Вы тут

Кнігу, прысвечаную адносінам Беларусі і Кітая, прэзентавалі ў Мінску


“Беларуска-кітайскія адносіны ва ўспамінах паслоў” – кніга з такой назвай днямі была прэзентавана ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У ёй сваімі думкамі, уражаннямі падзяліліся ўсе нашы паслы, што ў свой час жылі і працавалі ў Паднябеснай.


- Гэта кніга – яшчэ адзін духоўны ланцужок, які звязвае Беларусь і Кітай і падкрэслівае нашы сувязі, – адзначыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. – Выданне сведчыць пра высокі ўзровень узаемаадносінаў. Менавіта паслы – тыя, хто штодзённа працягвае ўмацоўваць гэтыя стасункі.

Кніга пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”. Дырэктар Павел Сухарукаў урачыста перадаў яе асобнік у дар Раману Матульскаму – дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі. Новы зборнік успамінаў зойме пачэснае месца ў галоўнай бібліятэцы краіны.

Аўтарам ідэі праекту і складальнікам кнігі выступіў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі ў 2006 – 2011 гадах Анатоль Тозік, ён адзначыў:

- Гэтымі днямі мы адзначаем 25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносінаў Беларусі і Кітая. Гэта краіна была адной з першых, якая прызнала нас у якасці незалежнай дзяржавы. Мы прайшлі велізарны шлях, які не быў азмрочаны непаразуменнямі. Сёння з упэўненасцю можна казаць, што ўзровень адносінаў нашых краін, розных па сваіх характарыстыках, якія геаграфічна далёка знаходзяцца адна ад адной, з’яўляецца амаль што ўзорным у сістэме міжнародных адносінаў.

Адначасова з прэзентацыяй выдання адбылося адкрыццё выставы “Пад крыламі дракона”, на якой можна ўбачыць шматлікія супольныя кнігі, якія сведчаць пра даўнія беларуска-кітайскія кантакты.

- Гэта кніга ўнікальная тым, што ў ёй спалучыліся самыя розныя жанры – дакументалістыка, публіцыстыка, мастацкая літаратура, – заўважыла першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. –  Мне надзвычай спадабаліся асабістыя ўражанні. З вуснаў нашых паслоў гучыць, што кітайскія жанчыны – вялікія модніцы – нездарма Кітай адзявае ўвесь свет! А кітайскія дзеці – гэта маленькія імператары...

На ўрачыстасці прысутнічала і галоўны рэдактара часопіса “Маладосць” Святлана Дзянісава, якая распавяла, што першы сёлетні нумар гэтага моладзевага выдання прысвечаны акурат кітайскай літаратуры – і ён ужо выклікаў вялікую цікавасць у чытачоў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.