Вы тут

Жыві… Жыві!


Настасся НАРЭЙКА

нарадзілася 28 кастрычніка 1986 года ў Маладзечне. Працуе журналістам. Аўтар зборніка вершаў «Магдэбургскае права маёй душы» (2013). Рыхтуе да друку кніжку апавяданняў, у назве якой абавязкова будзе слова «вецер».



Жыві… Жыві!

* * *

Сняжынкі разбіваюцца аб шкло.

Завеі не відаць канца і краю.

Я ведаю: мінулае прайшло.

Я ведаю й на лёс не наракаю.

 

Я грэю ля агню ільдзінкі рук,

А слёз крышталь мне сыпле прама ў каву.

Я ведаю: ні крок, ні цень, ні гук

Не прывядуць сюды тваю аблаву.

 

Мне горка не ад кавы — ад цябе.

Ад вершаў, што ніколі не даходзяць,

Што стомлена вяртаюцца ў журбе

І вечарамі воч з мяне не зводзяць.

 

Я пісьмаў не паліла, а цяпер

Палю. І душыць попел іх гарачы.

І вые недзе вецер, нібы звер.

Я ўкленчыла ля полымя і плачу.

 

* * *

Ды за ім зачыняюцца дзверы

Бязгучна.

Бязгучна.

Я хілю галаву і не веру.

Не веру.

Не муч нас.

 

Я сяджу каля ложка.

Я дрэннаю буду сястрою.

Я вучылася трошкі

І, можа, цябе супакою.

 

Я трымаю руку,

Як апошні сярэбранік звонкі.

Ты даруй. На шнурку

Я нашу ўсе былыя пярсцёнкі.

 

Ты ніхто мне. А я… Я сястра.

Буду дрэннай сястрою.

Я глядач ля чужога кастра,

І твой боль я патрою.

 

Ты прабач. Не вучылі мяне

Ні лячыць, ні маліцца.

— Я памру? — Не памрэш.

І душа ў цішыні аж крыліцца.

 

За ўрачамі заўсёды

Бязгучна выстрэльваюць дзверы.

— Я памру? — Не памрэш…

І сама я ўжо ў гэта не веру.

 

* * *

А я, здаецца,

Ужо кахала…

І кава стыне.

А я, здаецца,

Заўсёды знала:

Ён вас не кіне.

 

А я, здаецца,

І не чакала —

Кахала проста.

Ды гэта мала.

Бязбожна мала!

Я сёння востаў.

 

Не верце, людзі,

Што не бывае

Каханне вечным.

Яно жывое.

І я жывая.

Падобны ў нечым.

 

І я, здаецца,

Калісьці згіну,

Сыду,

Растану.

Вы не кранайце

Слабую спіну —

Жывую

Рану.

 

Яна крывавіць,

Смыліць да нетраў,

Бо я ж ЖЫВАЯ!

Ды хто кахае,

Той крылы ветру

Не абрывае.

 

* * *

Ты стаміўся даўно ад мяне,

Недасяжна Вялікі…

Бачу словы бясконцыя ў сне.

Ды, на жаль, я — не Рыльке.

 

Мовай Гётэ пісаць да Цябе?

Толькі шэпты — не крыкі.

Я спрабую, спрабую ў журбе!

Ды, на жаль… я — не Рыльке.

 

Гэта Слова было — у Цябе.

Не вярну я пазыкі.

Выбачай. Завяршэнне сяўбе.

І няхай я не Рыльке!

 

* * *

Я гавару з Табой,

Нібыта ў цішыні

Адскокваюць ад сцен,

Як боб, пустыя словы.

Я гавару з Табой

І не прашу — ані.

Табе мяне судзіць.

Табе рабіць высновы.

 

Ты слухаеш мяне

Без гуку і без руху.

Нібыта нежывы.

А нежывая… я!

Ты слухаеш мяне.

О, слухай!

Толькі слухай!

Пакуль я гавару,

Жыве душа мая.

 

Я да Цябе пішу

Лісты мае і вершы.

І зоры за акном

Не зрушацца — ані.

Я да Цябе пішу.

Апошні мой і першы.

Чытай мяне. Услых!

Не трэба цішыні!

 

Ты адкладзеш убок

І сшыткі, і паперы.

І ўстанеш з-за стала…

І захлынецца сэрца.

Ты пойдзеш у цішы,

І ледзьве рыпнуць дзверы.

Я ж веру да канца:

Хто любіць — азірнецца.

 

І азірнешся Ты.

І зноўку я ўваскрэсну,

Як кожны раз, калі

Прыходзіць новы верш.

Як кожны раз, калі

Цвітуць пралескі ўвесну.

Як кожны раз, калі

Пішу Табе. Найперш.

 

* * *

Скідай вярыгі,

Дажджы і кнігі,

Ірві павуту

І зноў ляці.

Няма Нямігі.

Расталі крыгі.

Даруй! Прабач мне!

А не… «прости».

 

Ляці, дзяўчынка!

Без адпачынку.

Ляці і думаць

Не думай нат.

Ляці, дзяўчынка,

Як аблачынка.

І сонца ў рукі,

Нібы гранат…

 

Чырвоным сокам,

Як кінуць вокам,

Заліта неба.

Яно ў крыві?

Ды не. Дарэмна.

Не думай дрэнна.

Не думай проста.

Жыві.

Жыві.

 

* * *

Не чапайце вы вершаў маіх!

Гэта болей не я.

Ім самотна і страшна

Ляжаць на паперы маўклівай,

Як на снезе. Дзе бачная

Кожная рыска здаля.

Углядаюся ў іх

З неадольнай усмешкай шчаслівай.

 

Гэта болей не я.

Гэта болей, чым я. Гэта свет,

Увабраны ў карункі

Загадкавых слоў немінучых.

І сыходзяць яны.

І гляджу, і хрышчуся я ўслед.

Мне б адзіна глыток роднай мовы

З крынічак гаючых!

 

Не чапайце вы вершаў маіх.

Не судзіце дарма

Іх па мне. Не судзіце.

Яны за мяне не ў адказе.

Я пішу, адпускаю. І ўсё.

І мяне ў іх няма.

Я іду па дарозе далей,

Каб забыцца паразу.

 

Я малюся за іх

Да таго, хто мне шчасце дае

І пісаць, і карункі сплятаць,

І бязмежна дзівіцца.

Я малюся за іх.

І пачуты малітвы мае.

Ды цаною адной —

За сябе, пра сябе не маліцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».