Вы тут

Дом нацыянальных літаратур плануюць адкрыць у Маскве


Гэту ідэю беларускія аўтары абмеркавалі разам з рэктарам Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага Аляксеем ВАРЛАМАВЫМ у Мінску. Наш карэспандэнт даведаўся, як будзе выглядаць праект і які след застаўся ад беларускіх паэтаў і пісьменнікаў у Літінстытуце.


Збіраем найлепшых

«Залаты век» Літаратурнага інстытута — савецкі час, лічыць яго рэктар. «З прафесійнага пункту гледжання, калі Саюз пісьменнікаў СССР быў заснавальнікам і разумеў спецыфіку літаратурнай падрыхтоўкі, умовы былі лепшыя, чым тыя, у якіх мы працуем цяпер». Да таго ж пісьменнік і гісторык Вячаслаў БАНДАРЭНКА ўспомніў і «залаты прыём» — студэнтам, якія прайшлі праз Вялікую Айчынную вайну, было што напісаць з уласнага вопыту. Дарэчы, пэўны час першакурснікам мог стаць толькі той, хто меў двухгадовы досвед працы. Цяпер жа, як і ў астатнія ВНУ, моладзь сюды прымаюць адразу пасля школы. Наколькі гэта правільна... Цяжка сказаць, бо пісьменнікі лічаць, што паэт фарміруецца нашмат раней, чым празаік ці драматург.

— У нетрах інстытута даўно спела ідэя тое добрае, што было тады ў Літінстытуце, паспрабаваць зараз адрадзіць у новых умовах і формах. Змяніць навучальныя праграмы. А сярод таго, што страцілі, — кафедра мастацкага перакладу з моў народаў СССР. Напрыклад, Чынгіз Айтматаў, Расул Гамзатаў з'явіліся дзякуючы Савецкай імперыі, якая несла не толькі кроў і тэрор, але і адукацыю, культуру.

Гэта ідэя ў выніку разважанняў ператварылася ў больш буйны праект — Дом нацыянальных літаратур. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін яго ўжо падтрымаў, таму існуе вялікая імавернасць, што ён будзе рэалізаваны. «Гэта, з аднаго боку, грамадска-палітычны цэнтр, таму што дружба народаў — важная задача. З другога, — культурна-асветніцкі». Там плануюць зрабіць выдавецтва, магчыма, заснаваць часопіс і майстэрні мастацкага перакладу. Арганізатары хочуць, каб на месцы былой Някрасаўскай бібліятэкі быў пабудаваны сучасны комплекс.

Ладзім сустрэчу

Літінстытут разлічвае і на дапамогу беларускіх аўтараў. Падчас візіту Аляксей Варламаў сустрэўся з рэктарам Белдзяржуніверсітэта Сяргеем Абламейкам. На сустрэчы з'явілася ідэя, каб БДУ каардынаваў працу Дома з беларускага боку.

Каб пачаць з канкрэтных спраў, пісьменнікі Беларусі і Расіі могуць разам выпусціць зборнік, альманах ці анталогію. Іншая ідэя — праводзіць сумесныя майстар-класы ці семінары.

Гавораць выпускнікі

Падчас круглага стала аўтары закранулі і рэзанансныя пытанні, напрыклад, ці ёсць для пісьменнікаў забароненыя тэмы. Паэт Анатоль АЎРУЦІН гаворыць, што ён не прыхільнік таго, каб аўтар працаваў на мяжы дазволенага. «Літаратар мусіць сваімі творамі паказваць, чаго ён варты, што капае ён у сваёй душы, а заадно — і ў душах чалавецтва».

Ксенія ВЯЦКАЯ, выпускніца Літінстытута, расказала сваю гісторыю. «Я не стала пісьменніцай, хоць мне здавалася, што ў 18 гадоў я пісала як геній. Можа, гэта да лепшага. Вядома, мая прафесія цяпер звязана з добрым словам, і я вельмі ўдзячная гэтай адукацыі. Я ёй ганаруся. Мне б хацелася, каб, можа, і мае дзеці туды пайшлі. Калі выпускалася, выкладчыкі захапляліся маёй патрыятычнай прозай пра Беларусь. Я пытаюся ў сваіх аднакурснікаў — ніхто менавіта літаратурай не займаецца. Тут мусіць сысціся вельмі шмат: і талент, і адукацыя».

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Слова да слова

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.