Вы тут

Досвед беларускіх анколагаў можа служыць прыкладам для замежжа


Захваральнасць ад анкалагічных захворванняў штогод расце, але палохацца не варта — гэта звязана і з павелічэннем працягласці жыцця, і з паляпшэннем дыягностыкі, і са зніжэннем смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў. Анкалагічная служба працуе на добрым узроўні, а ўсё, што патрабуецца ад нас — рэгулярна абследавацца.


Нават сам факт правядзення летась у Беларусі ІХ з'езда анколагаў і радыёлагаў СНД і Еўразіі з удзелам 2,5 тысячы дэлегатаў з 25 краін пацвярджае, што ў айчыннай анкалагічнай службы поспехі дакладна ёсць. Прызнала гэта і каманда замежных экспертаў, якія напярэдадні з'езда пацвердзілі, што ўзровень аказання анкалагічнай дапамогі ў нас высокі і што такі вопыт работы можа служыць прыкладам для іншых краін.

— З адкрыццём малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу і рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі можна весці размову аб персаніфікаванай медыцыне, — калі прызначаецца індывідуальная тактыка дыягностыкі і лячэння з улікам не толькі пухліны і распаўсюджанасці працэсу, але і генетычных мутацый, якія ў ёй адбыліся, — тлумачыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Сяргей КРАСНЫ. — Ведаючы мутацыі, можна выяўляць мяркуемую адчувальнасць да лекавых сродкаў і падбіраць іх у індывідуальным парадку.

Новыя дыягнастычныя магчымасці дазваляюць выявіць у здаровага чалавека схільнасць да ўзнікнення той ці іншай пухліны. Гэта актуальна для сваякоў ужо захварэлых людзей.

Далей можна прадугледзець прафілактычныя меры, рэжым назірання або выкананне прафілактычнай аперацыі (тое, што зрабіла Анджэліна Джалі). Дарэчы, зрабіць мастаэктамію можна так, што не застанецца ніякіх прыкмет умяшання. Малекулярна-генетычнае даследаванне дазваляе, акрамя таго, паставіць дакладны дыягназ, напрыклад, вызначыць тып лімфомы. Для чалавека, далёкага ад медыцыны, гэта адно захворванне, а на самай справе вядома сем груп лімфомы, і ў кожнай ёсць яшчэ свае асаблівасці, і ўсё гэта яшчэ і лечыцца па-рознаму. Можна цяпер спрагназаваць і зыход захворвання — у розных пацыентаў ён розны нават пры аднолькавым дыягназе. Урэшце, можна вызначыць адчувальнасць да лекаў. Цяпер у малекулярна-генетычнай лабараторыі праводзяцца больш за 20 навуковых даследаванняў. Развіваецца кірунак па стварэнні вакцын супраць раку — для канкрэтнага захворвання, канкрэтнага пацыента.

РНПЦ анкалогіі можа пахваліцца з нядаўняга часу і новым паліклінічным корпусам. Старая паліклініка даўно перастала адпавядаць патрабаванням камфорту. Адкрыўся пасля рэканструкцыі і анкаўралагічны корпус. Невыпадкова абнаўленне перажыў менавіта ён. Усё ж такі анкаўралагічная паталогія (рак ныркі, мачавога пузыра і прастаты) — гэта да 30 працэнтаў усіх злаякасных пухлін у мужчын. А ў планах на гэты год — будаўніцтва пансіяната са сталовай ці кафэ для пацыентаў і іх сваякоў. «Не заўсёды можна прайсці неабходныя абследаванні за адзін дзень, а таму за невялікую плату пацыенты і іх сваякі павінны мець магчымасць дзесьці спыніцца, і гэта не можа быць нашмат даражэйшы ложак у стацыянары, — адзначае Сяргей Красны. — Толькі саміх лячэбных паслуг ужо недастаткова для тых жа замежных пацыентаў, а да нас прыязджаюць больш як з 25 краін свету. Калі такія пацыенты не атрымаюць магчымасць камфортнага знаходжання, то выберуць іншую краіну, нягледзячы нават на больш высокі кошт. А да нас штогод прыязджае больш за 2 тысячы чалавек, на экспарце медпаслуг цэнтр зарабляе каля 3 млн долараў у год».

Рак даўно не лічыцца прысудам, — гэта хутчэй хранічнае захворванне, якое на ранніх стадыях вылечваецца ў 90—100 працэнтах выпадкаў.

Калі ўзяць усіх пацыентаў з анкалогіяй, то каля 60 працэнтаў у нас вылечваюцца. На жаль, ёсць пухліны з высокай агрэсіўнасцю — рак падстраўнікавай залозы, печані, лёгкага і страваводу.

На даследаванні па вывучэнні раку ў свеце вылучаюцца сотні мільярдаў долараў у год. Тым не менш таблеткі ад раку не вынайдзена і рэвалюцыі, паводле слоў спецыялістаў, у найбліжэйшы час не прадбачыцца. Бо адкрываецца ўсё больш мутацый — на сёння вядома звыш 600, і амаль для кожнай створаны свой лекавы сродак. Па-ранейшаму самым важным застаецца як мага больш ранняе выяўленне злаякасных пухлін, а дасягнуць гэтага магчыма толькі дзякуючы абследаванню здаровых у межах скрынінгаў. Пілотныя праекты былі праведзены і ў нас па чатырох кірунках — раку прастаты, малочнай залозы, шыйкі маткі і тоўстай кішкі (на іх долю прыпадае да 40 працэнтаў усіх пухлін). Паступова, цягам 10—20 гадоў, усе гэтыя віды скрынінгу ахопяць насельніцтва Беларусі. І самым важным тады будзе не адмаўляцца ад прапанаванай магчымасці! Сусветная практыка з сумам канстатуе, што 20 працэнтаў насельніцтва катэгарычна адмаўляецца ад абследаванняў. Аднак выяўленне раку падчас скрынінгу — гэта 97-працэнтная гарантыя вылечвання (ніводнай іншай сур'ёзнай паталогіі не ўдаецца дасягнуць такой лічбы). А сёння, не чакаючы пакуль наступіць эра скрынінгу, дастаткова рэгулярна наведваць свайго ўчастковага тэрапеўта або ўрача агульнай практыкі, які цудоўна ведае, якім можа быць даследаванне, што можна зрабіць бясплатна, а што, хай сабе, і за грошы. Той жа аналіз для мужчын на прастатаспецыфічны антыген, які варта рабіць раз у два гады, каштуе ўсяго 5 рублёў.

Колькасць пацыентаў штогод прырастае — у 2015 годзе было выяўлена 48 900 новых хворых, а па выніках мінулага года будзе яшчэ больш, — заўважае в.а. загадчыка аддзела арганізацыі супрацьракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Аляксей АКЕАНАЎ. — Сярод мужчын самымі распаўсюджанымі формамі з'яўляюцца рак прастаты, лёгкага і скуры, сярод жанчын — малочнай залозы, скуры, цела маткі і абадочнай кішкі. Той жа рак прастаты выяўляецца сёння на самых ранніх стадыях, а некалі пра гэтыя выпадкі маглі проста не здагадвацца, захворванне доўгі час працякала без сімптомаў. Колькасць выпадкаў раку прастаты прырасла за 10 гадоў на 128 працэнтаў, прыкладна на 50 працэнтаў стала больш меланомы скуры, пухлін ротавай поласці і глоткі, ныркі, і толькі раку касцей, страўніка і губы выяўляецца менш.

Дарэчы, пры рэспубліканскім цэнтры анкалогіі плануецца стварыць спецыялізаванае падраздзяленне, якое будзе лячыць пацыентаў са злаякаснай меланомай скуры з усёй краіны. У 2015 годзе было выяўлена 850 выпадкаў меланомы. Больш за ўсё рост звязаны з няправільным выкарыстаннем салярыяў, небяспечнае выпраменьванне якіх мае больш шкодны эфект, чым сонечнае святло, асабліва для людзей са светлай скурай і вялікай колькасцю радзімак. Другі важны момант — выкарыстанне крэмаў для загару, што ўзмацняе пігментаўтварэнне. Прымяненне такіх крэмаў у 3—4 разы павялічвае рызыку развіцця захворвання, і ўрачы па-ранейшаму раяць карыстацца на сонцы крэмамі менавіта ад загару.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ракавыя абставіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».