Вы тут

Чалавек, як у мастацтве эпохі Адраджэння, — у цэнтры ўвагі


Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў сваёй новай выставай пацвярджае, што ў рэпрэзентацыі беларускага contemporary art ён з'яўляецца адной з найгалоўнейшых пляцовак. Гэтым разам тут падабралася разнашэрсная кампанія жывапісцаў і скульптараў, — трынаццаць аўтараў прадстаўлены ў новай выставе «Чалавек і чалавек», якая пачынаючы з 25 студзеня заняла гулкія залы Цэнтра. Паглядзець, паразважаць, парэфлексаваць і нават сфатаграфавацца — вольнаму воля. Што асабліва каштоўна ў гэтай экспазіцыі: яна прапануе не толькі мастацтва, па-сур'ёзнаму, але і не забывае «гуляць» з наведвальнікам. Цэлая зала аддадзеная на водкуп аматарам сэлфі — можна сунуць свой тварык пад вечка ўнітаза, на плячо невядомага мужчыны ці да Джона Траволты ў вобразе Вінсэнта Вегі з «Крымінальнага чытва». На тое ён і Цэнтр сучаснага мастацтва, каб улічваць актуальныя павевы.


Выстава адсылае да эпохі Адраджэння, якая ў свой час пераарыентавалася з міфалагічных істот на чалавека і сцвердзіла гуманізм і антрапацэнтрызм. Экспазіцыя Цэнтра сучасных мастацтваў, можа, і не адлюстроўвае існуючую тэндэнцыю і не сімвалізуе новы ўсплёск жадання паказаць душу ў вачах, але спасылаецца на Рэнесанс, каб акрэсліць сваю лакальную скіраванасць — на чалавека, «з яго пачуццямі і разважаннямі, перамогамі і няўдачамі, радасцямі і перажываннямі, надзеямі і страхамі».

Адлюстраванне чалавека цягне за сабой пачуцці, эмоцыі, жыццёвыя сюжэты, элементы штодзённага кантэксту, філасофію і ўсё-усё-усё — у вобразах ад Дзяніса Барсукова, Сяргея Грыневіча, Таццяны Кандраценкі, Паўла Вайніцкага, Ігара Засімовіча, Ілоны Касабукі, Уладзіміра Кандрусевіча і Паўла Кандрусевіча, які з'яўляецца куратарам выставы, ды іншых аўтараў.

— Задума наша: зрабіць разнапланавую па трактоўцы выставу, але ў рамках азначанай тэмы, не адыходзячы ад рэалістычнага — пазнавальнага — выяўлення чалавека, — каментуе куратар. — Удзельнікі выставы былі выбраны сярод мастакоў, творчасць якіх я паважаю і ўдзел якіх, на маю думку, мог бы ўзбагаціць агульную экспазіцыю (можна ўспомніць канцэпцыі кожнага мастака). Гэтым была абумоўлена і наяўнасць скульптуры побач з жывапісам. Былі думкі наконт графікі і фатаграфіі, але прыйшлося ў выніку адмовіцца...

У кожнай зале Цэнтра — адзін ці два аўтары (калі два, то жывапісец і скульптар). Гэта чорна-белыя палотны і глыбокія колеры, серыі і адзіночкі, вобразы, што пануюць на карціне, і вобразы, што становяцца часткай складанай кампазіцыі. Мы прыходзім сюды, каб недзе пазнаць сябе, а недзе ўбачыць зборную выяву тых, хто нас акружае. Мы прыходзім сюды, каб адчуць, што аказваемся ў цэнтры ўвагі, а гэта не перадаць як прыемна. Нарэшце, мы прыходзім сюды, прабачце за пафас, — каб наблізіцца да спасціжэння сябе ж ці паглядзець, якім спосабам гэта імкнуцца зрабіць мастакі.

У чым яшчэ адзін несумненны плюс выставы «Чалавек і чалавек» — у яе разнабойнасці, у тым, што тут сабраны погляды, метады і мастацтва трынаццаці розных аўтараў, а такая насычанасць дае вялікі шанц знайсці сабе нешта па духу.

Выстава абяцае працаваць месяц.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: У кожнай выставачнай зале — ты сам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».