Вы тут

Нацыянальныя тэлеканалы будуць пераходзіць на HD-фармат


Пра патрэбу ў далейшай тэхналагічнай трансфармацыі вяшчання заявіла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ падчас калегіі ведамства па выніках работы ў 2016 годзе і асноўных задачах на гэты год. «Для нацыянальных каналаў ужо на блізкую перспектыву бачыцца неабходным перавод кантэнту ўсіх праграм абавязковага агульнадаступнага пакета ў HD-фармат, перавод вяшчання ў фармат 16:9 як максімальна адаптаваны для сучасных тэлепрыёмнікаў, забеспячэнне гукавога суправаджэння ў рэжыме стэрэа», — лічыць міністр.


Прыярытэтнай задачай для беларускага тэлебачання застаецца таксама стварэнне канкурэнтаздольнага кантэнту і павелічэнне долі праграм уласнай вытворчасці.

Паводле звестак Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, большасць беларусаў пры праглядзе навін аддае перавагу нацыянальным тэлеканалам. Рэйтынгі даверу да іх значна вышэйшыя, чым да расійскіх і іншых замежных СМІ. Тэлебачанне дагэтуль застаецца асноўнай крыніцай інфармацыі для 70 працэнтаў нашых грамадзян.

Што да дзяржаўнай перыёдыкі, то Лілія Ананіч адзначыла, што 2016 год, на жаль, замацаваў негатыўную тэндэнцыю падзення падпіскі на выданні. Па рэгіянальнай прэсе тыраж знізіўся ў сярэднім на 2—4 працэнты, па рэспубліканскай — на 8—9. «Зразумела, што гэта агульнасусветная тэндэнцыя, але не трэба плысці па цячэнні. Неабходна прыняць эфектыўныя крокі па павелічэнні чытацкай аўдыторыі, задзейнічаць усе рэзервы для захавання падпісных тыражоў».

Фінансава-эканамічнае становішча рэгіянальнай прэсы ў мінулым годзе можна ахарактарызаваць як устойлівае. 105 рэдакцый (ці 77 працэнтаў ад агульнай колькасці дзяржаўных рэгіянальных газет) спрацавалі на ўмовах самаакупнасці. У 2015-м такіх было 94, у 2014-м — 84.

Летась Міністэрства інфармацыі вынесла 16 пісьмовых папярэджанняў сродкам масавай інфармацыі. Былі пытанні да цэлага шэрагу кабельных аператараў. Міністр папрасіла мясцовыя выканаўчыя органы ўзмацніць кантроль за іх дзейнасцю.

Значная работа вялася Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на наяўнасць (адсутнасць) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму. У 2016 годзе ў 88 разгледжаных матэрыялах былі выяўлены прыкметы экстрэмізму. «Мы будзем прынцыпова падыходзіць да пытанняў захавання заканадаўства ўсімі ўдзельнікамі інфармацыйнага поля, ажно да прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу да тых рэсурсаў, дзейнасць якіх супярэчыць нацыянальным інтарэсам», — папярэдзіла Лілія Ананіч.

Падчас калегіі закранулі таксама пытанне кнігавыдавецтва. У мінулым годзе быў выкананы сацыяльны заказ па выпуску сацыяльна значных кніг, вучэбнай літаратуры. Але актуальнымі застаюцца праблемы складскіх запасаў, пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці за паліграфічныя паслугі. Абвастрылася тэма выпуску вучэбнай літаратуры. «Мы страцілі манаполію на вучэбнае кнігавыданне, — агучыла праблему міністр. — На сёння ў выдавецтва «Народная асвета» няма заказаў на падручнікі, яно не перамагло ні ў адным тэндары, які праводзіўся Нацыянальным інстытутам адукацыі».

Лілія Ананіч таксама запэўніла, што да канца года заданне па забеспячэнні сярэдняга заробку ў 500 долараў у галіне будзе выканана. На сёння заработная плата ў гандлі складае 425 рублёў, у паліграфіі — 600, на тэлеканалах — каля тысячы.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль ЖАРКО, які прымаў удзел у калегіі, заявіў, што галоўныя пытанні, на якія варта звярнуць увагу, — гэта эканоміка і аптымізацыя, у першую чаргу, кіраўніцкага апарату. «Працаваць на склады не трэба. Заробак павінен павялічвацца. І пачынаць неабходна са зніжэння сабекошту прадукцыі і аптымізацыі».

Падзяку ад Міністэрства інфармацыі за плённую працу атрымалі прадстаўнікі РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» — першы намеснік дырэктара Алена ЛЯЎКОВІЧ і намеснік дырэктара Наталля КРАЧАВА.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Вяшчанне па-новаму

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.