Вы тут

Прэзідэнт: Сувязі з рэгіёнамі ўтрымалі нас адзін каля аднаго


Сувязі паміж рэгіёнамі становяцца ўсё больш значным фактарам умацавання эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Такую думку выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Кастрамской вобласці Расіі Сяргеем Сітнікавым.


Паводле слоў Прэзідэнта, яго папракаюць у тым, што ён шукае інтарэс. «Але калі б не было інтарэсу, напэўна, і вы сюды не прыехалі б. Так, мы заўсёды былі б сябрамі і братамі, але, каб мець назаўсёды брацкія адносіны, асновай павінна быць эканоміка», — цытуе словы Прэзідэнта карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што без цеснага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусь і Расія ніколі не мелі б такіх блізкіх, саюзніцкіх адносін. «Сувязі з рэгіёнамі ўтрымалі нас адзін каля аднаго. Вы павінны ведаць, што вы, расіяне, нашы самыя блізкія браты, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Дзякуй вам за тое, што выратавалі гэты саюз».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Кастрамская вобласць даўно з'яўляецца перспектыўным і надзейным партнёрам Беларусі. «Вы — прадстаўнік сапраўднай Расіі, Кастрамская вобласць — гэта сэрца Расіі. Вы перажываеце тыя ж праблемы, што і мы. У нас узаемадапаўняльныя, падобныя эканомікі», — адзначыў беларускі лідар. Умацаваць супрацоўніцтва паміж расійскім рэгіёнам і Беларуссю дапамогуць цесныя сувязі па лініі народнай дыпламатыі, якія неабходна ўстанаўліваць, перакананы кіраўнік дзяржавы.

«У ранейшыя часы аб'ёмы ўзаемнага гандлю Беларусі з Кастрамской вобласцю перавышалі $100 млн. Не з кожнай буйной краінай у нас такі тавараабарот. Але за апошнія два гады аб'ёмы тавараабароту значна скараціліся, што мяне вельмі хвалюе, — сказаў Прэзідэнт. — Паўстае пытанне, навошта мы стваралі адзіную эканамічную прастору не толькі ў нашай Саюзнай дзяржаве, але і ў ЕАЭС».

Прэзідэнт падкрэсліў, што трывалыя эканамічныя сувязі з'яўляюцца асновай любых адносін. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па многіх напрамках беларуская прамысловая прадукцыя вырабляецца з выкарыстаннем вялікай долі расійскіх сыравіны і камплектуючых. Пры гэтым устойлівая работа адпаведных вытворчасцяў у Расіі ў значнай меры залежыць і ад сітуацыі на беларускіх заводах.

Прэзідэнт Беларусі заклікаў Расію разбірацца, перш чым уводзіць забарону на пастаўкі прадуктаў харчавання з Беларусі. «Вядома, мы не загінем. Сёння свет глабалізаваны. Так, будзе складана страціць расійскі рынак, яшчэ нешта. Не ўвесь мы яго страцім. Нават калі Данкверт захоча, не атрымаецца. Але тым не менш навошта гэта, мне не зразумела. Я ніяк не магу зразумець, навошта гэта робіцца», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сапраўды часам выяўляюцца спробы паставак па шэрых схемах. «Але пры чым тут Мінская вобласць? Жулікаў хапае, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Навошта ж вы закрываеце, перш чым разабрацца. Калі вы ў Мінскай вобласці ўбачыце хоць адзін грам дрэннага мяса, закрывайце поўнасцю краіну».

Прэзідэнт прывёў пазітыўны прыклад супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем па пытанні арганізацыі паставак на кітайскі рынак ялавічыны. «Яны прыехалі як партнёры, паглядзелі нашы прадпрыемствы. Няма ніякіх пытанняў», — адзначыў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на пытанне паставак на расійскі рынак перапрацаванай сельгаспрадукцыі. «Што мы тут парушаем? Нічога. Мы купляем і перапрацоўваем прадукцыю. Дакладна гэтак мы можам купіць ва Украіне, у Польшчы мяса. Перапрацаваць яго на прадпрыемствах, атрымаўшы новы прадукт, і пастаўляць на ўсе рынкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў Беларусі не так шмат свабодных магутнасцяў для перапрацоўкі замежнай сыравіны і ў асноўным яны выкарыстоўваюць прадукцыю айчыннага АПК. «Калі ў нас ёсць свабодныя магутнасці, каб дадаткова перапрацаваць, гэта 3 працэнты. У нас свае перапрацоўчыя прадпрыемствы загружаны поўнасцю. І што, гэтыя 2—3 працэнты нейкую пагрозу нанясуць Расіі?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Ён заўважыў, што пры ўсім пры гэтым для Беларусі ў тавараабароце з Расіяй складваецца адмоўнае сальда ў некалькі мільярдаў долараў. «Простая эканоміка. Я пачынаю ўжо думаць: напэўна, палітыка — сапраўды баяцца страціць Беларусь. Усё ж такі тысяча кіламетраў калідор, — адзначыў Прэзідэнт. — Пачынаю ўжо ўгаворваць: ды выкіньце вы з галавы. Публічна кажу». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі толькі стаў Прэзідэнтам, перад краінай стаяў выбар: або глыбока інтэгравацца з Захадам, або захаваць народнагаспадарчы комплекс з Расіяй, створаны яшчэ ў час Савецкага Саюза. «Я выбраў другое. Увесь адказ, куды Лукашэнка павярнуў або паварочвае — на Захад або на Усход. Да таго ж мы правялі рэферэндум па маёй ініцыятыве: быць з Расіяй або не быць. І больш як дзве трэці адназначна сказалі: так, мы з Расіяй», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваю чаргу Сяргей Сітнікаў выказаў упэўненасць, што Беларусь і Расія заўсёды будуць разам. Фундамент для гэтага заклала агульная гісторыя і блізкія, роднасныя адносіны паміж народамі. «Мы, паўночныя расіяне, народ больш сардэчны. Мы з асаблівым хваляваннем ставімся да гэтых сувязяў і адносін», — заўважыў ён.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Эканоміка як аснова брацкіх адносін

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.