Вы тут

Дзякуй за твой час


Таня, калі мы вучыліся ва ўніверсітэце, марыла зарабіць шмат грошай і купіць сваёй маме джынсавы касцюм і ружовы кадылак. Я таксама, калі пачала працаваць, старалася чым-небудзь парадаваць бацькоў. То новы чайнік прывязу, то цёплыя калготкі... Бацькі прымалі гэтыя сціплыя падарункі, але чаканай радасці я на іх твары не бачыла. А праз некалькі месяцаў знаходзіла тыя калготкі ў сваім заплечніку. Ды і чайнік так і стаіць не крануты. Маўляў, вам (маюць на ўвазе мяне і сястру) пасля будзе. Я спачатку нават крыўдзілася. Пакуль не зразумела, што бацькам насамрэч патрэбныя не касцюмы, кадылакі ды чайнікі, а...


Мінулы раз я ехала дадому з цвёрдай мэтай: нарэшце навучыцца шыць Пакуль тата тлумачыў, як устаўляць катушкі з ніткамі ў швейную машынку ды мяняць звычайнае шво на зігзагападобнае, мы з ім, здаецца, сталі бліжэйшыя. За некалькі гадзін я даведалася шмат новага пра роднага чалавека. У прыватнасці, што шыць тату ніхто не вучыў. «Проста настаўніца сказала прынесці пакунак для навагодняга падарунка. У той час цэлафанавыя былі ў дэфіцыце. Таму я прыйшоў дадому, выдраў са сшытка дзве старонкі і сшыў іх, як атрымалася, на мамінай машынцы».

Спачатку тата злаваўся, што ў мяне не атрымлівалася рытмічна націскаць нагой — і нітка зрывалася. Але калі праз некалькі гадзін спроб і памылак ён убачыў цэлую кучу пакункаў для захоўвання фасолі (я іх пашыла са старых навалачак), рэзюмаваў: «Ну, вось цяпер і замуж можна аддаваць» (гэта яго каронны выраз — найвышэйшая ступень пахвалы). А потым з гонарам расказваў па скайпе сваякам пра мае поспехі.

Памятаю, як улетку патэлефанаваў Сцёпа: «Можаш запытацца ў сваёй маці рэцэпт тых салодзенькіх агурочкаў, якімі ты мяне частавала». Калі перадала матулі просьбу сябра, тая, здаецца, ажно памаладзела.

Закруткі мама робіць, колькі я сябе памятаю. Слоікаў пад 200, самых розных памераў. Сярод іх не толькі ўлюбёныя ўсімі маімі сябрамі агурочкі, але і салянка з капустай і грыбамі, кабачковая ікра, кампоты, варэнне... У дзяцінстве я бачыла, як мама робіць тыя закруткі, але самой вучыцца не хацелася. Маўляў, мне гэта не спатрэбіцца, цяпер усё ў краме можна набыць.

А нядаўна жаданне навучыцца ўзнікла. Пасля таго як на працы наткнулася на паўлітровы слоік з крамным малінавым варэннем. Яго пакінула, сыходзячы ў дэкрэт, каляжанка. Есці тое варэнне пасля мамінага я не змагла. Мама ж, калі пачула, што я збіраюся ўзяць у яе майстар-клас па закрутках, здаецца, зноў памаладзела.

Андрэй яшчэ ў студэнцкія гады з'ехаў за акіян. На радзіме бываў рэдка. Вучоба, кар'ера... Ды што там казаць, на жонку і сына не заўсёды хапала часу. Неяк увечары патэлефанавала маці і паведаміла яму, што памёр сусед. Па шчырасці, Андрэй даўно не ўспамінаў пра дзеда Грышу. Але са слоў маці аказалася, што стары часта пытаўся пра Андрэйку. Успамінаў тыя дні, якія хлопчык праводзіў з ім. (Андрэй рана застаўся без бацькі. Таму менавіта дзед Грыша навучыў хлопца майстэрству цяслярскай справы, якое лягло потым у аснову яго бізнесу).

Праз некалькі дзён Андрэй атрымаў пасылку. Там была маленькая скрыначка. Тая самая, што ляжала пад замком у верхняй шуфлядзе пісьмовага стала суседа. У дзяцінстве Андрэй тысячу разоў пытаўся ў дзеда Грышы, што знаходзіцца ў гэтай скрыначцы. На што атрымліваў адказ: «Там тое, што я цаню больш за ўсё ў сваім жыцці». У канверце ляжаў ключык і запіска: «Пасля маёй смерці, калі ласка, перашліце гэтую скрыначку Андрэю Леціну (побач быў яго амерыканскі адрас)». Ледзь стрымліваючы слёзы, Андрэй беражліва адчыніў скрыначку. Унутры ляжаў залаты кішэнны гадзіннік, а на яго вечку было выгравіравана «Дзякуй за твой час, Андрэйка! Р. Б.» Андрэй выклікаў сакратарку і папрасіў адмяніць усе сустрэчы на бліжэйшы тыдзень. На здзіўленае «навошта?» адказаў, што яму трэба час, каб правесці яго з сям'ёй.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Каментары

Дзякуй вялікі вам, Назейка за цудоўныя артыкулы! Вы - вельмі светлы і чуллівы чалавек і слова ў вас такое ж светлае і чыстае, як і вы. Натхнення і гармоніі!
Шчыра дзякую за добрыя словы! Гэта найлепшая ўзнагарода для мяне! І крыніца натхнення)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».