Вы тут

Што на першым месцы ў стаматолага?


У маленстве Саша, як і ўсе дзеці, баяўся стаматолагаў. А цяпер сам ходзіць у белым халаце і запрашае пацыентаў у «страшнае» зубалячэбнае крэсла. Летась Аляксандр РАЧКОЎ, урач-стаматолаг-хірург 14-й цэнтральнай раённай паліклінікі Партызанскага раёна Мінска, стаў найлепшым сталічным маладым спецыялістам у сферы аховы здароўя ў сталіцы. Пра інтарэс да навукі, практыку на аднакурсніках і заробкі медыкаў-пачаткоўцаў мы даведаліся з першых вуснаў.


Ад мадэлі да пацыента

Нікога, звязанага з медыцынай, у сям'і Аляксандра няма. Юнак захацеў паступаць у медуніверсітэт, бо яму добра даваліся профільныя прадметы. Па хіміі меў дзявятку, па біялогіі — дзясятку.

— На ЦТ па хіміі атрымаў 90 балаў, па біялогіі — 87, — успамінае Аляксандр. — Але для ліцэя гэта нямнога (хлопец вучыўся ў Ліцэі БДУ. — Аўт.). Калі не памыляюся, пяць чалавек з майго класа атрымалі стабальны сертыфікат па хіміі. У мяне ў суме было 340 балаў. Крыху не хапіла для таго, каб паступіць на бюджэт. Калі б не адзін чалавек перада мной, вучыўся б на бясплатным. Але нястрашна: гэта ж не Гарвард, каштуе нашмат танней.

Стаматалагічны факультэт Аляксандр выбраў, бо там ужо з першага курса можна было працаваць рукамі. Спачатку адточвалі навыкі на мадэлях, потым на аднакурсніках. Праводзілі адно аднаму прафгігіену, здымалі адбіткі, спрабавалі рабіць анестэзію і выдаляць «студэнцкія» (гэта значыць простыя) зубы.

— І не страшна было даверыцца яшчэ нявопытным аднакурснікам?

— Не. Я працаваў у пары з сяброўкай, якая была адной з найлепшых на факультэце. Таму ведаў, на што яна здольная.

А вось самому, прызнаецца хлопец, першы раз рабіць розныя маніпуляцыі было страшнавата і няёмка. Незразумела, як да крэсла падысці, як правільна ўзяць інструмент.

На трэцім курсе будучыя зубныя ўрачы ўжо дапамагаюць на прыёме пацыентаў. Аляксандр расказвае, што на практычных занятках па хірургічнай стаматалогіі, якія праходзілі якраз у 14-й паліклініцы, выкладчыца яго заўважыла, пачала зваць на дзяжурствы, давяраць рабіць анестэзію, зашываць раны. «Да пачатку інтэрнатуры ўжо было пэўнае ўяўленне аб прафесіі», — дзеліцца суразмоўца.

Свайго першага пацыента Аляксандр добра памятае. «У яго быў фурункул верхняй губы. Трэба было зрабіць анестэзію, разрэз, паставіць дрэнаж. Гэта цяпер займае пяць хвілін. А тады ўражанняў было, быццам бы на фронт трапіў».

Хлопец працуе ў паліклініцы 2,5 года. За змену — яна доўжыцца шэсць гадзін — прымае 25—30 чалавек. Атрымліваецца, што на кожнага пацыента адводзіцца ў сярэднім 12 хвілін.

— Якімі якасцямі павінен валодаць той, хто хоча стаць стаматолагам?

— Цярпеннем і пачуццём гумару. Калі ўсё ўспрымаць сур'ёзна, не ўмець пажартаваць, можна вельмі хутка «перагарэць». Але на першае месца трэба ўсё ж такі ставіць цікавасць. Калі чалавеку не падабаецца, то вы хоць зрабіце яму суперрамонт у кабінеце, дайце аднаго пацыента на тыдзень, выдзеліце трох асістэнтак — усё роўна будзе дрэнна.

У планах — займацца навукай

Скарыстаўшыся выпадкам, не маглі не спытаць: у чым сакрэт добрай усмешкі?

— Вы хочаце пачуць пра суадносіны зубных радоў з прапорцыямі твару? — жартуе Аляксандр. — Пра гэта расказваць не буду, вельмі доўга. А сакрэт добрай усмешкі — у душы. Калі ў чалавека ўнутраны свет у парадку, то ён і ўсміхаецца прыгожа.

Чарадзейнага сродку, які зрабіў бы зубы белымі і моцнымі, на жаль, няма. Гумка, якую пастаянна рэкламуюць, узнаўляе кіслотна-шчолачны баланс, не больш. А прадукты, багатыя на кальцый і фосфар, кардынальна сітуацыю не зменяць. Зубныя рады закладваюцца ў раннім узросце, таму паўплываць на структуру тканкі і эмалі ў 20 гадоў немагчыма.

У паліклініцы Аляксандр заняты на палову стаўкі. Заробак — 250 рублёў. Акрамя гэтага, хлопец працуе яшчэ асістэнтам на кафедры хірургічнай стаматалогіі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Вядзе заняткі ў рускамоўных і англамоўных групах. Плюс кіруе студэнцкім навуковым гуртком. Цікавіцца навукай хлопец пачаў яшчэ падчас вучобы на факультэце. Займаў высокія месцы на ўніверсітэцкіх і міжнародных конкурсах, ездзіў на алімпіяду па хірургічнай стаматалогіі ў Маскву. Цяпер малады спецыяліст працягвае публікаваць свае артыкулы ў зборніках, удзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях.

— У далейшым хацеў бы заняцца навукай, — дзеліцца планамі Аляксандр. — Мне цікава даследаваць прымяненне астэапластычных матэрыялаў — яны выкарыстоўваюцца, напрыклад, для аднаўлення аб'ёму страчанай коснай тканкі.

У свабодны час — дзіву даёмся, як ён пры такой занятасці застаецца, — малады спецыяліст катаецца на снаўбордзе, ходзіць у басейн і трэнажорную залу. А яшчэ збірае вінілавыя пласцінкі. Калекцыя пакуль невялікая, штук 20. Любімы гурт Аляксандра — Pіnk Floyd: у хлопца ёсць увесь «вініл» гэтых выканаўцаў.

— Не пашкадавалі, што выбралі прафесію стаматолага?

— Не. Можна было б, вядома, пайсці ў тэхнічную ВНУ, адвучыцца на айцішніка і атрымліваць грошай нашмат больш, чым цяпер. Але сядзець 7—8 гадзін за камп'ютарам было б для мяне вельмі сумна. І гэта напружвала б больш, чым невялікі заробак. У прафесіі стаматолага для мяне плюсаў больш.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Сакрэт добрай усмешкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?