Вы тут

Адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння музычнай прэміі «Ліра»


Лепшую беларускую песню ў 2016 годзе напісаў гурт «J:МОРС», які таксама абраны лепшым музычным калектывам краіны.

Увечары 9 лютага ў сталічным Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння V Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне папулярнай музыкі «Ліра». Нагадаем, гэты конкурс, арганізатарамі якога з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі і Агульнанацыянальнае тэлебачанне, з 2014 года праходзіць раз на два гады і ўлічвае пры вызначэнні найлепшых дзеячаў айчыннай эстрады ратацыю на радыё- і тэлеканалах, прасоўванне артыстаў у інтэрнэце, меркаванні прафесіяналаў, а таксама ацэнкі слухачоў.


Пераказваць храналогію ўручэння ўсіх прэмій у 12 асноўных і дзвюх спецыяльных намінацыях, мабыць, не мае сэнсу — ужо ў гэту нядзелю, 12 лютага, усе ахвотныя змогуць паглядзець на тэлеканале АНТ тэлеверсію цырымоніі і яркае музычнае шоу. Таму звернем увагу на некаторыя нябачныя з экранаў, але ад таго не менш важныя акалічнасці.

Пачнём з таго, што пасля «перазагрузкі», праведзенай у 2014 годзе, прэмія нарэшце набыла стабільнасць: у колькасці і назвах намінацый — тузін асноўных, а таксама ў парадку правядзення самога конкурсу — тры этапы. Такім чынам увесь працэс стаў больш празрыстым і зразумелым. Адпаведна скарацілася і працягласць самой цырымоніі — замест колішніх пяцігадзінных масавых танцаў з бубнам «Ліра-2016» заняла ўсяго толькі тры гадзіны, і гэта з абавязковымі тэхнічнымі паўзамі, замінкамі вядучых і пераздымкамі дубляў, якія, натуральна, выражуць з эфіру.

Дзеля большай празрыстасці і разам з тым інтрыгі арганізатары сёлета ўпершыню пайшлі на смелы крок: уладальнікаў 9 з 14 прэмій прафесійнае журы вызначала галасаваннем наўпрост падчас цырымоніі, і гледачы маглі сачыць, які выбар зрабіў кожны з 11 суддзяў. Прэтэндэнты ж — і гэта таксама ўдалы ход АНТ — чакалі абвяшчэння вынікаў і дзяліліся эмоцыямі ў «грын-руме» непасрэдна за дзвярыма глядацкай залы, у холе Палаца Рэспублікі, адкуль перыядычна рабіліся прамыя ўключэнні. Гэтыя перамены адбіліся на агульнай атмасферы «Ліры» вельмі нават няблага, ператварыўшы доўгае чаканне ў сапраўды хвалюючы і цікавы працэс.

Яшчэ адно добрае пачынанне сёлетняй «Ліры» — прысваенне намінацыі «Адкрыццё года» імя Аляксандра Ціхановіча. І гэта не проста даніна павагі і памяці народнаму артысту Беларусі, — улічваючы, колькі прадзюсарскай, музычнай і простай чалавечай падтрымкі атрымалі ад Аляксандра Ціхановіча многія некалі дэбютанты, а цяпер ужо вядомыя выканаўцы, — а добры стымул пачаткоўцам апраўдаць высокі давер.

Нарэшце, вельмі добрым рашэннем арганізатараў, мяркуючы па рэакцыі публікі, стала адсутнасць жорсткага рэгламенту для лаўрэатаў і ганаровых гасцей цырымоніі. Інкаш, напэўна, не прагучалі б жартаўлівыя кпіны Аляксандра Саладухі, які прызнаў свайго цёзку па прозвішчы Арцёма Саладуху «пазашлюбным сынам». Або магло б застацца па-за кадрам кранальнае і шчырае выступленне «Лепшага паэта года» Алега Жукава, які ў свае 80 гадоў дасць фору многім маладым творцам, — толькі летась ён напісаў 15 песень і, падзякаваўшы нябёсам за доўгае жыццё і паўвекавую працу з маладымі артыстамі, зухавата паабяцаў: «Мы яшчэ пакажам!» А якой эфектнай атрымалася фінальная прамова старшыні журы Анатоля Ярмоленкі, якога зала незапланавана ўгаварыла праспяваць — і разам з ім зацягнула «А я лягу, прылягу...». Нездарма ўладальнікі галоўнай прэміі «Лепшая песня года» і звання «Лепшы калектыў года», гурт «J:МОРС», з лёгкай зайздрасцю адзначылі: «І мы хацелі б дабіцца такіх вынікаў у сваёй музычнай кар'еры: каб мы выйшлі на сцэну з адным мікрафонам, а вы з намі спявалі».

...Тым не менш без лыжкі дзёгцю сёлетняя «Ліра», як і яе папярэднікі, таксама не абышлася. «Чаму галоўныя ўзнагароды атрымліваюць адны і тыя ж?» — гучным шэптам абмяркоўвалі ў нас за спінамі гледачы ўручэнне прэмій за лепшы жаночы і лепшы мужчынскі вакал. Пераможцамі ў ім сталі Іна Афанасьева і Саша Нэма. Дзеля справядлівасці заўважым: аналагічныя ўзнагароды артысты ўзялі адпаведна шэсць і пяць гадоў таму, і пытанне, чаму за гэты час не з'явілася годных канкурэнтаў, трэба адрасаваць зусім не ім і не журы. А вось з крытыкай у адрас намінацыі «Стыль года», якую таксама давялося пачуць у закуліссі конкурсу, мы, напэўна, пагодзімся: сапраўды, чаму за працу айчынных дызайнераў па стварэнні адметных сцэнічных касцюмаў прызавыя статуэткі атрымліваюць толькі... артысты, якія гэтыя ўборы носяць?

Але найбольшае засмучэнне выклікала ў нас нейкае «скамечанае» двухмоўе цырымоніі: пара вядучых на сцэне гаварыла па-беларуску з памылкамі, вядучая ў «грын-руме» — па-руску, лаўрэаты — хто так, хто гэтак. Цалкам на беларускую Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнага мастацтва перайшла... праз тры гадзіны, у апошняй (!) намінацыі «Лепшая песня года». Цуд, дый годзе!

Безумоўна, усё гэта прыватнасці і суб'ектыўны погляд. Але ацэнка творчасці — рэч заўжды ў нечым суб'ектыўная, а межаў дасканаласці няма...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Фінальны акорд «Ліры»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?