Вы тут

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі адкрылі ваенную кафедру


У Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі будуць рыхтаваць спецыялістаў для Узброеных Сіл. Нягледзячы на тое, што ўрачыстае адкрыццё ваеннай кафедры адбылося ўчора, навучанне малодшых камандзіраў вядзецца ўжо некалькі дзён.


— Кожная спецыяльнасць запатрабаваная ва Узброеных Сілах: ці ты мотастралок, ці рамонтнік, зенітчык, РТВ-шнік, — адзначыў падчас урачыстага адкрыцця ваеннай кафедры міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — Але найбольш запатрабаванай, вядома, з'яўляецца сувязіст, падрыхтаваць якога — складаная задача. У чалавека, які выбраў гэтую спецыяльнасць, павінен быць адпаведны набор якасцяў, уласцівых толькі сувязістам.

На думку міністра сувязі і інфарматызацыі Сяргея ПАПКОВА, адкрыццё ваеннай кафедры — знакавая падзея для айчыннай гісторыі. «Маладых людзей, якія будуць тут навучацца, падрыхтуюць па тых спецыяльнасцях, што патрэбны як у мірны час, так і тады, калі спатрэбіцца ўзяць у рукі зброю і абараняць нашу краіну».

На ваеннай кафедры будзе ажыццяўляцца навучанне па важных і дэфіцытных спецыяльнасцях у інтарэсах Узброеных Сіл. Аўдыторыі, дзе праводзяцца заняткі, укамплектаваны сучасным абсталяваннем, якое прымяняецца ў войску. Унікальнасць навучальных класаў заключаецца яшчэ і ў тым, што яны прадстаўляюць сабой баявыя пасты стацыянарнага вузла сувязі, уключанага ў адзіную сістэму сувязі Узброеных Сіл. Такім чынам, студэнты будуць адпрацоўваць вучэбна-баявыя задачы, у тым ліку і падчас правядзення вучэнняў і трэніровак.

— У сучаснай вайне пры роўных іншых умовах перавага будзе на тым баку, які валодае найбольш дасканалай сістэмай кіравання, тэхнічнай асновай чаго з'яўляецца сістэма сувязі, — перакананы начальнік сувязі Узброеных Сіл — начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Генадзь КАЗАКОЎ. — Вопыт баявога прымянення новых, а таксама мадэрнізаваных сродкаў і комплексаў сувязі паказвае, што для іх правільнай эксплуатацыі патрабуюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты. Некаторыя выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі ўжо паспяхова выконваюць задачы падчас тэрміновай ваеннай службы, многія звязваюць свой лёс з арміяй, у выніку чаго становяцца прапаршчыкамі і афіцэрамі.

Плануецца, што на ваеннай кафедры таксама будуць рыхтаваць спецыялістаў для Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Быць на сувязі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.