Вы тут

Як перамога на паясах дапаможа ў будучым знайсці работу?


На думку даследчыкаў, узрост гэтага віду барацьбы — каля трох тысячагоддзяў. Яго варыяцыі пад рознымі назвамі сустракаюцца ў многіх народаў. Такім чынам паказвалі сваю сілу і спрыт продкі сучасных кіргізаў, іранцаў, японцаў, украінцаў, літоўцаў... Сляды падобных спаборніцтваў сустракаюцца ледзь не па ўсім свеце, бо асаблівасцю ці не кожнага нацыянальнага строю быў пояс. Сапернікі хапалі адзін аднаго за гэты элемент адзення, спрабавалі падняць у паветра і паваліць спінай на зямлю. Так без зброі вызначаўся самы спрактыкаваны.


Ні­ка Ка­цэ­ня і Ілья Ма­роз.

На барцоўскі дыван у Беларусі гэты від спаборніцтваў трапіў дзякуючы казахскім спартсменам каля дзесяці гадоў таму. Традыцыйная барацьба на паясах «алыш» ператварылася ў прызнаную дысцыпліну са сваімі правіламі, спецыфічнымі прыёмамі і адмысловай спартыўнай формай. Сёння від спорту падтрымліваецца ў аддзяленнях фізічнай культуры БНТУ, БДУІР і, безумоўна, у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Што агульнага ў традыцыйнай барацьбы і дзюдо і як перамога на паясах дапаможа ў будучым знайсці работу, расказалі студэнты БНТУ Ніка КАЦЭНЯ, Аляксей СОБАЛЬ і Ілья МАРОЗ.

— Якім чынам вы трапілі ў гэты від спорту?

Ніка, студэнтка трэцяга курса факультэта маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва, майстар спорту: — Напачатку спецыялізавалася па дзюдо. У Брэсцкай вобласці, адкуль я родам, з пятнаццаці гадоў хадзіла ў секцыю. Бацька ініцыятыву займацца барацьбой падтрымаў адразу. Мама напачатку адгаворвала, казала, што барацьба — гэта занятак не для дзяўчат. Калі пасля пачатку трэніровак прыйшла з сінякамі, яна толькі сказала, што не будзе перашкаджаць майму выбару. А цяпер, калі ўжо вынікі з'явіліся, нават ганарыцца. У Мінску вучуся на маркетолага-эканаміста і працягваю трэніроўкі ў зале дзюдо БНТУ. А год назад мне прапанавалі паўдзельнічаць у спаборніцтвах па традыцыйных відах барацьбы. Спачатку зацікавілася, што гэта такое, а потым нават упадабала.

Ілья, студэнт чацвёртага курса факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі, майстар спорту: — Я таксама займаўся дзюдо каля дзесяці гадоў. Даўно сімпатызаваў усходняй культуры, вывучаў яе, займаўся адзінаборствамі. Цяпер далучыўся да барацьбы на паясах: кіргізскай, іранскай... Думаю, тое, чым мы займаемся, дапамагае самаразвіццю.

Аляксей, студэнт чацвёртага курса трактарабудаўнічага факультэта, майстар спорту міжнароднага класа: — Барацьбой займаюся з пяці гадоў. Спачатку гэта былі дзюдо, самба. У 2013 годзе згадзіўся з'ездзіць на чэмпіянат Еўропы па барацьбе на паясах і нечакана зразумеў, што ў мяне атрымліваецца. Першы вопыт адзначыўся перамогай. Не дзіва, што новы від барацьбы зацягнуў. Сёння спаборнічаю ў суперцяжкай вагавой катэгорыі.

Спе­цы­яль­на для чы­та­чоў!

— У чым асаблівасці барацьбы на паясах? Яна сапраўды так падобна на дзюдо?

Ілья: — Некаторыя яе віды (напрыклад, іранская) больш падобныя на грэка-рымскую барацьбу. Спартсмены, што спецыялізуюцца на дзюдо, удзельнічаюць у традыцыйнай казахскай барацьбе, бо ведаюць прыёмы, калі саперніка хапаюць за адзенне і гэта павялічвае шанцы перамагчы.

Ніка: — Мне падаецца, што традыцыйныя віды больш разлічаны на сілу, чым на тэхніку выканання. Патрэбна сіла, каб падняць саперніка. Калі ўдаецца адразу перакуліць яго на спіну, то гэта чыстая перамога. Наогул, барацьба на паясах даволі дынамічная, у дзюдо спачатку трэба правесці захват, а барцы на паясах ужо трымаюць адзін аднаго за адзенне. Перамагае больш дужы і спрытны.

— Што дае барацьба, апроч сілы?

Аляксей: — Часам да спартсменаў ставяцца як да людзей, што найперш развіваюцца фізічна. Маўляў, калі ёсць сіла і спрыт, то навошта на спаборніцтвах яшчэ і галаву ўключаць. Гэта не так. Любы від спорту патрабуе разлікаў. У барацьбе ты папярэдне аналізуеш саперніка, выбудоўваеш тактыку паядынку. Спартыўнае званне карыснае не толькі для самаразвіцця. Калі ў рэзюмэ кіраўнік бачыць, што прэтэндэнт на вакансію займаецца спортам, мае ўзнагароды альбо званні, гэта адразу павялічвае шанц трапіць на месца. Спартсмены — людзі па-добраму ўпартыя, яны ўмеюць ставіць мэты і планамерна ісці да іх. Значыць, і ў рабоце такі чалавек будзе імкнуцца да найлепшага выніку.

Змагаліся «да крыжа»

Дарэчы, свая барацьба на паясах «да крыжа» (яго нагадваў павалены на спіну сапернік) існавала і ў беларусаў. Дакладна прасачыць, калі ўзнікла і якім чынам развівалася гэта народная забава, немагчыма, бо не хапае звестак. Трэнер Беларускай федэрацыі традыцыйных відаў барацьбы Андрэй САХАНЬКО расказаў, што праходзілі паядынкі звычайна ў час значных свят. Сапернікі выходзілі адзін супраць аднаго басанож, апранутыя ў штаны і кашулю з адмыслова падвязаным поясам.

— Барацьба «да крыжа» выконвала адразу некалькі функцый. Акрамя забавы, яна яшчэ ўплывала на агульную фізічную падрыхтоўку моладзі. Часта разам з барацьбой для мужчын ладзіліся і жаночыя спаборніцтвы, напрыклад, вядома практыкаванне па развязванні вузлоў. У паядынак нашы продкі ўкладвалі і міфалагічны сэнс. Моцны, фізічна дужы чалавек лічыўся абранцам багоў. Найлепшыя барцы такім чынам набывалі аўтарытэт сярод людзей, — тлумачыць Андрэй Саханько.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Заткнуць за пояс»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.