Вы тут

На радзіме Шагала аб'явілі адкрыты конкурс «Азбука-УНОВІС»


Як паведамілі арганізатары, пераможцы будуць вызначаныя сярод аўтараў гульнявых пляцовак і рэкрэацыйных аб'ектаў. Іх трэба прыдумаць у намінацыях: для дзятвы, моладзі, гараджан усіх узростаў. У журы запрасілі вядомых дызайнераў, архітэктараў, выкладчыкаў ВНУ. Паралельна ў інтэрнэце плануецца правесці «народнае галасаванне». Такім чынам сучасным дызайнерам, архітэктарам, мастакам, студэнтам прапаноўваюць пераасэнсаваць спадчыну знакамітага віцебскага авангарда.


Першы тур скончыцца 10 сакавіка. Заяўкі і эскізы аўтарскіх распрацовак чакаюць па адрасе электроннай пошты: vіtebsk_ok@maіl.ru. Другі тур працягнецца да 24 сакавіка.

Наталля Шыёнак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта паведаміла, што мясцовая ўлада падтрымала ініцыятыву. І прынялі рашэнне аб правядзенні конкурсу. Ён мае і асветніцкае значэнне. Напрыклад, на радзіме Моцарта, як кажуць, з пялёнак ведаюць, што ён тут нарадзіўся. Дык хлопчыкі і дзяўчынкі Віцебска павінны з дзяцінства разумець, што калісьці тут нараджаўся авангард.

Наконт месцаў, дзе могуць з'явіцца рэалізаваныя «ў камені і метале» ідэі. Ужо праяўляюць інтарэс да гэтага кіраўнікі жыллёвых таварыстваў некалькіх мікрараёнаў на ўскраіне Віцебска. Безумоўна, сучасны авангард, аўтары якога натхнёныя УНОВІСам, «ідэальна ўпішацца» і ў раёне будынка, дзе працавалі Малевіч, Лісіцкі, Чашнік, Коган і іншыя. У былым асабняку банкіра Вішняка, пра што «Звязда» не раз паведамляла, ствараецца музей — на вуліцы Марка Шагала.

Вядома, што УНОВІС («Заснавальнікі новага мастацтва») як авангарднае мастацкае аб'яднанне дзейнічала пры Віцебскім народным мастацкім вучылішчы. Нагадаю, навучальную ўстанову адкрылі па ініцыятыве ўпаўнаважанага Калегіі па справах мастацтваў у Віцебскай губерні Марка Шагала. Адбылося гэта ў студзені 1919 года. У пачатку лютага 1920 года ўдзельнікі суполкі паказалі пастаноўку футурыстычнай оперы «Перамога над Сонцам» і «Супрэматычны балет». Мастакі не толькі стварылі дэкарацыі і касцюмы, але і сталі рэжысёрамі, акцёрамі. У чэрвені 1920 года быў выпушчаны альманах «Уновіс №1».

Аб'яднанне мастакоў-наватараў актыўна праводзіла афармленне Віцебска. У тым ліку ўпершыню ў свеце былі распісаны і трамваі. Да гэтага ўпрыгожвалі фурманкі сялянам у абмен на ежу. Дарэчы, летась на двух трамваях і тралейбусе ў абласным цэнтры нанеслі выявы твораў авангардыстаў УНОВІС. На транспарце можна ўбачыць і партрэт Малевіча, цытаты з яго трактатаў. Цяпер, акрамя іншага, вырашылі і агучваць тэарэтычныя працы авангардыстаў падчас руху.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: Пераасэнсоўваючы спадчыну авангарда

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».