Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра матч Кубка Федэрацыі, які прайшоў у сталіцы, чарговую перамогу Антона Кушніра і вынікі этапу Кубка свету па шорт-трэку, які прыняла наша краіна.


1. Тэнісісткі зборнай Беларусі на дамашніх кортах абыгралі каманду Нідэрландаў у чвэрцьфінале Сусветнай групы Кубка Федэрацыі з агульным лікам 4:1. Гэтую перамогу ўжо можна назваць гістарычнай, таму што беларускі ўпершыню выступаюць у элітнай групе гэтага турніру і адразу ж прабіліся ў паўфінал.

Прэзідэнт краіны, які асабіста прысутнічаў на кортах «Чыжоўка-Арэны» сярод балельшчыкаў, павіншаваў каманду з поспехам. «Дзякуй! Малайцы! Вельмі добра гулялі!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, у першы дзень спаборніцтваў Аляксандра Сасновіч перамагла Міхаэлу Крайчык — 4:6, 6:3, 6:2, а Арына Сабаленка саступіла Кікі Бертэнс — 6:3, 6:7, 4:6. У парнай сустрэчы Вольга Гаварцова і Вера Лапко перайгралі галандскі дуэт Аранта Рус/Сіндзі Бургер у двух сэтах — 6:4, 6:2. У гэты ж дзень нашы дзяўчаты атрымалі яшчэ дзве перамогі ў адзіночных паядынках: Аляксандра Сасновіч узяла верх над Кікі Бертэнс — 6:3, 6:4, а Арына Сабаленка перайграла Міхаэлу Крайчык — 7:6, 6:4.

— Я вельмі задаволены! Усе ўдзельнікі паядынку малайцы! Мы зрабілі пэўныя высновы пасля першых гульняў. У нядзелю дзяўчат я ўбачыў зусім іншымі. Саша Сасновіч вельмі агрэсіўна і дакладна згуляла, і Арына Сабаленка была эмацыйна зараджана. Яны могуць гуляць значна вышэй і лепш, быць у топ-50 — гэта як мінімум, — адзначыў капітан каманды Эдуард Дуброў.

Цяпер у матчы за выхад у фінал неафіцыйнага чэмпіянату свету сярод жаночых каманд зборная Беларусі 22—23 красавіка сустрэнецца са зборнай Швейцарыі, матч адбудзецца ў Мінску.


2. Алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір стаў пераможцам 5-га этапу Кубка свету па лыжнай акрабатыцы ў паўднёвакарэйскім Буквоне. Гэта ўжо трэцяя перамога беларуса на этапах Кубка свету па фрыстайле сёлета. Раней Антон станавіўся пераможцам этапаў Кубка свету 17 снежня ў Бейда-Лэйк (Кітай) і 14 студзеня ў Лейк-Плэсідзе (ЗША).

Станіслаў Гладчанка на 5-м этапе Кубка свету заняў 19-е месца, Максім Гусцік стаў 25-м. У жаночых спаборніцтвах беларуска Аляксандра Раманоўская заняла 4-е месца.

У агульным заліку Кубка свету сярод лыжных акрабатаў у мужчын пасля 5 этапаў лідзіруе кітаец Ці Гуанпю, Антон Кушнір займае 2-е месца. У заліку Кубка свету сярод жанчын лідзіруе кітаянка Сю Ментаа, Аляксандра Раманоўская размяшчаецца на 10-й пазіцыі, Ганна Гуськова — на 15-й.

Наступны этап 25 лютага прымуць беларускія Раўбічы, а завершыцца праграма Кубка свету 4 сакавіка ў Маскве.


3. «Мінск-Арэна» прыняла заключны ў гэтым сезоне этап Кубка свету па шорт-трэку. У Мінск прыехалі прадстаўнікі 23 краін, сярод удзельнікаў на мінскім лёдзе выступілі алімпійскія чэмпіёны і чэмпіёны свету. Беларусь была прадстаўлена 9 спартсменамі, праўда, ніхто з іх не змог падняцца на п'едэстал.

Па выніках мінскага этапу ў жаночых спаборніцтвах у камандным заліку найбольш паспяхова выступілі спартсменкі з Кітая, Паўднёвай Карэі і Італіі; беларускі — 11-я. У мужчын больш за ўсё ачкоў набралі Паўднёвая Карэя, Казахстан і Галандыя; Беларусь — на 12-й пазіцыі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гістарычная перамога на мінскім корце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.