Вы тут

82-гадовы Міхаіл Герасімчук — апошні жыхар вёскі Немкавічы


Нарэшце ў нашай рубрыцы з'явіўся мужчына! Раней апошніх жыхароў маленькіх знікаючых вёсак прадстаўлялі выключна жанчыны. Было прыемна пазнаёміцца з Міхаілам Юстынавічам Герасімчуком. Але ж сумна, што ён застаўся адзін, зусім апошні жыхар сваіх родных Немкавічаў. Нават гадзіны гутаркі хапіла, каб упэўніцца, што 82-гадовы Міхаіл Герасімчук — чалавек з цвёрдым унутраным стрыжнем, а яшчэ з аптымізмам і пачуццём гумару.


 

Расказваў, што часта перазвоньваецца з сябрам з іншай вёскі. Той таксама застаўся ўдаўцом. Дык прыяцель звычайна пачынае тэлефонную размову так: «Ну што, усё адзін сядзіш, не ажаніўся яшчэ?» На што Юстынавіч адказвае парадай з той жа оперы: «Калі хочаш памерці крыху раней свайго тэрміну, то ажаніся, ды з маладой».

— Вось так пагамонім, пасмяёмся, ды ўжо весялей. Ну яшчэ дзеці калі пазвоняць, унукі. А так усе мае забавы: два разы на тыдзень аўтакрама прыходзіць, а ў сераду і суботу газету прывозяць. Таму і дарогу заўсёды мусяць прачышчаць. Праўда, часам старшыня сельскага Савета заязджае, пазвоніць перад гэтым, а потым і зазірне, маўляў, ці жывы ты тут. А яшчэ нядаўна, недзе пад Вадохрышча аўтобус, гляджу, пад'ехаў. Думаў, якія людзі заблудзіліся. А тут выходзяць і Дзед Мароз са Снягуркай, і калядоўшчыкі, ды заспявалі, затанцавалі. Аказваецца, яны мяне прыехалі павіншаваць. Прыемна было. Не ведаю нават хто, можа, з клуба якога.

Паступова ад размовы пра забаўлянкі Міхаіл Юстынавіч пераходзіць да аповеду пра жыццё. Яно не было лёгкім. Хутчэй — наадварот. І першы ўспамін дзяцінства, што навек урэзаўся ў памяць, як зганяюць людзей, паляць вёску. Дзень 17 ліпеня 1942 года стаў трагедыяй для тутэйшых мясцін. Тады спалілі сем вёсак Мокраўскага сельсавета, з якіх расстралялі ўсіх мужчын, старэйшых за 16 гадоў. У Немкавічах загінула 58 чалавек. Міхаіл Юстынавіч помніць, як вялі пад рукі старога дзеда, бо ён сам не мог ісці, як забіралі бацьку, як галасілі жанчыны. У той дзень ён, шасцігадовы, застаўся без бацькі, а маці з трыма малымі на руках — без даху над галавой. Жылі ў іншых людзей па вёсках, з вясны да восені — у зямлянках, галадалі. У школу хадзіў урыўкамі ў адзін і той жа клас, бо ў розных вёсках, добра што чытаць-пісаць навучыўся. У 12 гадоў маці сказала, што вучыцца хопіць, пара брацца за работу, трэба сям'ю карміць. Так што касіць, араць, баранаваць давялося менавіта з гэтага ўзросту. Сястра і брат паўміралі адносна маладымі — разважае Міхаіл Юстынавіч, — мусіць, тое дзяцінства паўплывала на здароўе, вайна...

— Пасля службы ў арміі пайшоў вучыцца на трактарыста. А перад гэтым якая работа ў калгасе была, ды і першыя гады на трактары ацэньваліся працаднямі: 3 капейкі і 50 грамаў збожжа за працадзень. Маці пойдзе, і ў торбачцы ў адной руцэ прынясе тое збожжа за месяц... Потым, вядома, лепей стала. Пажаніліся мы з маёй Соняй, хату пабудавалі, дзяцей сталі гадаваць. Яна на ферме даяркай працавала, я на трактары. Усё жыццё на трактары, і на «Беларусе» — МТЗ-80, і на «Кіраўцы» — К-701 папрацаваў. Калгас наш «Чырвоны маяк» тады лічыўся не апошнім у раёне. Цяпер во ўсіх далучылі да аднаго вялікага калгаса. Раней не так было...

Міхаіл Герасімчук расказваў, як доўгі час быў звеннявым па бульбе, якія добрыя ўраджаі атрымлівалі. Ясна, што працаўніком быў наш ветэран адным з першых у гаспадарцы. Са скрыначкі ён дастае ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, медаль «За доблесную працу», іншыя адзнакі сваёй механізатарскай доблесці.

Ордэн уручалі ў 1975 годзе на ўрачыстым сходзе калгаса. Было шмат народу, і прыезджыя кіраўнікі з раёна, вобласці, і аднавяскоўцы. «У наш час не такія трактары былі, як цяпер, — гаворыць ветэран. — Зараз, як вясна наступіць, трактары выходзяць, тут жа кругом палі. І я да іх падыду, пагаворым, некаторыя мяне ведаюць, з імі працаваў. У кабіне сучасных машын — чыста, вентыляцыя працуе, а кіраванне якое! А мой гусенічны некалі немалой сілы патрабаваў, каб ім кіраваць. Спачатку ў дзве змены трактар быў задзейнічаны, амаль кругласутачна на ім працавалі, ды і потым фактычна з цямна да цямна ў полі, калі пасяўная ці ўборка».

З Соф'яй Сяргееўнай выгадавалі двух сыноў. Цяпер ёсць чацвёра ўнукаў, два праўнукі. А яна, Соф'я, вось ужо хутка год, як пайшла з жыцця. З фотаздымка на сцяне паглядае маладая, надзвычай прывабная жанчына, а побач з ёй і муж, малады і прыгожы. У другой рамцы змешчаны фотаздымкі ўнукаў, адзін з іх у форме дэсантніка, зараз завяршае тэрміновую службу ў Брэсце. Як прыйдзе з войска, абавязкова наведае дзеда. Малодшы сын з нявесткай, якія жывуць у Пружанах, не рэдкія госці. А старэйшы сын, брастаўчанін, на жаль, памёр заўчасна. У Брэст паехаў адразу пасля школы, там і асеў.

— Няправільная палітыка была ў адносінах да сельскіх жыхароў пры Брэжневе, — разважае апошні жыхар Немкавічаў з вышыні сваіх 80 гадоў. — Не заахвочвалі жыць у вёсцы, наадварот, рабілі ўсё, каб маладыя ўцякалі. Ну вось, каб тады хоць крышку будавалі жыллё, можа, мой сын і яго таварышы аселі б тут, можа, не апусцелі б нашы вёскі ўшчэнт. Цяпер будуюць, многа зрабілі за апошнія 20 гадоў, але ў вялікіх вёсках, у цэнтрах калгасаў, а нашы так і засталіся паміраць.

«Ці баюся тут? А чаго баяцца, страшней смерці нічога не бывае, — па-філасофску разважае сталы чалавек. — Нейкія ж злыдні лазілі па суседніх дамах. З шафаў павыварочвалі адзенне, але нічога не бралі. Няўжо яны думалі, што людзі тут золата пакінулі ў кішэнях старых лахманоў? У мяне два сабакі ды кот — вось і ўся мая ахова».

Вусаты і тоўсты, як мячык, «ахоўнік» спаў на ганку, калі мы прыйшлі да Міхаіла Юстынавіча. Невядома як ахоўваць, але добра паесці ён дакладна любіць. Гаспадар расказаў, што варыць сабе раз у два-тры дні суп, «не толькі сабе, ну і ім застаецца». Прадукты дзядуля купляе ў аўтакраме, тут ёсць усё, нават фрукты, на кухонным стале ляжалі гранат і апельсін. З малочных прадуктаў усё прывозяць, каўбасы некалькі відаў, крупы — што больш трэба. Можна нешта зрабіць паесці і на скорую руку. Якія яшчэ клопаты? Ранкам — ціск памераць ды лекі прыняць, днём — па хатняй гаспадарцы, вечарам газету пачытаць ды тэлевізар паглядзець — вось і ўвесь расклад на зімовы дзень.

Вясной, вядома, клопатаў становіцца больш, нават ва ўласным агародзе. Цікаўлюся, ці на лета прыязджае нехта з суседзяў. Аказваецца, ніхто. У любую пару года Міхаіл Юстынавіч застаецца адзіным жыхаром сваіх Немкавічаў. З вясны да восені тут навокал стаіць гул машын, трактароў, бо вёска размешчана ў коле калгасных палеткаў. Як ён і казаў, людзі працуюць на палях, і для ветэрана ёсць нагода падысці, перамовіцца словам, успомніць свае працоўныя гады — парадаваць душу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: І зімой, і летам адзін

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.