Вы тут

Калі няма рэгістрацыі ў вёсцы, пенсіянер можа пераплаціць за газ утрая


Рэгістрацыя, ці па-колішняму прапіска, для сучасных беларусаў — простая фармальнасць. Людзі сталі надзвычай мабільнымі і актыўна пераязджаюць з месца на месца. Часцей за ўсё ў пошуку лепшай працы. І работадаўцаў даўно не хвалюе, якая «клякса» стаіць у тваім пашпарце. Ніхто не пераядае табе нервы, калі ты прапісаны ў «глухмені», а працуеш у сталіцы. Няма патрэбы купляць «ліпавую» рэгістрацыю. І праваахоўнікі, правяраючы твае дакументы, не прыглядаюцца падазрона да «панаехаўшай» фізіяноміі. Жыві дзе хочаш, працуй дзе хочаш. Дэмакратыя! А рэгістрацыя — справа дзясятая. Ёсць — і добра. Але здараюцца выпадкі, калі адсутнасць рэгістрацыі балюча б'е па кішэні.


Калі моладзь імкнецца ў буйныя гарады, то пенсіянеры наадварот — асвойваюць вясковыя абшары. На схіле свайго веку многія адчуваюць цягу да зямлі, да сялянскіх каранёў. Усё часцей пажылыя гараджане пераязджаюць у вёскі, дзе жыццё спакайнейшае і паветра здаравейшае. Плюс прыемны бонус у выглядзе агурочкаў з уласнага гарода. Вось і наш сталы чытач Уладзімір Сідар у свой час перабраўся з Гродна ў вёску Шчэчыцы Мастоўскага раёна. І не шкадуе аб гэтым. «Я сам родам з вёскі, — тлумачыць Уладзімір Мікалаевіч, — і мне тут даспадобы. Купіў хату, завёў невялічкую гаспадарку. Пенсія хоць і не надта вялікая, але на пражыццё хапае».

Дый вясковая хата — гэта не гарадская кватэра. Тут ты сам сабе цар, бог і начальнік ЖЭУ. Вады нанасіў, печку напаліў — поўная жыллёва-камунальная аўтаномія. Адно што за святло і газ плаціць даводзіцца. Акурат цана блакітнага паліва і азмрочыла вясковую ідылію пенсіянера Сідара. «Спачатку плаціў за балон звадкаванага газу крыху больш за адзінаццаць рублёў, — расказвае Уладзімір Мікалаевіч, — а ў студзені 2017-га, калі чарговы раз заказаў дастаўку балона, мне сказалі, што газ цяпер для мяне каштуе практычна ўтрая даражэй. Высветлілася, што паводле нейкага закона я мушу аплачваць поўны кошт, бо зарэгістраваны ў Гродне. Хоць у горадзе даўно не жыву, бо купіў хату ў Шчэчыцах. Яна на мяне афіцыйна аформленая як жылы дом. І ў сельсавеце могуць пацвердзіць: у мяне тут гаспадарка. Я даўно ўжо тутэйшы жыхар!»

Чаму так адбываецца? З гэтым пытаннем наш чытач звярнуўся ў рэдакцыю. У Лунненскім сельвыканкаме нам патлумачылі, што Уладзімір Сідар такі не адзін. «Многія пенсіянеры, пераязджаючы з горада на вёску, захоўвалі сваю гарадскую рэгістрацыю, — тлумачыць кіраўнік спраў Лунненскага сельвыканкама Вольга Каранеўская. — Гэта давала пэўныя перавагі. Так, яны па-ранейшаму абслугоўваліся ў гарадскіх паліклініках, мелі льготы па аплаце камунальных паслуг у горадзе. Але цяпер падыход больш строгі: нельга атрымліваць ільготу ў двух месцах адначасова. Даводзіцца вызначацца. І прыезджыя пенсіянеры сталі масава рэгістравацца на тэрыторыі нашага сельсавета».

«Парушэння тут няма, — патлумачылі нам у службе рэжымаў газазабеспячэння і ўліку расходу газу прадпрыемства «Гроднааблгаз». — Мы дзейнічаем згодна з Пастановай Савета Міністраў № 571. Паводле гэтага дакумента, калі ўласнік жылплошчы зарэгістраваны па месцы жыхарства, ён мае права набываць газ па субсідаваным кошце. На цяперашні час гэта 11 рублёў 31 капейка за балон. Калі ж ні сам уласнік, ні члены яго сям'і рэгістрацыі на гэтай жылплошчы не маюць або маюць рэгістрацыю па месцы знаходжання, мы мусім прадаваць ім газ па тарыфах, што цалкам пакрываюць эканамічна абгрунтаваныя выдаткі. А гэта ўжо 31 рубель 52 капейкі».

А цяпер перакладзём інфармацыю з канцылярска-заканадаўчай мовы на зразумела-бытавую. Калі вы або вашыя сямейнікі зарэгістраваныя ў хаце, то газ вам прададуць па субсідаванай цане (11 руб. 31 кап.). Калі ж месцам рэгістрацыі пазначаны іншы населены пункт, то раскрывайце шырэй кішэнь. Бо плаціць давядзецца поўны кошт...

Патлумачылі ў «Гроднааблгазе» і сітуацыю, у якую трапіў наш чытач. Так, спачатку ў прадпрыемства не было звестак аб тым, што Уладзімір Мікалаевіч не зарэгістраваны ў Лунненскім сельсавеце. Таму і газам яго забяспечвалі як мясцовага жыхара. Але інфармацыя з пэўнай перыядычнасцю абнаўляецца. І калі сельвыканкам даслаў свежыя звесткі, высветлілася, што наш чытач мае рэгістрацыю гарадскую. І згодна з заканадаўствам страціў права на «льготны» газ у Шчэчыцах....

У выніку праблема вырашылася проста: Уладзімір Мікалаевіч зарэгістраваўся ў вёсцы і цяпер можа купляць газ за 11 з капейкамі рублёў. Праўда, давялося пахадзіць па інстанцыях, бо рэгістрацыя аказалася не проста фармальнасцю: да яе дагэтуль «прывязаныя» льготы, субсідыі і нормы. Таму прэтэнзій да газавікоў няма: як у законе прапісана — так і дзейнічалі. І ўвогуле сітуацыя даволі тыповая і вырашаецца ў рабочым парадку.

Што рабіць грамадзянам, каб пазбегнуць падобных казусаў? Пры змене месца жыхарства прымаць да ўвагі, што фокус з субсідаваннем адразу дзвюх жылплошчаў не спрацуе. Таму ўласнікам двух і болей дамоў або кватэр варта ўзяць калькулятар і скрупулёзна падлічыць выгады і страты. І ў адпаведнасці з гэтым прыняць рашэнне аб рэгістрацыі. А дзяржаўная логіка тут даволі ясная: адна жылплошча — неабходнасць. Адпаведна атрымайце льготы і субсідыі на камунальныя паслугі. А дзве і болей — гэта ўжо патэнцыяльная крыніца прыбытку або капіталаўкладанне. Таму наваяўленыя пажылыя вяскоўцы ўсё часцей здаюць свае гарадскія кватэры ўнаём. І маюць з гэтага дадатковы даход. Ці пасяляюць у іх блізкіх сваякоў. А самі выбіраюць няспешлівасць і спакой вясковага жыцця. Разам са «скідкамі» на газавыя балоны.

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Загаловак у газеце: З вясковай прапіскай — таннейшы газ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.