Вы тут

Гурт SnopSnoǔ — пра творчыя амбіцыі і ноткі трагізму ў мастацтве


Распачынаць кар'еру на сцэне заўсёды цяжка, асабліва калі аддаеш перавагу досыць рэдкаму і нязвыкламу для большай часткі публікі стылю. Вось і беларускі сінці-поп гурт SnopSnoǔ сёння толькі «намацвае» свой шлях у музыцы. Але, варта адзначыць, робіць гэта досыць паспяхова. Улетку хлопцы прадставілі свой дэбютны альбом «Танцпляц», зрабілі якасную новую версію славутай песні «Я, да жалю, не пан» і паступова збіраюць сваю публіку. Пра творчыя амбіцыі, размеркаванне абавязкаў у гурце, а таксама ноткі трагізму ў мастацтве мы сёння гутарым са SnopSnoǔ — Сяргеем ІВАНОВЫМ, Раманам ЖАРАБЦОВЫМ і Раманам ЕЛЯНЕВІЧАМ.


Зле­ва на­пра­ва: Сяр­гей Іва­ноў, Ра­ман Жа­раб­цоў, Ра­ман Еля­не­віч.

— Першы канцэрт SnopSnoǔ адбыўся ў чэрвені, а ўжо ў ліпені вы прадставілі свой дэбютны альбом. Зазвычай музыканты ў нашай краіне не спяшаюцца з рэлізамі, спрабуюць найперш арганізаваць больш канцэртных выступленняў. Чаму ў вас усё адбылося так хутка?

Рома Ж.: — Насамрэч, песні мы запісалі яшчэ раней, да канцэрта амаль паўгода працавалі над музычным матэрыялам.

Сяргей: — Мы былі падрыхтаваныя, пачалі запіс у верасні-кастрычніку 2015 года, з лютага мінулага года рэпеціравалі, таму ў чэрвені ўжо былі гатовыя і да канцэрта, і да прэзентацыі альбома на патрэбным узроўні.

— Іграць на рэпетыцыях, падчас запісу і на канцэрце перад публікай — розныя рэчы. Не страшна было выходзіць на сцэну?

Сяргей: — Страшна, вядома, але нам гэта было патрэбна. Калі доўгі час ладзіць толькі рэпетыцыі, то можна «перагарэць». Мы імкнуліся выступаць, і з'явілася нагода. Пасля першага канцэрта я са сцэны выходзіў расчараваны, мне не падабалася літаральна ўсё. Мы рабілі памылкі, не наладзілі належным чынам гук. Але тое, як мы ўспрымалі выступленне, адрознівалася ад таго, як яго ўспрымалі людзі ў зале.

Рома Ж.: — Водгукі пасля канцэрта былі добрыя, гледачам спадабалася. Безумоўна, мы маглі сыграць лепш, але для першага разу гэта даравальна.

— Часам вас называюць сінці-поп гуртом, нехта адносіць да індзі-рока. Як бы самі вызначылі тую музыку, якую граеце?

Рома Ж.: — Мы граем добрую музыку (смяецца).

Рома Е.: — Я не так даўно сам для сябе спрабаваў вызначыць наш стыль адным словам і вырашыў, што гэта ўсё ж электроніка.

Сяргей: — Вельмі смешнае азначэнне дала адна з расійскіх музычных суполак у сацыяльных сетках, дзе напісалі, што SnopSnoǔ — гэта «вельмі папсовы сінці-поп на беларускай мове». Насамрэч самі не ведаем, як вызначыць кірунак нашага гурта. У гучанні шмат электронікі, але мы не электронны гурт у чыстым выглядзе. Рокерамі нас таксама не назавеш, але на мой погляд, да рока мы бліжэйшыя, чым да электронікі. Увогуле, для нас гэта пытанне другаснае.

— Сёння часцей за ўсё музыку слухаюць не альбомамі, а асобнымі песнямі, якія выходзяць як сінглы. Вы ж прадставілі ў альбоме «Танцпляц» цэласную гісторыю, якую варта слухаць таксама цалкам, а не па частках.

Сяргей: — На мой погляд, альбом не павінен складацца з песень, якія музыкі дастаюць са сваіх скарбонак і проста камплектуюць у альбом. Ёсць дыскі, якія можна параўнаць са зборнікам апавяданняў, а ёсць параўнальныя з раманамі. Мне структурна больш падабаецца варыянт альбома як рамана. Але ніхто не кажа, што калі-небудзь мы не запішам зусім іншы альбом.

— Той міні-дыск, над якім цяпер працуеце, таксама нагадвае раман?

Сяргей: — Не, гэта, хутчэй, зборнік апавяданняў. Але там таксама можна будзе вылучыць некаторыя элементы, якія яднаюць песні, але яны схаваныя намнога глыбей.

— Назва вашага альбома — «Танцпляц» — гучыць на першы погляд весела і легкадумна. Але ў музыцы, калі прыслухацца, хаваюцца вельмі сур'ёзныя матывы чакання Апакаліпсіса, нават постапакаліпсіса...

Сяргей: — Танцпляц — алегорыя, якая адносіцца не зусім да музыкі. Гэта, хутчэй, месца дзеяння. Калі разглядаць альбом як раман, то ў ім павінны быць героі, паміж імі мусіць прысутнічаць антаганізм і яны павінны дзейнічаць у пэўным месцы і ў часе. Менавіта месца дзеяння — танцпляц — мы вынеслі ў назву. Нам не надта падабаецца вясёлая музыка. У мастацтве павінны прысутнічаць ноткі трагізму. Але гэта не трэба ўспрымаць як наша крэда ў жыцці і творчасці, проста быў настрой, з'явілася ідэя, і альбом выйшаў менавіта такім. Быць пазнавальнымі, але кожны раз выдаваць штосьці свежае, непаўторнае і адрознае ад мінулага — гэта майстэрства, якога мы яшчэ не дасягнулі. Досыць цяжка з кожным рэлізам паказваць штосьці новае, але каб было відаць і чуваць, што гэта ўсё ж такі мы.

— Вы стварылі новую версію вядомай песні «Я, да жалю, не пан» са славутага супольнага праекта «Народны альбом». Ці ёсць планы абнавіць гучанне яшчэ якога-небудзь старога хіта?

Рома Ж.: — Магчыма, паспрабуем нешта яшчэ зрабіць для наступнага конкурсу «Заспявай». Не абавязкова гэта будзе кавер, можа, паспрабуем пакласці нейкі верш на музыку. Увогуле, у нас пакуль што дастаткова сваіх напрацовак.

Сяргей: — Можна сказаць, што гэта версія песні была створаная выпадкова. Для конкурсу «Заспявай 3.0» мы працавалі з іншай кампазіцыяй, гэта быў твор гурта «Мроя», але потым знайшлі «Я, да жалю, не пан». Мне не вельмі падабаецца, што наша самая вядомая песня — кавер. Гэта мяне, як творцу, крыху абражае. Але, з іншага боку, пісаць добрыя каверы — пэўнага кшталту мастацтва.

— Як размяркоўваюцца абавязкі ў гурце: хто піша словы, а хто — працуе над музыкай?

Рома Ж.: — Словы — заслуга Сяргея, а стварэннем музыкі мы займаемся ўсе разам.

Сяргей: — Усё адбываецца па-рознаму. Калі мы працавалі над «Танцпляцам», то я прынёс хлопцам «шкілет» музыкі і разам мы яе дапрацавалі. Аснова засталася нязменнай, але на яе наклалася шмат новага. Цяпер, працуючы над новымі песнямі, мы дзелім кампазітарскія абавязкі.

— А паэтычныя?

Сяргей: — Не. Увогуле, да напісання слоў я стаўлюся менавіта як да абавязку. Не люблю інструментальную музыку, мне падабаецца менавіта песенная форма, але пісаць тэксты — гэта вялікая праца. Я самасцвярджаюся перадусім праз музыку. А словы — неабходны элемент нашай песеннай творчасці. Каб іх напісаць, «капаюся» ў сабе, у тым, што бачу, у іншай музыцы, кіно, літаратуры.

— Над чым працуеце цяпер, ці ёсць задумкі канцэртаў?

Сяргей: — Заканчваем запіс новага міні-альбома. Спадзяюся, што да вясны яго выдадзім. Таксама хочам запісаць жывое студыйнае відэа. Канцэртаў пакуль не плануем. Магчыма, пасля выдання міні-альбома зладзім яго прэзентацыю.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Мастацтва з ноткамі трагізму

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.