Вы тут

Для чаго трэба ўжываць ёдаваную соль?


Асноўная частка ёду, што паступіў у арганізм, уваходзіць у склад гармонаў шчытападобнай залозы. А гармоны гэтыя неабходны для таго, каб у нас нармальна развіваліся ўсе органы і сістэмы, для ўсяго нашага фізічнага і псіхічнага здароўя. Нястача ёду прыводзіць не толькі да захворванняў шчытападобнай залозы, але і парушае рэпрадуктыўную функцыю, павялічвае дзіцячую смяротнасць, значна зніжае інтэлектуальныя, адукацыйныя, прафесійныя здольнасці нацыі.


— Паводле апытанняў, беларусы добра ведаюць, для чаго трэба ўжываць ёдаваную соль — для разумовага і фізічнага развіцця дзіцяці, зніжэння захваральнасці шчытападобнай залозы, аднак пры гэтым высвятляецца, што ёдаваную соль многія не набываюць або проста не звяртаюць увагі, якая яна, — расказвае загадчык навукова-даследчай лабараторыі антрапалогіі і грамадскага здароўя навукова-даследчага сектара Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Сяргей ПЯТРЭНКА. — На тэрыторыі нашай краіны катастрафічна не хапае ў глебе і вадзе гэтага каштоўнага мікраэлемента, а значыць, раслінныя і кісламалочныя прадукты не здольныя задаволіць патрэбы арганізма ў ёдзе. Асабліва востра дэфіцыт адчуваюць жыхары паўднёвых раёнаў, а таксама нованароджаныя, цяжарныя і кормячыя жанчыны. Нават калі ў пачатку цяжарнасці ўсе аналізы на гармоны шчытападобнай залозы, у тым ліку і на колькасць ёду, былі добрыя, пажадана здаваць аналізы кожныя тры месяцы, бо па меры развіцця дзіця ўмешваецца ў гарманальны баланс маці, патрэбы ў ёдзе ўзрастаюць. Плануючы цяжарнасць, таксама неабходна здаць аналіз на колькасць ёду і гармонаў, каб праверыць работу шчытападобнай залозы і папоўніць запасы мінеральнага рэчыва.

— Шчытападобная залоза кампенсуе дэфіцыт мікраэлемента разрастаннем, каб вылавіць у току крыві хоць якую яго колькасць, адсюль і валляк, — удакладняе Сяргей Уладзіміравіч. — Калі на гэтым фоне ў кроў трапіць радыеактыўны ёд, а ён наогул вельмі лёгка трапляе ў арганізм — праз скуру, з дыханнем, то залоза прыме яго за звычайны, стабільны і вельмі добра назапасіць. Радыеактыўны ёд выводзіцца з арганізма, але ж залоза падвяргаецца апраменьванню.

Традыцыйны метад аналізу з заборам крыві — малапрыемны, куды прасцей выявіць ёд па аналізе мачы. Мікраэлемент добра выводзіцца з мачой, і гэты метад адэкватна адлюстроўвае яго колькасць у арганізме.

— Я не раю прымаць любыя прэпараты ёду без рэкамендацыі ўрача, — дадае спецыяліст. — Як правіла, гэта патрэбна групам рызыкі, тым жа цяжарным жанчынам. А ўсім астатнім, незалежна ад узросту і роду дзейнасці, дастаткова ўжываць айчынныя прадукты: хлеб, сыр, каўбасы, кансерваваную агародніну і саму ёдаваную соль. Лішак ёду цяжка атрымаць у звычайных умовах. Калі вы з'елі крыху больш за рэкамендаваныя 5—6 г ёдаванай солі на дзень, ды яшчэ дадалі ў рацыён селядзец, крэветкі і марскую капусту, то перадазіроўкі ёду ў арганізме вы не атрымаеце. Гэтаксама калі мы апраўляемся на аздараўленне на бераг мора, актыўна ўжываем там морапрадукты, то атрымліваем нашмат больш ёду, чым тут, і пры гэтым ніякага шкоднага эфекту. Для перадазіроўкі давядзецца проста выпіць ёдавай настойкі. Даследаванні амерыканскіх вучоных паказалі, што ў такім выпадку атрымліваецца спецыфічны эфект блакіравання залозы, што выкарыстоўваюць у выпадку радыяцыйнай небяспекі, калі ў паветра трапляе шмат радыеактыўнага ёду. Тады заблакіраваная добрым ёдам залоза не будзе спажываць дрэнны. А праз некалькі дзён лішак будзе выведзены з мачой.

...Яшчэ не так даўно палова дзяцей у Кітаі не хацела вучыцца — не маглі нічога запомніць і хутка трацілі цікавасць да школы, прапускалі заняткі. Пасля высветлілася, што ў папуляцыі ёсць дэфіцыт ёду. Каля трыццаці гадоў таму краіна зрабіла ўсё, каб яго ліквідаваць, і сёння амаль сто працэнтаў малых кітайцаў не проста ходзяць у школу, але і паказваюць добрыя вынікі. Падобную тактыку абралі на пачатку мінулага стагоддзя Швейцарыя і ЗША. Хто ведае, якія гадзіннікі былі б найлепшымі ў свеце, калі б ёдавую праблему ігнаравалі да гэтага часу.

P.S. Прайсці даследаванне можна ў навукова-даследчай лабараторыі антрапалогіі і грамадскага здароўя інстытута імя А.Д. Сахарава (г. Мінск, вул. Іркуцкая, 65А, тэл.: +375 17 297 42 25)

Дэфіцыт ёду ў час цяжарнасці можа прывесці да:

  • перарывання цяжарнасці;
  • затрымкі інтэлектуальнага і фізічнага развіцця дзіцяці;
  • захворванняў шчытападобнай залозы ў дзіцяці;
  • стомленасці, слабасці, галавакружэння, таксікозу і гестозу;
  • парушэння абмену рэчываў і лішняй вагі ў маці і дзіцяці.

ВАЖНА! Звяртайце ўвагу на тое, каб на ўпакоўцы з соллю было пазначана, колькі ёдату калію там змяшчаецца, а паводле стандарту гэта 40 мг/кг. Пасля адкрыцця ўпакоўкі такая дазіроўка захоўваецца дзесьці на працягу паўгода. Рэкамендуецца высыпаць пачак у шклянку і шчыльна закрыць, а на працягу некалькіх дзён карыстацца адкрытай салонкай. Цікава, што марская соль сама па сабе ёд не змяшчае (у марской вадзе ён існуе ў лятучай форме), таму вытворца павінен спецыяльна дадаць ёд у стабільнай форме і пазначыць гэта на ўпакоўцы.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пра адзін мікраэлемент і наш інтэлект

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?