Вы тут

Праграміст Аляксандр нават зімой ездзіць на працу на веласіпедзе


Пазнаць Аляксандра Рыцікава можна здалёку: не так многа веласіпедыстаў катаюцца зімой па заснежаных тратуарах. Па прафесіі ён праграміст, на працу ездзіць на двух колах і мяняць звычкі з-за халоднага надвор'я не збіраецца. Экстрэмалам сябе таксама не лічыць, кажа, што язда на веласіпедзе стала стылем жыцця і асаблівых цяжкасцяў у такіх вандроўках няма.


— Галоўнае для паездак зімой — правільная вопратка. Ёсць спецыяльнае адзенне для заняткаў зімовым спортам: снаўбордам, лыжамі. Яно не замінае і не збірае вільгаць, можна ездзіць пры мінус трыццаці і не адчуваць марозу.

Цікавы і сам транспартны сродак: колы ў яго незвычайна шырокія, каля дзесяці сантыметраў. Гума на іх «упрыгожана» металічнымі шыпамі. «Практычна як на аўтамабілі», — падцвярджае Аляксандр. — Зімою замёрзлыя рэкі і азёры па зручнасці язды можна параўнаць з аўтамабільнымі магістралямі. Толькі трэба памятаць, што на коўзкай паверхні нельга рэзка тармазіць, іначай руль ідзе ўбок і гэта ўжо немінучае падзенне».

Яшчэ, як заўважае суразмоўца, у халодную пару трэба асцерагацца пешаходаў. Чалавек на двух колах сярод гурбаў — дзіўнае і рэдкае відовішча для многіх, таму і па веласіпедных дарожках яны ходзяць без аглядкі, што насамрэч небяспечна, бо на снезе немагчыма выканаць рэзкі манеўр.

«Балючай тэмай» для зімовага веласіпедыста застаюцца бруд і соль, з-за якіх тэхніка пасля кожнай паездкі патрабуе пэўнага догляду.

Затое, як аказалася, мароз, лёд і завея мужчыну не палохаюць. Не выязджае на «двухколавым сябры» Аляксандр, толькі калі тэмпература на дварэ набліжаецца да нуля і ідзе дождж ці мокры снег. Аднойчы прагулка па сырасці і коўзкай дарозе ледзь не прывяла да хваробы, так што больш жадання выпрабоўваць сябе на трываласць такім чынам не ўзнікае.

— Я не згодны, што зімой ездзіць на веласіпедзе куды небяспечней, чым летам. Па-першае, у снег падаць прасцей, бо ён мяккі. Па-другое, на табе заўсёды цёплая вопратка, якая дадаткова абароніць, калі не справішся з кіраваннем.

Аляксандр кажа, што мае... сем веласіпедаў. Уявіць іх у кватэры, дзе жывуць муж і жонка, цяжка, ды, як запэўнівае гаспадар, і не трэба. Транспартныя сродкі «не па сезоне» чакаюць свайго часу ў гаражы. Там жа знаходзяцца машына і матацыкл, але праграміст аддае перавагу тэхніцы, дзе трэба самому круціць педалі.

— Першы веласіпед купіў адзінаццаць гадоў назад з першай зарплаты. Тады нават не задумваўся, што буду на ім так многа ездзіць, — успамінае мужчына. — На той час праца знаходзілася за 25 кіламетраў ад дома, я зразумеў, што веласіпед у некаторых выпадках больш хуткі, чым грамадскі транспарт. Так з'явілася звычка ездзіць на двух колах без матора. Праз нейкі час месца працы зноў «перасунулася» на 19 кіламетраў ад кватэры, але мяняць звычку я не захацеў, замест гэтага стаў думаць, як зрабіць дарогу больш хуткай і лёгкай. Для гэтага пачаў падбіраць ідэальны варыянт веласіпеда, які б не патрабаваў вялікіх выдаткаў сіл. Так паступова і з'явілася сённяшняя «калекцыя».

Тэхніку мужчына рамантуе сам, а веды бярэ з інтэрнэту. Пачалося ўсё з цікаўнасці — карцела ведаць, чаму спецыялізаваны веласіпед каштуе ў некалькі разоў болей за звычайны. А яшчэ не было даверу да рамонту ў майстэрнях, бо да гэтага некалькі разоў меў непрыемны вопыт.

Цяпер Аляксандр можа сам даваць парады навічкам, калі працуе ў гаражы Мінскай веласіпеднай суполкі. У гэтую арганізацыю яго прывёў сябар сем гадоў таму, так што там яго лічаць старажылам.

— У нас пакуль што чалавек, які круціць педалі, па Правілах дарожнага руху не мае прыярытэту ні перад аўтамабілем, ні перад пешаходам. Аб'яднанне веласіпедыстаў стваралася, каб вырашаць праблемы, даносіць прапановы зацікаўленых у двухколавым руху людзей да ўлады, — кажа суразмоўца.

Ездзіць праграміст не толькі на працу і дамоў. Разам з аднадумцамі ладзіць зімовыя вандроўкі на адзін дзень. Для гэтага кампанія выбірае які-небудзь не вельмі складаны маршрут. Мэта сустрэч — пабыць разам з цікавымі людзьмі, атрымаць задавальненне ад паездкі і гутаркі. Сёлета аматары паспелі пабываць у Раўбічах, у канцы снежня паспрабавалі пакатацца на лёдзе Мінскага мора.

Даводзілася Аляксандру бываць і ў далёкіх падарожжах, мінулым летам, напрыклад, выпраўляўся разам з жонкай у Вільнюс. Вядома ж, на веласіпедах.

— Калі я не толькі езджу, але і рамантую тэхніку, то жонка, у асноўным, проста катаецца, — смяецца мужчына. — Але ёй, як і мне, такое захапленне даспадобы.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Па гурбах на... двух колах

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.