Вы тут

Пра багатыя кніжныя зборы бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане


Бібліятэка і музей Францішка Скарыны ў Лондане перажываюць новыя часы. Установа зноў атрымала афіцыйны юрыдычны статус, аднавілася работа яе апякунскай рады. Беларускія даследчыкі маюць магчымасць прыехаць у «скарынаўку», каб на месцы вывучыць тое, што іх цікавіць. Пра багатыя беларускія кніжныя калекцыі гаварылі на круглым стале, які днямі прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


Вы­сту­пае сак­ра­тар Біб­лі­я­тэч­най ра­ды Бе­ла­рус­кай біб­лі­я­тэ­кі і му­зея імя Фран­ціш­ка Ска­ры­ны (Вя­лі­ка­бры­та­нія), ма­гістр Ігар Іва­ноў.

Калекцыя, унікальная для Захаду

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша адзначыў, што цяпер апякунская рада беларускай бібліятэкі ў Лондане — гэта вельмі перспектыўная каманда. У яе склад уваходзяць людзі з прафесійнай адукацыяй, тыя, хто гатовы ахвяраваць асабістым часам і сродкамі дзеля новых даследаванняў, звязаных з Беларуссю, і дзеля самой бібліятэкі. На сустрэчу ў Мінск з Вялікабрытаніі завітаў сакратар Бібліятэчнай рады Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны, магістр Ігар ІВАНОЎ. Ён адзначыў:

— Летась я сустракаўся з Адамам Мальдзісам, а таксама Джымам Дынглі і Арнольдам Макміліным, каб запісаць іх успаміны, бо менавіта яны былі найбліжэйшымі сябрамі апякунскай рады бібліятэкі. Адаму Мальдзісу пашчасціла быць першым даследчыкам з БССР, які працаваў у скарынаўскай бібліятэцы. Больш за тое, у свой час ён паспеў стаць агентам па набыцці кніг для яе...

— Калекцыя гэтай бібліятэкі была ўнікальнай для Захаду. Ніхто больш не мог пахваліцца такім зборам беларусістыкі, яна дагэтуль не была сабрана так сістэматычна. Збор быў унікальным і для БССР. Бо хоць практычна ўсе выданні, што знаходзіліся ў Вялікабрытаніі, меліся і ў Беларусі, але захоўваліся ў спецховах — да іх не было доступу. Менавіта ў гэты час пачынаецца ўздым англамоўных даследаванняў беларусістыкі. Ствараецца Беларуска-англійскае таварыства, якое пачынае выдаваць часопіс беларускіх даследаванняў.

У пэўным сэнсе скарынаўская бібліятэка стала ахвярай Чарнобыля

— Перыяд росквіту змяніўся перыядам заняпаду, — працягвае Ігар Іваноў. — Бо лёс бібліятэкі быў вельмі моцна знітаваны з лёсам айца Аляксандра Надсана. Як яго здароўе рабілася слабейшым, так і жыццё бібліятэкі замірала. У 2011 годзе яна страціла статус дабрачыннай арганізацыі з-за адсутнасці справаздач аб дзейнасці. Апякунская рада практычна спыніла сваё існаванне, перакрылася і фінансаванне. Дабрачынныя сродкі, якія раней накіроўваліся на дапамогу бібліятэцы, былі перанакіраваныя людзям, пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы. Літаральна нядаўна з'явілася цікавае даследаванне, з якога выявілася, што апякунская рада бібліятэкі яшчэ ў самым пачатку ахвяравала сто тысяч фунтаў на ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Таму ў пэўным сэнсе можна сказаць, што скарынаўская бібліятэка таксама стала ахвярай Чарнобыля. Гэта сумна.

— Джым Дынглі ў 2012 годзе здолеў аднавіць работу апякунскай рады бібліятэкі. У наступным годзе бібліятэцы было вернута права валодання будынкам. Шмат чаго апякунскай радзе давялося рабіць амаль з нуля. Фактычна, мы нечакана пераскочылі ад аднаго перыяду жыцця бібліятэкі да зусім іншага: ад перыяду жыцця Аляксандра Надсана, які ведаў усё і мог паказаць, што дзе знаходзіцца, да часу калектыўных рашэнняў, калі кожны ведае крыху і трэба збіраць дробязі. Ад часу папяровых калекцый мы перайшлі да часу сучасных тэхналогій, і цяпер я бачу нашмат больш цікавасці да музейнай калекцыі і архіва, чым
да саміх кніг.

— Мы вызначыліся з місіяй і кірункамі працы бібліятэкі. Гэта захоўванне культурнай спадчыны беларусаў. Умацоўванне жыцця беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі праз зварот да культурных артэфактаў у розных формах. Садзейнічанне і падрыхтоўка глебы для акадэмічнага беларусазнаўства. І заахвочванне зацікаўленасці беларусамі сярод брытанскага грамадства.

— Каб дапамагаць акадэмічным даследаванням, бібліятэка заўсёды мела адпаведнае памяшканне. Можна прыязджаць і пісаць артыкулы там, чытаць і думаць. Мы аднавілі гэтыя магчымасці для зацікаўленых асоб.

У час ра­бо­ты круг­ла­га ста­ла.

Варта апісаць архівы

Намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля ГАРДЗІЕНКА расказала пра багатую архіўную спадчыну бібліятэкі Францішка Скарыны, якая на сённяшні дзень вельмі слаба даследавана:

— Трапіўшы ў нашу бібліятэку ў Лондане, я была вельмі ўражана яе архіўнымі зборамі. Ад пачатку 1950-х гадоў там акумуляваліся зборы не толькі брытанскіх беларусаў — гэта фактычна быў архіў беларусаў з усяго свету. Першае паступленне адбылося яшчэ нават да яе заснавання.

— Там захоўваецца архіў дакументаў беларускай дыяспары, таксама святарскія архівы — напрыклад Льва Гарошкі і іншых. Паступалі лісты і ад грамадскіх арганізацый. Сёння там можна ўбачыць дакументы з Аўстраліі, Канады, Францыі, ЗША, Аргенціны і іншых краін. Гэта ўнікальныя сведчанні. Захоўваюцца лісты не толькі беларускіх дзеячаў, але і некаторых замежных. Маюцца паперы даваеннага часу. Усё гэта робіць архіў надзвычай каштоўным.

— Ёсць і вялікая праблема — большая частка архіва не апрацавана — гэтую справу Аляксандр Надсан пакідаў на пасля. Няма ні вопісаў уліку, ні іншых дакументаў. А гэта акурат тое, што варта было б зрабіць. Частка дакументаў патрабуе рэстаўрацыі, да таго ж умовы іх захоўвання не самыя добрыя. А гэтая калекцыя сапраўды ўнікальныя.

З пачатку XVІ стагоддзя

Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Юрась ЛАЎРЫК расказаў пра багатую кніжную калекцыю, якая захоўваецца ў беларускай бібліятэцы ў Лондане:

— Менавіта там змешчаны творы, выпушчаныя на Захадзе і прысвечаныя Беларусі. Маецца цікавая калекцыя старадрукаў і рукапісных кніг. Выданні па гісторыі царквы на Беларусі асабіста збіраў айцец Аляксандр. Вялікі корпус беларускай заходняй літаратуры і кніг часоў Першай сусветнай вайны, многія з гэтых кніг маюць на сабе дарчыя надпісы. Вельмі багатая калекцыя картаў, пачынаючы з XVІ стагоддзя, звязаных або з нашым рэгіёнам, або з Вялікім Княствам Літоўскім...


Падаецца, у час 500-годдзя беларускага кнігадрукавання гэта нябачная, але такая трывалая нітка сувязі Беларусі і Вялікабрытаніі павінна стаць яшчэ мацнейшай. Праз паездкі нашых даследчыкаў да тамтэйшых кнігазбораў, праз прыём у сябе шаноўных англійскіх гасцей. Адметна, што з Лонданам нас яднае не толькі беларускі кніжны збор, але і імя асветніка Францішка Скарыны, якое яму нададзена.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Каб захаваць культурную спадчыну беларусаў»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.