Вы тут

Што паглядзець замежніку ў нашай краіне


Заўтра ўступае ў сілу Указ Прэзідэнта №8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». «Звязда» апытала замежных дыпламатаў, якія працуюць у нашай краіне або неаднойчы тут бывалі, што б яны парэкамендавалі паглядзець сваім суайчыннікам у Беларусі. З такім жа пытаннем мы звярнуліся і да беларускіх знаўцаў свайго краю.


Погляд звонку

Пасол Швецыі ў Беларусі Марцін ОБЕРГ параіў сваім суайчыннікам наведаць Белавежскую пушчу. «Па-першае, шведы любяць прыроду, а па-другое, у Швецыі няма зуброў», — адзначыў пасол. Акрамя таго, варта адправіцца ў Мірскі замак. «Чаму? Гэта адзін з самых важных архітэктурна-гістарычных беларускіх аб'ектаў. Таксама з пачатку лета і да канца турыстычнага сезону ў гэтым замку будзе праводзіцца сумесная беларуска-шведская выстава. На ёй можна ўбачыць трафеі шведаў, вывезеныя з тэрыторыі Беларусі падчас Паўночных войнаў. І вось упершыню яны вернуцца ў вашу краіну». Па словах пасла, гэтыя экспанаты выстаўляюцца ў Музеі арміі ў Стакгольме, а зусім хутка іх змогуць убачыць і беларусы.

Майкл МАРГУЛІС, ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у штаце Фларыда (ЗША), выдавец часопіса «US-Belarus Observer»:

— Амерыканцу ў гэтым плане цікава тое, пра што мы пішам у нашым часопісе пастаянна. Гэта і беларускія лясы, і паляўнічы турызм, агратурызм, медыцынскі турызм... Нераўнадушныя яны і да гісторыка-культурнай спадчыны, але трэба разумець, што амерыканцу, як, відаць, і іншаму турысту, цікава ў першую чаргу тое, чаго ён не зможа ўбачыць, паспрабаваць у сваёй краіне — у нашым выпадку Злучаных Штатах.

Аляксандр ПЯТРОЎСКІ, афіцэр па міграцыйных пытаннях, прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі ў Пасольстве Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, адзначыў, што яму асабіста вельмі падабаецца Мінск.

— На што раю звярнуць увагу калегам, латышскім турыстам у Мінску? Па-першае, на архітэктуру. Такі адмысловы савецкі мадэрнізм, адрозны ад той жа Масквы, захавалася савецкая атрыбутыка. Па-другое, цікавасць уяўляе і сучасная архітэктура беларускай сталіцы. Яна высокага ўзроўню ў параўнанні нават з еўрапейскімі краінамі.

Я таксама сказаў бы, што падарожжа ў Беларусь будзе цікавым у першую чаргу для маіх суайчыннікаў сталага ўзросту, тых, хто памятае Савецкі Саюз. Ім прыйдзецца даспадобы і музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і Лінія Сталіна.

Добра будзе пазнаёміцца і з аб'ектамі, што звязаны з захаваннем нацыянальнай культуры, яе здабыткаў. Гэта і музей у Азярцы, і Дудуткі. Калі будзе больш часу, то трэба наведаць Белавежскую пушчу, Аўгустоўскі канал, Браслаўскія азеры... Апошнія, дарэчы, выдатны варыянт адпачынку на прыродзе па добрай цане.

Нельга забывацца і пра нацыянальную кухню — ёй можна прысвяціць некалькі дзён! Добрыя ў Беларусі спартыўныя аб'екты...

Асобна скажу пра выдатна развітую дарожную інфраструктуру. Усю Беларусь пры жаданні можна аб'ехаць за тыя пяць дзён! Людзі тут добра ставяцца да замежнікаў, ды і руская мова зразумелая нашым старэйшым суайчыннікам, якія родам з СССР.

А вось Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі Віарэл МАШАНУ лічыць, што ўсе беларускія славутасці будзе складана аб'ехаць за пяць «бязвізавых» дзён.

— Славутасцяў у Беларусі нашмат больш, чым можа быць ахоплена за пяць дзён знаходжання ў краіне. Акрамя Мінска і яго аколіц (Сула, Дудуткі, Ракаў, Смілавічы), трэба абавязкова паглядзець Мірскі і Нясвіжскі замкі. Па дарозе ў Брэст ці Гродна, трэба заехаць у Навагрудак, Ружаны і Пружаны. Полацк, Віцебск (асабліва падчас Славянскага базару), Орша, Мсціслаў могуць стаць іншай часткай паездкі. Хто любіць прыроду, павінен наведаць Нарачанскі, Налібоцкі і Бярэзінскі нацыянальныя паркі.

Мігель Мантаньес ВІДАЛЬ, ганаровы віцэ-консул Рэспублікі Перу ў Рэспубліцы Беларусь, у першую чаргу раіў бы сваім суайчыннікам наведаць нашы музеі: Нацыянальны мастацкі, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— Увогуле мне вельмі падабаецца Мінск, іншыя беларускія гарады, такія як Гродна, Брэст. Тут шмат што можна паказаць суайчыннікам.

Цікава перуанцам будзе паглядзець на Нацыянальную бібліятэку, пабываць у ёй унутры. У нас у Перу няма зуброў, таму маім суайчыннікам было б цікава паглядзець на гэтых магутных звяроў.

Погляд знутры

Рыгор БЫСЮК, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»:

— На Брэстчыне шмат мясцін, з якімі цікава будзе пазнаёміцца замежнаму турысту. Гэта, вядома, Белавежская пушча з яе ўнікальнай прыродай, таксама палац Сапегаў у Ружанах, непаўторны Пружанскі палацык. Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ў Івацэвіцкім раёне і музейны комплекс Напалеона Орды на Іванаўшчыне стануць прыцягальнымі для таго, хто цікавіцца асобамі, знакамітымі ў многіх краінах свету. Можна, несумненна, паехаць у Пінск, сталіцу Палесся, наведаць яго музеі, касцёлы, знакаміты кляштар францысканцаў.

А ў Брэсце надвячоркам абавязкова трэба зайсці на пешаходную вуліцу Савецкую, дачакацца, пакуль ліхтаршчык запаліць святло. Кажуць, пры гэтым можна загадаць жаданне. Ну і ніводзін турыст не мінае наш знакавы аб'ект — Брэсцкую крэпасць. Музей абароны, экспазіцыю «Музей вайны — тэрыторыя міру», музей фартыфікацыйных пабудоў старой крэпасці «5-ы форт» наведалі летась прыкладна 400 тысяч турыстаў. Мы гатовы прыняць і мільён гасцей.

Георгій МАЛІНОЎСКІ, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. Арлоўскага:

— Тыя, хто наведаюць Магілёў, і, у прыватнасці, наш заасад, не пашкадуюць. Ад стасункаў са светам жывёл яны атрымаюць шмат прыемных эмоцый. Статак плямістых аленяў, ланяў, зуброў, асобныя вальеры для драпежнікаў, капытных — тут створаны ўсе ўмовы, каб звяры адчувалі сябе, як на прыродзе. Каб было цікавей за імі назіраць, мы стварылі сваё сафары. У глыб лесу пракладзена невялікая чыгуначная дарога, па якой можна падарожнічаць у спецыяльна зробленым міні-цягніку. З вокнаў адкрываецца маляўнічы від на прыгожыя лясныя пейзажы з тутэйшымі насельнікамі. Спатрэбіцца як мінімум паўдня, каб азнаёміцца з усімі куточкамі заасада.

На тэрыторыі каледжа ёсць таксама ўнікальная ваенная экспазіцыя.

Нашым гасцям не трэба будзе думаць і пра тое, дзе спыніцца, каб пераначаваць. На тэрыторыі каледжа знаходзіцца вельмі камфартабельная гасцініца з двухмеснымі нумарамі з усімі выгодамі. Да паслуг турыстаў — атлетычная зала, інтэрнэт-клуб. Так што расчараваныя яны не будуць.

Таццяна ШОДА, галоўны захавальнік фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля:

— Абавязкова трэба пабачыць наш палацава-паркавы ансамбль — візітоўку абласнога цэнтра. У любую пару года наш парк прыцягальны, нашы вавёркі будуць карміцца ў вас з рук, а з вясны лебедзі ў сажалцы парадуюць сваёй вытанчанасцю. У музеі, які на тэрыторыі ансамбля, ёсць ікона Маці Божай Смаленскай. Такі іканаграфічны сюжэт вельмі рэдкі на постсавецкай прасторы. Аналагічных толькі тры, у тым ліку ў Эрмітажы. У нас знаходзяцца ўнікальныя дакументы і рэчы са збору ўладальнікаў гомельскага маёнтка і вельмі вядомы Чонкаўскі скарб.

Гомельскі музей ваеннай славы таксама трэба наведаць абавязкова. Турысты, якія прыязджаюць з-за мяжы, заўсёды кажуць, што такія экспазіцыі вельмі патрэбны, бо яны расказваюць гісторыю адной з найбуйнейшых трагедый XX стагоддзя. Заўсёды ўражваюць сапраўдныя ўзоры ваеннай тэхнікі на пляцоўцы пад адкрытым небам. У музеі крыміналістыкі вам раскажуць пра тое, што пісьменнікі Ільф і Пятроў знайшлі правобраз Астапа Бэндэра на прыкладзе адной з гісторый, якая адбылася ў Гомелі ў 1920-я гады.

Музей фарсіравання Дняпра ў Лоеве сведчыць аб адной з самых жорсткіх старонак Вялікай Айчыннай. Гітлер казаў, што хутчэй Днепр пацячэ назад, чым рускія яго возьмуць. А яны яго ўзялі цаной найвялікіх чалавечых страт. Напэўна, многія турысты, якія прыязджаюць на Гомельшчыну, зробяць адкрыццё, што план «Барбароса» быў пахаваны на нашай беларускай зямлі, тут адбываліся асноўныя бітвы Вялікай Айчыннай.

Архімандрыт Амвросій (Шаўцоў) — намеснік Гомельскага Свята-Мікольскага мужчынскага манастыра.

— Мне здаецца, замежнікам абавязкова трэба наведаць наш знакаміты Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, дзе знаходзіцца ўнікальная калекцыя старажытных ікон.

Цікава будзе пабываць у старажытным Тураве і пакланіцца яго знакамітым крыжам. Кажуць, што дзясяткі каменных крыжоў у Тураў прыплылі з Кіева па Дняпры і Прыпяці — супраць цячэння. А два растуць з-пад зямлі на Барысаглебскіх могілках. Там жа застаўся падмурак найбуйнейшай царквы, пабудаванай у XІІ стагоддзі і разбуранай землятрусам.

У Карму Добрушскага раёна паломнікам абавязкова трэба з'ездзіць, каб пакланіцца мошчам святога Іаана Кармянскага. Я параіў бы наведаць вёску Юравічы ў Калінкавіцкім раёне, заснаваную ў X стагоддзі. Там знаходзяцца стаянка першабытнага чалавека і Свята-Раство-Багародзічны мужчынскі манастыр. Цудатворны абраз Юравіцкай іконы Божай Маці (Літасцівай), які там захоўваецца з 1630 года, ушаноўваецца праваслаўнымі і католікамі. У нас на Гомельшчыне ёсць некалькі прыгожых крыніц, дзе вернікі атрымліваюць вылячэнне: Казанскай іконы Божай Маці ў Гомелі, у вёсцы Чорнае Рагачоўскага раёна, у Новай Гуце, у Пакалюбічах, у Свержыне...

І безумоўна, усіх прываблівае непаўторная прырода Беларусі, яе азёры, рэкі і балоты. Тут жа на Палессі шмат грыбоў і ягад. Мне вельмі падабаецца месца на Лоеўшчыне, дзе воды Сожа ўліваюцца ў магутны Днепр.

Вітольд Іваноўскі, гродзенскі краязнаўца:

— Аматары рэлігійнага турызму могуць убачыць у Гродне храмы многіх канфесій. Усе яны дзейнічаюць. Гэта вельмі талерантны горад.

Па-першае, самая старажытная ў Беларусі і Усходняй Еўропе праваслаўная царква Барыса і Глеба, ці Каложская, якая дайшла з ХІІ стагоддзя. Адзінае, што пашкодзіла яе, — гэта паводка на Нёмане ў 1863 годзе. Але царква дзейнічае і даступная для турыстаў.

Па-другое, каталіцкі Фарны касцёл, ці сабор Святога Францыска Ксаверыя, уражвае самым вялікім у Еўропе драўляным алтаром вышынёй 22 м.

Знакамітая харальная сінагога — адзіная ў Беларусі. Хоць яе фасад дабудаваны пазней, але малельная зала захавалася з ХІV стагоддзя, тут створаны музей гродзенскага яўрэйства. Таксама ў Гродне знаходзіцца адзіная ў Беларусі лютэранская кірха, дзе не толькі праходзяць службы, але і адбываюцца канцэрты арганнай музыкі. На іх выступаюць музыканты з розных краін свету.

У Гродне ёсць унікальныя аб'екты, якія захаваліся з часоў Першай сусветнай вайны. Гэта знакамітыя фарты, усяго іх было 13, але ўсе яны былі зруйнаваны, за выключэннем некалькіх. Цалкам дайшоў да нас галоўны форт, які наведваў расійскі імператар Мікалай ІІ са сваёй світай.

У турыстычны маршрут уключаны яшчэ адзін форт, які таксама захаваўся ў добрым стане. Па дарозе да форта можна зрабіць прыпынак у былым маёнтку графа Тызенгаўза,  які быў у Польскім каралеўстве міністрам фінансаў, а пасля гродзенскім старостам. Былы комплекс адноўлены ў адпаведнасці з яго гістарычным абліччам. Цяпер тут можна зрабіць прыпынак, адпачыць, для турыста створаны добрыя ўмовы. Дарэчы, прыклад узнаўлення старажытнага комплексу цалкам — з'ява даволі рэдкая, як у Беларусі, так і ў Еўропе.

У тэму: З 26 кастрычніка 2016 года замежныя турысты могуць наведваць Гродна і частку раёна без візы. Гэта тэрыторыя аб'яднана агульнай назвай — парк «Аўгустоўскі канал». У бязвізавай зоне замежны турыст можа знаходзіцца да 5 сутак. За гэты час новымі ўмовамі скарысталіся 3,5 тысячы замежнікаў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Паспець за пяць дзён

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.