Вы тут

Прэзідэнт прывёў да прысягі суддзю Канстытуцыйнага суда Беларусі


Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прывёў да прысягі суддзю Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Віктара Рабцава, паведаміў карэспандэнт БЕЛТА.


Пасля прынясення суддзёй прысягі Прэзідэнт уручыў Віктару Рабцаву пасведчанне суддзі Канстытуцыйнага суда і падарачны экзэмпляр Канстытуцыі Беларусі. На цырымоніі таксама прысутнічалі старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў.

«Хачу вас папрасіць, каб вы сапраўды былі надзейным вартавым выканання Асноўнага закона нашай краіны», — сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ад Беларусі часта патрабуюць увесці пасаду омбудсмена, які сачыў бы за захаваннем правоў чалавека. «У нас хоць і няма такой непасрэднай пасады, я заўсёды кажу: толькі тады будуць захоўвацца правы чалавека — права на дастойнае жыццё, на працу, адукацыю, ахову здароўя, атрыманне інфармацыі, свабоду СМІ, свабоду слова і гэтак далей (трэба бачыць усе правы чалавека), — калі галоўным інспектарам па захаванні правоў чалавека будзе Прэзідэнт», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Віктару Рабцаву поспехаў на новай адказнай пасадзе. «Вы ў нас выдатны вучоны, практык. Думаю, што Канстытуцыйны суд у вашай асобе набудзе дастойнага эксперта і змагара за правы нашых людзей, вартавога выканання Канстытуцыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць традыцыі публічнага прынясення прысягі суддзямі Канстытуцыйнага суда. «Самае галоўнае, гэта лішні раз нагадвае ўсім нам у краіне і за яе межамі аб дэмакратычнасці нашага дзяржаўнага ладу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Віктар Рабцаў у размове з журналістамі, прынясенне прысягі яшчэ раз падкрэслівае значнасць і ролю Канстытуцыйнага суда як асаблівага органа, прызначанага абараняць канстытуцыйны лад, правы і свабоды грамадзян, забяспечваць вяршэнства Канстытуцыі.

Загаловак у газеце: Бачыць усе правы чалавека

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».