Вы тут

Пятая частка пажараў у краіне адбываецца з-за электрапрыбораў


1 чэрвеня мінулага года ратавальнікі выехалі тушыць пажар у шматкватэрным доме ў пасёлку Вялікая Бераставіца. У адной з кватэр загарэўся тэлевізар. Пасля высветлілася, што яго незадоўга да ўзгарання глядзеў гаспадар кватэры. Ён выключыў устройства і пайшоў на кухню. Выключэнне аказалася няпоўным — выявілася, што тэлевізар знаходзіўся ў рэжыме чакання. Праз некаторы час пенсіянер пачуў пах гару. Віноўнікам пажару стаў блок сілкавання апарата, у якім адбылося кароткае замыканне. Добра яшчэ, што гаспадар кватэры аказаўся дома. Толькі дзякуючы гэтаму ўрон ад пажару аказаўся мінімальны.


Фота: snosn.com

Чамусьці людзі думаюць, што выключыць той жа музычны цэнтр, тэлевізар ці камп'ютар — гэта проста націснуць кнопачку на пульце і перавесці яго ў рэжым чакання. А зарадку для мабільнага тэлефона і ўвогуле трымаюць у разетцы суткамі. З аднаго боку, гэта зручна, калі спатрэбіцца ўключыць апарат. А з супрацьпажарнага пункту гледжання ўсё не так добра. Прыбор у рэжыме чакання ўсё роўна застаецца пад напружаннем і спажывае электраэнергію з усімі магчымымі наступствамі.

Але адключыць усе прыборы ад электрычнасці нельга. Напрыклад, што рабіць з халадзільнікам? Адна справа, калі загарэўся «старажытны» экзэмпляр кшталту «Дняпра», «Мінска» ці «Саратава», —
прыкладна 10 гадоў таму па краіне пракацілася сапраўдная хваля загаранняў такіх рэтра-халадзільнікаў. Тут усё зразумела: гаспадары не звярнулі ўвагі на гранічна дапушчальны тэрмін эксплуатацыі апарата, за што пасля і паплаціліся. А вось аўтар гэтых радкоў стаў у дзяцінстве сведкам таго, як ледзь не загарэўся пяцігадовы апарат. Пажару не адбылося толькі дзякуючы таму, што я позна ўвечары чытаў кнігу на кухні і раптам адчуў, як ад халадзільніка пачало ісці нейкае цяпло, а сам ён дзіўна загудзеў. Доўга не думаючы, выцягнуў вілку з разеткі і пайшоў будзіць бацькоў. Пасля аказалася, што блок сілкавання ледзь не нарабіў бяды...

Немагчыма кожны раз абясточваць і сучасныя стацыянарныя тэлефоны, якія часта падключаюцца да сеткі 220 вольт. Ці, напрыклад, роўтар, дзякуючы якому працуе сігналізацыя.

— Менавіта таму пачынаць клапаціцца пра супрацьпажарны стан электрапрыбораў неабходна яшчэ пры іх набыцці, — гаворыць афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі Віталь Навіцкі. — Тэхніку трэба купляць толькі ў спецыялізаваных крамах — яна павінна быць якаснай, спраўнай, мець ўсю адпаведную дакументацыю (тэхнічны пашпарт, гарантыйны талон, інструкцыю аб правілах карыстання). Карыстацца электрапрыборамі трэба па прызначэнні. А ў выпадку паломкі — давяраць рамонт выключна спецыялістам. У сучаснай тэхніцы практычна няма вузлоў, якія маглі б абслугоўвацца некваліфікаваным чалавекам.

Што рабіць, калі электрапрыбор загарэўся?

Перш за ўсё трэба абясточыць памяшканне. Менавіта таму неабходна загадзя запомніць, дзе знаходзяцца патрэбныя выключальнікі. Асабліва гэта важна для старых шматкватэрных дамоў, у якіх часта рубільнікі адразу некалькіх кватэр у адным тамбуры зведзены ў адзін шчыток.

— Прыбор тут жа трэба накрыць шчыльнай тканінай ці коўдрай, каб імгненна перакрыць доступ кіслароду, — раіць Віталь Навіцкі. — Прыладу вадой тушыць не рэкамендуецца з-за таго, што можа адбыцца выбух. Адлік часу пры ліквідацыі пажару электрычнага прыбора ідзе на хвіліны. Калі справіцца з загараннем хутка не ўдалося, тэрмінова пакідайце памяшканне, шчыльна зачыніўшы вокны і дзверы. У тым ліку і з-за таго, што пры гарэнні выдзяляюцца вельмі шкодныя рэчывы ад ізаляцыі правадоў і карпусоў плат. Захінуцца ад таксічнага дыму можна насоўкай або рукавом вопраткі.

Кароткае замыканне можа ўзнікнуць і з-за перагрузу сеткі. На адну разетку падключаюцца прыборы, якія спажываюць шмат электрычнасці, — мікрахвалёвая печ, камп'ютар, прас, электрачайнік... Між іншым, даведацца пра тое, што праводка працуе пад высокай нагрузкай, проста. Калі дастаць штэпсель з разеткі, ён будзе гарачы.

Занядбанне гэтага пункта бяспекі прывяло летась у сакавіку да трагедыі ў Астраўцы. Мясцовая жыхарка паведаміла аб тым, што з акна пятага паверха інтэрната ідзе дым. Ратавальнікі праніклі ў пакой і знайшлі на падлозе жанчыну. Рэанімацыйныя мерапрыемствы поспехам не скончыліся. Пры далейшым аглядзе памяшкання аказалася, што з дапамогай аднаго падаўжальніка былі падключаны камп'ютар, масляны электраабагравальнік і яшчэ некалькі прыбораў.

У дамах старой пабудовы, якія не зведалі капітальнага рамонту, ёсць асобная загана — вельмі істотнае абмежаванне па сумарнай магутнасці адначасова працуючых прылад. Справа ў тым, што сучаснай колькасці магутных электрапрыбораў — мікрахвалёвых печаў, пральных машын-аўтаматаў, камп'ютараў, мульціварак — 30—40 гадоў таму проста не існавала. Але праводцы гэтага не растлумачыш...

Слабае месца электрычных прыбораў — гэта сеткавы шнур. З-за частых згібаў токавядучая жыла кабелю можа надламацца ці ўвогуле абарвацца. Дрот пачне іскрыць, награвацца і ў рэшце рэшт гэта прывядзе да пажару. Асабліва гэта важна для месца, дзе шнур мацуецца да вілкі. Менавіта таму ніколі не трэба даставаць вілку, цягнучы за кабель. Таксама трэба сачыць за цэласцю самой ізаляцыі на кабелі. Любое дакрананне да аголенага провада можа скончыцца бядой. Асабліва гэта важна пры працы з электраінструментамі, дзе імавернасць кантакту са шнуром сілкавання даволі высокая. Пры іх эксплуатацыі таксама здараюцца выпадкі пашкоджання схаванай праводкі пад напружаннем у сценах.

На Беларусь насоўваецца хваля арктычнага холаду. Чакаецца, што слупок тэрмометра зноў будзе штурмаваць адзнаку ў мінус дваццаць градусаў. І зноў з'яўляецца попыт на электрычныя абагравальнікі. Здавалася б, што можа быць прасцей, чым карыстацца такім прыборам? Але ж 12 пажараў з-за іх няправільнай эксплуатацыі летась здарылася. Самы жудасны з іх — у Асіповічах. Тады ў агні загінула маці з двума дзецьмі.

— Пры выбары электраабагравальніка лепш аддаць перавагу апарату, абсталяванаму сістэмай аўтаматычнага выключэння, — гаворыць Віталь Навіцкі. — Калі ён перагрэецца або ўпадзе, то проста перастане працаваць. Часам пажары здараюцца з-за таго, што на абагравальніку сушаць бялізну ці абутак. Ці проста забыліся пачысціць ад пылу. Катэгарычна забаронена выкарыстанне самаробных агрэгатаў для абагрэву: у большасці выпадкаў творы дамарослых «кулібінаў» становяцца крыніцамі пажараў.

Цікава ведаць

На долю электрапрыбораў летась прыйшоўся кожны пяты пажар. Разам іх назбіралася 1121.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Фатальныя вольты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?