагах, бо ўпэўнены, што гэта не такая ўжо і праблема. Падумаеш, пераахалоджванне... Аднак пераахалоджванне вінаватае толькі ў тым, што аслабіла імунітэт, а ў аснове прастуды ў любым выпадку — вірусы. Рынавірусы, каранавірусы, вірусы парагрыпу, іх вельмі шмат. Трапляючы ў арганізм, яны імкліва размнажаюцца, выклікаючы галаўны боль, насмарк, кашаль, боль у горле і павышэнне тэмпературы. Да віруснай інфекцыі нярэдка далучаецца і бактэрыяльная, а гэта пагражае ўжо захворваннямі больш сур'ёзнымі.


Гаймарыт — самы часты вынік прастуды. Унутры пазухі носа пачынаецца запаленне, якое спачатку выклікаюць вірусы, а пасля і бактэрыі. Вось чаму калі насмарк не прайшоў праз 7—10 дзён, неабходна абавязкова паказацца отарыналарынголагу.

— Прычынай гаймарыту ў першую чаргу з'яўляецца вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя, для якой характэрнае запаленне насаглоткі, хваравітае патаўшчэнне слізістай і моцны насмарк. Слізь назапашваецца ў пазухах, і з-за вялікай колькасці бактэрый пачынаецца запаленне, — адзначае ўрач-отарыналарынголаг 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў Любоў ПЯТРОВА. — Але размова можа ісці і пра ўскладненне алергічнага сінусіту. Пры працяглым кантакце з алергенам запаленне слізістай носа перашкаджае выхаду слізі з пазух. Такі гаймарыт можа напаткаць пераважна восенню і вясной, у самы алергенны час. Узнікае гэта захворванне і з прычыны нялечаных карыёзных зубоў на верхняй сківіцы, на мяжы з гаймаравай пазухай.

Западозрыць праблему можна не толькі па традыцыйных прыкметах, але і па моцным сухім кашлі або праблемах з вачамі — ацёках, кан'юнктывіце, зніжэнні нюху, болі ў зубах, што блізка да носа (крыху вышэй клыкоў), цяжары ў галаве. Калі гэта цягнецца больш за два тыдні, а таксама паднімаецца тэмпература звыш 38,5, трэба ісці да лор-урача, які ставіць дыягназ падчас агляду, але для поўнай карціны можа спатрэбіцца і рэнтген. Запушчаны гаймарыт пагражае менінгітам і энцэфалітам, бо гаймаравыя пазухі ад галаўнога мозга аддзяляе тонкая касцявая перагародка таўшчынёй 0,5—1 мм.

Сапраўдная прычына гаймарыту — наша няўважлівае стаўленне да свайго здароўя. З самага пачатку захворвання, пры першых прыкметах насмарку, мы заспакойваем сябе: само пройдзе. Калі стан не паляпшаецца, купляем сасудазвужальныя кроплі (якія так шырока рэкламуюцца!). Яны даюць часовы эфект палёгкі, але выздараўленню не спрыяюць. Знімаючы ацёк за кошт звужэння сасудаў, яны парушаюць самаачышчэнне слізістай і аслабляюць мясцовы імунітэт, бо клеткі імуннай сістэмы дастаўляюцца з крывёй у месца запалення. Так і развіваецца сінусіт або гаймарыт.

Каб гэтага пазбегнуць, тэрмінова звярніцеся да ўрача, калі з вамі адбываецца нешта з ніжэйпералічанага.

  • Была прастуда або грып. Вірусы парушаюць работу імунітэту і адчыняюць вароты для бактэрыяльнай інфекцыі.
  • Працяглыя, больш за тыдзень, выдзяленні з носа. Яны могуць быць празрыстымі, але калі сталі мутнымі, значыць, далучылася бактэрыяльная інфекцыя.
  • Нос моцна закладзены. Лежачы на баку, немагчыма дыхаць носам, нават адной ноздрай.
  • З'явіліся слабасць, стомленасць, адсутнічае апетыт.
  • Галаўны боль з раніцы, які ўзмацняецца да вечара. Боль у вобласці лба і пераносся пры нахіле наперад. Калі боль захоўваецца ў вертыкальным становішчы, значыць, гаймарыт у вострай стадыі.
  • Павышэнне тэмпературы да 38 градусаў.

Галоўная прычына гаймарыту — застой вадкасці — вырашаецца з дапамогай прыродных сродкаў. І толькі калі пры падобнай тэрапіі палёгкі не будзе, урач прызначыць антыбіётыкі. У любым выпадку неабходна памятаць аб проціпаказаннях.

Гаймарыт нярэдка становіцца хранічным у людзей са скрыўленай насавой перагародкай. Дэфект перашкаджае адтоку слізі з пазух і стварае ўмовы для вяртання праблемы. Тады неабходна хірургічнае ўмяшанне.

Хранічным працэс становіцца і пры самалячэнні. Калі пры гаймарыце не аднавіць адток слізі, то не дапамогуць і самыя моцныя антыбактэрыяльныя сродкі. Патрабуецца мясцовае лячэнне — уздзеянне на слізістую і пазухі. Павінны прымяняцца сасудазвужальныя кроплі, супрацьзапаленчыя спрэі, прамыванні носа і пазух, фізіяпрацэдуры.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.