Вы тут

У Арткінатэатры паказалі дакументальны фільм пра размеркаванне


Спяшаюся падзяліцца радасцю: у Мінску з'явіўся чарговы праект паказаў беларускіх кінакарцін на вялікім экране. Ініцыятыва «Сваё кіно» стартавала 1 лютага ў Арткінатэатры з паказу дакументальнага фільма Дар'і Кароль «Тэст-730», які паказвае трох маладых беларусаў, якія працуюць па размеркаванні ў невялікіх гарадах і мястэчках. Праект «Сваё кіно», што важна, прадугледжвае абавязковую сустрэчу і абмеркаванне фільмаў з іх аўтарамі, а паказы мяркуюцца быць рэгулярнымі — прыкладна штомесячнымі. Першая сустрэча, дарэчы, прадэманстравала слушнасць самой ідэі: неабыякавая публіка, абсалютна не спяшаючыся па справах, выказалася наконт размеркавання і ўласна фільма. Часта кажуць, што людзі адчуваюць патрэбу ў дыскутаванні наконт кінакарцін і закранутых імі тэм, у такім выпадку паказы «Сваё кіно» — проста раскоша, таму што прапануюць не проста фільмы, а блізкія нам фільмы.


Увогуле беларускае кіно на вялікім экране паказваецца не часта, асабліва гэта датычыцца «незалежнага» кіно, і яшчэ больш асабліва — дакументальнага. Рэдкі прадукт «Беларусьфільма» ці энтузіяста, што атрымае пракатнае пасведчанне, можа трапіць у пракат, але па-ранейшаму гэта з'яўляецца не правілам, а выключэннем. Айчынныя фільмы вы абавязкова ўбачыце на некаторых штогадовых кінафестывалях, напрыклад, міжнародны «Лістапад» паказвае Нацыянальны конкурс і складвае спецыяльную Беларускую панараму (дарэчы, тут упершыню быў паказаны і «Тэст-730» Дар'і Кароль). Часам паказы ладзяцца ў Музеі гісторыі беларускага кіно ці ў кінатэатрах сталіцы і іншых гарадоў у рамках часовых, створаных энтузіястамі, праектаў. Усё гэта носіць крыху стыхійны характар, але ўсё ж такі яно верціцца, і серыя паказаў «Сваё кіно» ўплятаецца ў стыхію.

Праект, можна меркаваць, будзе штомесячна адкрываць зацікаўленай публіцы новыя імёны і фільмы, пра існаванне якіх шмат хто нават не падазраваў. Кантэнт адабраны адным з найлепшых беларускіх кінакрытыкаў і кіназнаўцаў Антонам Сідарэнкам, што з'яўляецца арганізатарам і мадэратарам «Свайго кіно». Ужо на наступнай сустрэчы, якая адбудзецца ў Арткінатэатры 22 лютага, можна будзе ўбачыць артхаусны безбюджэтны фільм «Анамія», зняты магіляўчанінам Уладзімірам Казловым, які цяпер жыве ў Расіі і з'яўляецца пісьменнікам і ўжо вопытным рэжысёрам. У сакавіку будзе паказана праграма «Жаночы погляд», што складаецца з двух дакументальных фільмаў выпускніц Беларускай акадэміі мастацтваў — «Орша... Мінск... Орша» Юліі Ралко і «Апошняя дата» Аляксандры Маркавай.

«Праект створаны, каб выводзіць новае беларускае кіно да гледача, — кажа Антон Сідарэнка, — таму што ў сувязі з гэтым у нас ёсць вялікая праблема: фільмы здымаюцца, але аўтары не могуць знайсці гледача, а той у сваю чаргу не ведае, што можна паглядзець і якія рэжысёры з'яўляюцца ў нашай прасторы. Кожны паказ будзе суправаджацца жывой гутаркай, а гэта, на мой погляд, самае галоўнае ў праглядзе. Лічу пэўным прарывам таксама, што камерцыйны кінатэатр з добрай якасцю праекцыі і камфортнай залай пагадзіўся стаць пляцоўкай для паказаў беларускіх карцін. Тут будзе дэманстравацца новае, актуальнае, праблемнае, складанае кіно — тое, якое трэба абмяркоўваць, і тое, што выклікае пэўны рэзананс. Кіруючыся гэтым, мы выбіралі фільм для першага паказу, бо праблема размеркавання — унікальная, і гаворка тут ідзе нават не пра мастацкі складнік, а пра дакументалістыку ў прамым сэнсе слова, прызначаную адлюстроўваць з'яву».

Карціна «Тэст-730», паказаная 1 лютага, значна выйграе за кошт тэмы, бо размеркаванне — у пэўным сэнсе беларускі феномен. Хлопец і дзве дзяўчыны — героі фільма — у пралічаным мантажы (які, праўда, у канцы крыху выходзіць з каляіны) па чарзе раскрываюцца гледачу ў зададзеных кірунках. Рэжысёрка вырашыла расказаць пра гэта дакументальна-мастацкім спосабам, што, на жаль, спалучылася неарганічна. У пастановачных сцэнах, лішніх эпізодах з катамі і гарбузамі на градах, адсылцы да Ксаўе Далана адчуваецца рэжысёрскае дыктатарства, адкуль і фальш, бо быццам дакументальная фактура не здольна зрабіць тут кроку ўлева ці ўправа ад аўтарскай задумы. Уся гэта разыграная дакументальнасць павінна была перадаць меседж, толькі ў гэтым выпадку разуменне як ніколі залежыць ад самога гледача і яго прадузятасці. Трафарэтны фільм занадта спадзяецца на прамую дэманстрацыю і недастаткова ўлічвае здольнасці мовы кіно, якая тут выбудавана, але без разумення — у выніку яна ўступае з трафарэтам у спрэчку.

Галоўная вартасць карціны ў гэты ж час заключаецца ў тым, што рэжысёрка адарвала сваіх герояў ад сацыяльнага кантэксту, бо ў гэтым ёсць сэнс і аблягчэнне для фільма ад непатрэбных элементаў (д'ябал з левага пляча ўсё ж тлумачыць абраны спосаб тым, што здымкі з кантэкстам было б больш складана кантраляваць).

Што ні кажы, фільм «Тэст-730» варты спрэчак — яны на паказе былі. У арганізатараў праекта «Сваё кіно» пакуль хапае беларускага незалежнага і спрэчнага кіно да лета, а гэта значыць, што Арткінатэатр яшчэ дасць магчымасць адчуць такіх дыскусій смак.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Глядзі мяне поўнасцю

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.