Вы тут

Народная гульня «Яшчур» можа стаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю


Даўно прывабіла і заінтрыгавала мяне адна з загадкавых і таямнічых народных гульняў «Яшчур» («Яшчар»). Апісанняў яе даўнейшых варыянтаў, якія раней бытавалі амаль ва ўсіх кутках Беларусі, я сабраў некалькі дзясяткаў. Затым даследаваў яе таямніцы і расказаў у розных выданнях: «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996, 2000, 2003), «Беларуская батлейка. Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Беларуская фалькларыстыка: народныя гульні» (2014) і інш. Аднак ні разу не сустракаў гульню ў жывым аўтэнтычным выкананні.


Цмо­ку-яшча­ру (па­срэд­ні­камі па­між ім і людзь­мі бы­лі ве­шчу­ны, валх­вы, ша­ма­ны) лю­дзі ра­бі­лі ах­вя­ры,  каб вы­пра­сіць пэў­ныя да­бро­ты.

Заканчэнне Каляд. І вось я разам з метадыстам Інстытута культуры Беларусі (Інбелкульт) Алёнай Каліноўскай у дарозе. Маляўнічыя краявіды Пастаўшчыны, якая выцягнулася вакол цяпер замураванай лёдам ракі Галбяіца («рака, якая цячэ па нізіне»), што згадваецца яшчэ ў прывілеі вялікага князя ВКЛ аж у 1414 годзе.

У Гуце-Голбіі нас сустракаюць супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Л.Я. Чатовіч, навуковы супрацоўнік, і С.М. Марозава, спецыяліст па фальклоры, якія падрыхтавалі заяўку з просьбай да Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны на ўключэнне народнай гульні моладзі «Яшчар» у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Гуцкі сацыяльна-культурны цэнтр Варапаеўскага пасялковага Савета размясціўся ў былым будынку шклозавода. Прасторны пакой на другім паверсе абсталяваны пад вясковую хату. Тут і збіраюцца ўдзельнікі фальклорнага гуртка, якім кіруе Тамара Маслоўская. У яго ўваходзіць моладзь вёсак Гута-Голбія, Белькі, Вайцяхі, Косаўшчына, Полава, Рагоўскія, пераважна вучні старэйшых класаў мясцовых школ.

На вечарынах гуртка добры тон задае сямейны інструментальны ансамбль сям'і Пачкоўскіх з вёскі Гута-Голбія, лаўрэат абласных свят-конкурсаў «Грай, гармонік!», удзельнік розных рэспубліканскіх і іншых канцэртаў. Таленавітая музычная сям'я выкарыстоўвае двое цымбалаў, даўнейшую ліпавую карыну, аздобленую бяростай, дудку, свістулькі, бубен, трашчоткі, вырабленыя рознымі мясцовымі майстрамі, дапрацаваныя і беражліва захаваныя кіраўніком А.Г. Пачкоўскім. Самаробнымі інструментамі ўмела карыстаюцца яго жонка, пляменнік, унук і тры ўнучкі (усе Пачкоўскія і Вітко — сямейны ансамбль).

Рэй у вечарыне-гульні вядзе кіраўнік гуртка Тамара Валянцінаўна (1962 год нараджэння), якая пераняла ў спадчынных гутнікаў мясцовую манеру правядзення старадаўняй гульні, што праводзілася тут не толькі на Каляды, але і на Вялікдзень, і на Купалле.

Пасярод пакоя на зэдліку сядзіць хлопец — «Яшчар», апрануты ў вывернуты кажух, шапку-аблавушку, падпяразаны дзягай. Дзяўчаты з хусткамі на плячах водзяць вакол яго карагод, спяваючы: «Сядзіць сабе Яшчар, // Гэй нам, гэй! // На залатым крэсле, // На шчаслівым месце. // Яшчар зямлю точыць, // Жаніціся хочыць. // Бяры сабе панну, // Ці што ў чаравічках, // Ці што невялічка, // Ці што ў атласе, // У сінім паясе». Тэкст паўтараецца столькі разоў, колькі дзяўчат у коле. Пасля кожнага выканання Яшчар забірае сабе чарговую хустку-«вянок». Затым уладар падземна-падводнага царства (па даследаваннях навукоўцаў) вяртае «згубленае» іх гаспадыням пасля таго, як яны выканаюць яго ўладны капрыз: станцаваць, некага пацалаваць і г. д. (прывабнасць і поспех гульні ў многім залежыць ад асобы, знаходлівасці Яшчара — традыцыя прадугледжвае пэўныя імправізацыі). Як і ў падобных ігрышчах, маладзёжных вечарынах, выконваліся і іншыя забавы, танцы, песні.

Гульня даўно зацікавіла навукоўцаў, асабліва расійскіх, для якіх мелі важнае значэнне найбольш кансерватыўныя варыянты зафіксаваных беларускіх песень. У іх праяўляюцца рэшткі ахвяравання духу падземнага царства прыгожых цнатлівых дзяўчат. Вянок у фальклоры — гэта сімвал чысціні, згубіць яго — азначае стаць жанчынаю. У Старажытным Егіпце, індзейцаў Мая, Кітаі і іншых краінах ахвяравалі жывых дзяўчат, кідаючы для багоў у вадаёмы. Падобнае — і ў беларускіх гульнях. Цмоку-яшчару (пасрэднікамі паміж ім і людзьмі былі вешчуны, валхвы, шаманы) людзі рабілі ахвяры, каб выпрасіць пэўныя даброты.

Цяпер даўні сэнс магічнага дзейства страчаны, гульня выконвае эстэтычную функцыю, вяртае моладзь да традыцый продкаў, нацыянальных каштоўнасцяў, што і прадугледжвае Канвенцыя ЮНЕСКА аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Падобныя праяўленні, як адраджэнне гульні «Яшчар», неабходна падтрымліваць, ствараць умовы для іх захавання і развіцця.

Алесь ЛОЗКА

Загаловак у газеце: «ЯШЧАР-ПАНОК, АДДАЙ ВЯНОК...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».