Вы тут

Ці выйсце — праводзіць аптымізацыю за кошт патрэб сельскіх жыхароў?


Я і сёння помню тыя радасныя пачуцці, калі мая родная вёска, што на Лідчыне, трапіла ў дзяржаўную праграму па стварэнні аграгарадкоў. У кароткі час у Мажэйкаве вырасла некалькі шматпавярховікаў, з'явілася сучасная амбулаторыя, адчыніліся аптэкі, камбінат бытавых паслуг, перажыў рэканструкцыю дзіцячы садок, сельскі клуб ператварыўся ў Дом культуры, асартымент у вясковых крамах не саступаў гарадскім універмагам...


Та­кі вы­гляд Ма­жэй­каў­ская ся­рэд­няя шко­ла  на­бы­ла пад­час ажыц­цяў­лен­ня дзяр­жаў­най пра­гра­мы па ад­ра­джэн­ні ся­ла.

А самае галоўнае, поўнасцю змянілася школа. У яе рэканструкцыі прымалі ўдзел ці не ўсе сяльчане. Мы, тады падлеткі, так хацелі першага верасня сесці за новыя парты, што нават на канікулах разграбалі смецце, садзілі клумбы, мылі вокны... І літаральна за тры месяцы, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, у нас з'явілася абсалютна новая школа, дзе не было нават ніводнага старога крэсла. Як цяпер помню, калі на наступнае лета ў школе сустракалі кітайскую дэлегацыю, нам сказалі, што такімі ўмовамі можа пахваліцца не кожная сталічная гімназія.

Мясцовыя жыхары не маглі нарадавацца. Каб набыць неабходную рэч або скарыстацца той ці іншай паслугай, ужо не трэба было ехаць у горад. Пабудаванае жыллё, створаныя працоўныя месцы, а таксама развітая інфраструктура прывабілі і гараджан, якія даўно марылі пераехаць у вёску. У Мажэйкаве з задавальненнем заставаліся пасля размеркавання маладыя спецыялісты. Адным словам, стаўшы аграгарадком, вёска ажыла.

Гатовы пераплачваць

З таго часу прайшло амаль 12 гадоў. Здавалася, у дзіцячы садок і школку павінна было прыйсці новае пакаленне жыхароў Мажэйкава. Але першакласнікаў з кожным годам становіцца ўсё менш. Моладзь у аграгарадку пабачыш бадай толькі ў летні перыяд — яна збіраецца на бацькоўскіх палетках, каб адпачыць ад гарадской мітусні. Некаторыя, каб мець больш-менш прыстойны заробак, штодзень вымушаны пераадольваць па 60 кіламетраў — менавіта столькі да райцэнтра і назад. Іншыя ж віруюць па мажэйкаўскіх прасторах — ад дома да працы, ад працы да крамы...

Аб тым, што неўзабаве пунктаў на гэтым звыклым для мясцовых жыхароў маршруце можа стаць значна менш, выпадкова даведалася ад бацькоў. З болем у сэрцы яны расказвалі мне (як дачцэ, а не як карэспандэнту рэспубліканскай газеты) пра апошнія навіны. Але журналісцкая неабыякавасць перамагла, і раніцай наступнага дня я выправілася, так бы мовіць, у разведку.

...У краме прамысловых тавараў даволі шматлюдна, нягледзячы на тое, што на календары — нядзеля. Людзі выходзяць са сваіх хат, каб зрабіць неабходныя пакупкі: іншага выйсця няма, бо ў лепшым выпадку большасць з іх у краму трапіць праз тыдзень. Справа ў тым, што працуе яна з дванаццаці да трох дня — якраз тады, калі большасць жыхароў на рабоце. Не ў кожнага ёсць магчымасць выскачыць падчас абедзеннага перапынку. Вось і спяшаюцца па патрэбныя рэчы на выхадных.

За 20 хвілін, пакуль я вывучала асартымент, у краму завітала з дзясятак чалавек. Хто набываў сродкі гігіены, хто — бытавую хімію. Матуля з дачкой-падлеткам забеглі, каб выбраць знаёмай падарунак. Напалову апусцелі паліцы з посудам ды бялізнай, і нават тахта «паехала» ў кватэру вяскоўцаў. А яшчэ летась краму хацелі закрыць!

— Наша прадукцыя карыстаецца попытам у мясцовых жыхароў, — быццам прачытаўшы мае думкі, кажа загадчыца і прадавец прамысловай крамы Лідзія Стасюкевіч. — Прычым людзі гатовы плаціць і за надбаўку, якая з-за транспартных выдаткаў уваходзіць у кошт тавару. Нават тыя, хто рэгулярна ездзіць у горад, нярэдка прыходзяць сюды. А што ўжо казаць пра жыхароў, для якіх наша крама — адзіная магчымасць набыць неабходную ў хатняй гаспадарцы рэч.

Як лічыць адна з пакупніц, вяскоўцы сёння абмежаваны ў сваім выбары. «Я сёння набыла б памперсы для ўнучкі, але іх няма, — прызнаецца Ірына. — Таксама скончыўся пральны парашок, але той, які ёсць, мне не падыходзіць».

Сапраўды, асартымент крамы пакідае жадаць лепшага. Праўда, некаторыя тавары можна заказаць па каталогу — і іх сюды даставяць. У прыватнасці, гэта датычыцца мэблі, якую можна набыць з беспрацэнтнай растэрміноўкай. Для вясковага жыхара, які не можа пахваліцца вялікім заробкам, — гэта выйсце. Людзі гатовы заплюшчыць вочы на невялікі асартымент і нават на графік работы прамысловай крамы — галоўнае, каб яна была.

У аг­ра­га­рад­ку зна­хо­дзіц­ца ся­дзі­ба XІX ста­год­дзя.  Сён­ня ў га­лоў­ным аб'­ек­це ар­хі­тэк­тур­на­га ан­самб­ля — ся­дзіб­ным до­ме — сель­скі Са­вет і біб­лі­я­тэ­ка.

Хварэць — па раскладзе?

Сёння, каб заплаціць за камунальныя паслугі або зрабіць іншыя плацяжы, жыхары Мажэйкава вымушаны адпрошвацца з работы, а насельніцтва іншых вёсак — затрачваць на паход у ашчадную касу ледзь не паўдня. Справа ў тым, што адзіная ашчадкаса працуе толькі тры дні на тыдзень. Адсюль — і вялікая чарга. А між іншым, у аграгарадку сёння пражывае каля 700 жыхароў. І гэта калі не ўлічваць насельніцтва навакольных вёсак, якія адносяцца да Мажэйкаўскага сельсавета.

— Ходзяць чуткі, што ашчадную касу ўвогуле плануюць закрыць, а аплата камунальных паслуг і іншых плацяжоў будзе ажыццяўляцца праз тэрмінал, — расказвае мясцовая жыхарка Алена. — А як жа быць пенсіянерам, якія атрымліваюць пенсію наяўнымі грашыма і ўвогуле не маюць разумення, як абыходзіцца з банкаўскімі карткамі? Ці растлумачыць штосьці тэрмінал, калі раптам у вясковага чалавека ўзнікне пытанне?

Незадаволены жыхары Мажэйкава і графікам работы аптэкі. Набыць лекі тут можна толькі тры разы на тыдзень, і то ў вызначаны час. Вядома, раніцай можна дабрацца да райцэнтра, але і транспарт тут ходзіць не як у горадзе. А што рабіць у выпадку высокай тэмпературы? І ці выручыць уласны аўтамабіль (нагадаю, дарога да райцэнтра — 30 кіламетраў), калі раптам укусіла пчала і тэрмінова неабходны проціалергічны прэпарат?

Карыстальнікаў менш не стала

Лазня ў зімовы перыяд у аграгарадку ўвогуле зачынена. Для жыхароў прыватнага сектара — праблема не малая. Добра, калі ў шматпавярховіках жывуць сваякі або знаёмыя.

Комплексны прыёмны пункт, або Дом быту, як называюць яго вяскоўцы, да нядаўняга часу працаваў у штатным рэжыме. Мясцовыя жыхары рэгулярна прыходзілі да швачкі-майстрыхі: то адрамантаваць паліто, то паправіць у куртцы замочак, то пашыць пасцельную бялізну, набіць на абцасах набойкі... Прызнацца, і я, наведваючы бацькоў, неаднойчы заходзіла сюды: то штаны пакараціць, то сукенку ўшыць. У сталіцы на гэта ніколі не хапае часу, а тут і хутка, і нядорага, а самае галоўнае — якасна і прыгожа.

— Прыйшоўшы да нас па канкрэтную паслугу, чалавек можа набыць і неабходную ў гаспадарцы рэч, — расказвае прыёмшчыца заказаў Ірына Жаўнерчык. — Карыстаюцца попытам і рытуальныя паслугі.

І ўсё было б добра, каб не адно «але». Прыёмшчыцу заказаў, якая тут і прадавец, і швачка, і грузчык у адной асобе, перавялі на паўстаўкі. І гэта пры ўсім тым, што карыстальнікаў паслугамі не становіцца менш.

Аказваецца, камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству па абслугоўванні сельскага насельніцтва «Лідабытсэрвіс», які з'яўляецца ўласнікам комплекснага прыёмнага пункта ў Мажэйкаве, проста нявыгадна ацяпляць памяшканне. У выніку прыёмшчыца працуе ў не зусім прыдатных умовах, паколькі галаўная арганізацыя вымушана была адмовіцца ад цэнтральнага ацяплення.

Ця­пер комп­лекс­ны  пры­ём­ны пункт пра­цуе  па ін­шым гра­фі­ку...

Аб'яднаць не значыць закрыць

І апошняе. З кожным годам у той прыгожай мажэйкаўскай школцы, пра якую я расказвала напачатку, а таксама ў дзіцячым садку дзяцей становіцца ўсё менш. Вось і перажываюць бацькі, што садок аб'яднаюць са школай.

Такія прыклады ў рэгіёне ўжо ёсць, і гэта нармальная практыка пры недастатковай колькасці выхаванцаў. Але, на думку бацькоў, перавесці дзіцячы садок у школу — не варыянт, бо там няма адпаведных умоў. І яны маюць рацыю. Як дзеці будуць спаць, калі на калідоры падчас перапынку шумяць школьнікі? Ды і званок, які паведамляе аб пачатку і заканчэнні ўрока, часам спрацоўвае мацней, чым будзільнік. А як быць са сталоўкай або прыбіральняй, разлічанымі на больш дарослых дзяцей?

— Што датычыцца аб'яднання навучальных устаноў у аграгарадку Мажэйкаве, на сённяшні час гэта пытанне разглядаецца толькі на тэарэтычным узроўні, — адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр КАДЛУБАЙ. — На сённяшні дзень у Мажэйкаўскай сярэдняй школе навучаецца менш як 70 вучняў, а ў спісе выхаванцаў дзіцячага садка значыцца каля 20 дзяцей. На будучы год па аб'ектыўных прычынах гэтыя лічбы будуць памяншацца. Вось і ўзнімаецца пытанне аб аб'яднанні ўстаноў у вучэбна-педагагічны комплекс.

Пры гэтым Аляксандр Кадлубай падкрэсліў, што аб закрыцці будынка дзіцячага садка, які быў адноўлены па праграме адраджэння і развіцця сельскіх населеных пунктаў, размова не ідзе. Калі казаць пра аптымізацыю, то тут маецца на ўвазе скарачэнне штатнай колькасці супрацоўнікаў вышэйназваных устаноў.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама паабяцаў, што калі ў рэшце рэшт адбудзецца аб'яднанне, то ў рамках вучэбна-педагагічнага комплексу паспрабуюць знайсці прымяненне кожнаму супрацоўніку.

* * *

У той час як матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар аграгарадка Гуды, што таксама на Лідчыне. І пачаў расказваць нам пра аналагічныя праблемы свайго населенага пункта.

Відавочна, людзей хвалюе не толькі ўласная будучыня: многія з іх ужо на заслужаным адпачынку, выхавалі і адвучылі дзяцей. Іх сэрцы баляць за лёс вёсак, якія, нават з'яўляючыся аграгарадкамі, маюць патрэбу ў паляпшэнні свайго становішча. Людзі трымаюцца за працоўныя месцы, каб мець хоць невялікі заробак. І па вялікім рахунку, менавіта ад іх залежыць, ці будзе праз некалькі гадоў віраваць у вёсцы жыццё.

Намеснік начальніка аддзела гандлю і паслуг Лідскага райвыканкама Алена УСАНІНА:

— Штогадовае скарачэнне колькасці насельніцтва аграгарадка Мажэйкава (па стане на 1 студзеня 2017 года зарэгістравана 645 жыхароў), зніжэнне пакупной здольнасці значна паўплывалі на падзенне аб'ёмаў выручкі ў краме «Прамтавары» (60—65%), комплексным прыёмным пункце (70—75%), аптэцы (55—60%). Гэта прывяло да нерэнтабельнай работы аб'ектаў, у выніку чаго яны былі пераведзены на скарочаны рэжым работы.

Для задавальнення пакупніцкага попыту ў краме «Прадукты» (рэжым работы: 9.00—21.00) створаны аддзел па рэалізацыі нехарчовых тавараў наступных груп: панчошна-шкарпэткавыя вырабы, тэкстыльныя, галантарэйныя, парфумерна-касметычныя, папярова-белавыя і гаспадарчыя тавары, школьна-пісьмовыя прылады, тавары бытавой хіміі. Акрамя таго, вядзецца прыём папярэдніх заказаў на пастаўку буйнагабарытных тавараў, складанабытавой тэхнікі і мэблі. Асартыментны пералік у крамах выконваецца.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2003 года №724 «Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі» ў Мажэйкаве сацыяльны стандарт у галіне гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання выконваецца.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Старое жыццё сучаснай вёскі

Каментары

Для нас, жыхароў прылеглых да Мажэйкаўскага сельскага Савета вёсак, агарагарадок як раённы цэнтр. Сюды мы не толькі ходзім па прадукты і лекі, а і абслугоўваемся ў амбулаторыі, наведваем мясцовую пошту, бібліятэку... 700 жыхароў – ці многія беларускія вёскі маюць такое насельніцтва? Праз аграгарадок рэгулярна праязджаюць турысты. За тры кіламетры знаходзіцца Маламажэйкаўская царква, храм 16 стагоддзя! Сюды наведваюцца не толькі паломнікі з усёй Беларусі, а і з многіх краін. Ёсць што паглядзець і ў самім Мажэйкаве. Панская сядзіба 19 стагоддзя, якую ўзгадвае карэспандэнт, – таксама здабытак нацыянальнай культуры. У свой час каля яго нават здымалі мастацкі фільм. Гэта я да чаго. Захочацца падарожніку перакусіць – няма дзе. Адно выйсце – крама. А раптам нешта спатрэбіцца ў прамтаварах або ў аптэцы? Я думаю, што ў турыста, а тым больш замежнага, павінны скласціся добрыя ўражанні ад вясковага жыцця ў Беларусі, увогуле аб краіне.
Цікава, а ці ёсць будучыня ў аграгарадкоў? Набудавалі шмат аб'ектаў за дзяржаўныя сродкі, прыцягнулі насельніцтва ў вёску і ўсё на гэтым? Утрымаць людзей у сельскай мясцовасці можна не толькі наяўнасцю шматлікіх крам і іншай інфраструктуры. Каб людзі хацелі застацца, трэба забяспечыць іх працоўнымі месцамі (прычым з прыстойным заробкам!). Сёння Прэзідэнт кажа пра тое, што трэба будаваць жыллё больш на перыферыі, бо гарады і так загружаны (перш за ўсё маецца на ўвазе сталіца). Дык чаму ж не актывізаваць будоўлю ў вёсцы? Тым больш у апошні час становіцца нават модным займацца сельскай гаспадаркай, агратурызмам.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.