Вы тут

Змяніліся некаторыя аспекты здачы ў арэнду дзяржаўнай маёмасці


З першых дзён года змяніліся некаторыя аспекты здачы ў арэнду дзяржаўнай маёмасці і маёмасці гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы больш за 50%

Сёлета пачынаюць дзейнічаць асноўныя палажэнні Указа кіраўніка дзяржавы № 421 ад 15 лістапада
2016 года. Як з прыняццем новага ўказа зменіцца становішча дзяржаўных і прыватных суб'ектаў гаспадарання, расказвае кансультант упраўлення па пытаннях выкарыстання дзяржаўнай маёмасці Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Аляксандр СМІРНОЎ.


Незарэгістраваную маёмасць — у абарот

Эксперт лічыць, што цяпер стане прасцей жыць тым арэндадаўцам, якія маюць незарэгістраваную дзяржаўную маёмасць. Яны атрымалі магчымасць здаваць у арэнду незарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні). Праўда, тут існуе адна ўмова: арэндадаўца павінен зарэгістраваць гэтую нерухомую маёмасць на працягу шасці месяцаў з пачатку года або ад моманту заключэння дагавора арэнды (у дачыненні да дагавораў, заключаных пасля 1 студзеня 2017 года), акрамя выпадкаў, калі яна размешчана на землях агульнага карыстання. У адваротным выпадку, пачынаючы з сёмага месяца, арэндадаўцу прыйдзецца пералічваць атрыманую арэндную плату ў бюджэт у поўным аб'ёме.

Гараж — пад склад

Свабодней цяпер стане дзейнічаць і тым уласнікам, якія не могуць адшукаць ахвотных выкарыстоўваць маёмасць па прызначэнні. Сёлета яны атрымалі права здаваць у арэнду нерухомую маёмасць (якая знаходзіцца ў дзяржуласнасці або ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы больш за 50%) не па тым прызначэнні, якое пазначана ў дакументах адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці.

Дапускаецца здача ў арэнду такой маёмасці па прызначэнні, якое адрозніваецца ад прызначэння аб'екта альбо мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка. Пры гэтым Аляксандр Смірноў нагадаў, што арандатар абавязаны выконваць патрабаванні заканадаўства, якое рэгулюе парадак і ўмовы ажыццяўлення адпаведнай дзейнасці.

Спецыяліст упэўнены, што гэта новаўвядзенне дасць магчымасць больш актыўна уключаць любую нерухомасць у гаспадарчы абарот. Напрыклад, ва ўласніка ёсць будынак, які зарэгістраваны як гараж, і ён размешчаны на зямельным участку, што прызначаны для абслугоўвання гаража. Калі такі будынак у сілу розных прычын не выкарыстоўваецца па мэтавым прызначэнні, уласнік можа здаць яго ў арэнду пад станцыю тэхабслугоўвання (СТА), склад або пад нешта іншае. Яшчэ летась падобнае нямэтавае выкарыстанне зямельнага ўчастка магло скончыцца для ўласніка нерухомасці сур'ёзнымі непрыемнасцямі. Сёння такое нямэтавае выкарыстанне без дадатковай папяровай цяганіны і выдаткаў атрымала законныя падставы.

Прэферэнцыі вёскам і малым гарадам

Сёлета стала прасцей займацца бізнесам у сельскай мясцовасці. Цяпер ёсць магчымасць прадастаўляць — у бязвыплатнае карыстанне — нерухомую маёмасць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам для арганізацыі ці (або) аказання бытавых паслуг у сельскіх населеных пунктах. Пры гэтым вызваленыя ад арэнднай платы юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі будуць кампенсаваць камунальныя паслугі і амартызацыю, падатак на нерухомасць і зямельны падатак па прадстаўленых ім аб'ектах нерухомасці.

Не забыліся распрацоўшчыкі новаўвядзенняў і пра арандатараў у малых гарадах. Указам удакладнена, што паніжальны каэфіцыент 0,4 на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў, гарадоў раённага падпарадкавання будзе ўжывацца пры арэндзе нерухомай маёмасці незалежна ад віду дзейнасці арандатара. Цяпер каэфіцыент ужываецца пры ажыццяўленні дзейнасці па вытворчасці прадукцыі, выканання работ і аказанні паслуг. Аднак існуе пэўнае абмежаванне. Так, паніжальны каэфіцыент не будзе прымяняцца ў Заслаўі і гарадах раённага падпарадкавання з колькасцю насельніцтва больш за 50 тысяч чалавек (Барысаве, Мазыры, Лідзе, Оршы, Полацку і іншых).

Без арэнды, па спісе

Указ стаў прыемнай навіной і для прадпрымальнікаў, якія забяспечваюць харчаванне курсантаў. Ім, як і юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, якія арганізуюць харчаванне выхаванцаў, навучэнцаў і студэнтаў, нерухомая маёмасць будзе прадастаўляцца ў бязвыплатнае карыстанне.

Дарэчы, з 1 студзеня на ўмовах бязвыплатнага карыстання будзе размяшчацца таксама фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і яго тэрытарыяльныя органы, да якіх як да арандатараў дзяржмаёмасці летась прымяняўся паніжальны каэфіцыент 0,5. Таксама ў пералік арганізацый, якім дзяржаўная нерухомая маёмасць можа быць прадастаўлена ў бязвыплатнае карыстанне, ўключаны Эканамічны Суд СНД і Суд Еўразійскага эканамічнага саюза. Прадугледжана таксама прадастаўленне дзяржаўнай нерухомай маёмасці ў бязвыплатнае карыстанне замежным або міжнародным юрыдычным асобам альбо арганізацыям, якія не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, у выпадках, прадугледжаных міжнароднымі дагаворамі нашай краіны. У спіс ільготнікаў трапілі і суб'екты гаспадарання ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

У сталічным рэгіёне заплацяць больш

Паводле прапановы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, сёлета ў Мінскім раёне па адміністрацыйных будынках у два разы (з 0,1 да 0,2) павышаецца базавая стаўка арэнды. На рынках і гандлёвых цэнтрах базавая стаўка павялічваецца з 0,3 да 0,4 базавай арэнднай велічыні.

Паводле інфармацыі Аляксандра Смірнова, гэта павышэнне цалкам абгрунтаванае і адпавядае рэальнай сітуацыі на рынку. Да апошняга часу ўзровень арэнднай платы за дзяржаўную нерухомасць у Мінскім раёне быў істотна ніжэйшы ў параўнанні з прыватнікамі.

Зрэшты, Дзяржаўны камітэт па маёмасці прапаноўвае арэндадаўцам выкарыстоўваць «кампенсавальны механізм», які дазваляе гнутка падыходзіць да ўстанаўлення арэнднай платы. Пры яе разліку акрамя базавай стаўкі прымяняецца таксама каэфіцыент эфектыўнасці ад 0,5 да 3. Для захавання арэндных адносін у арэндадаўцы ёсць магчымасць выкарыстоўваць менавіта нізкі каэфіцыент. (Цяпер, напрыклад, ён у асноўным устаноўлены ў памеры 3.)

Дарэчы, пасля ўступлення ў сілу Указа спросціцца і парадак пералічэння ў бюджэт сродкаў, атрыманых ад здачы ў арэнду дзяржаўнай нерухомай маёмасці. Цяпер з атрыманай арэнднай платы будзе адымацца налічаны ПДВ, 25% ад сумы, якая засталася, пералічыцца ў бюджэт, і ўжо з рэшты арэндадаўца будзе плаціць падаткі, зборы і іншыя абавязковыя плацяжы, кампенсаваць налічаную амартызацыю, а таксама пакідаць частку сродкаў у сваім распараджэнні. Пры гэтым, як тлумачаць у Дзяржкаммаёмасці, узровень паступлення сродкаў у бюджэт не павінен істотна змяніцца.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Арэнду падкарэкціравалі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?