Вы тут

Як «Звязда» пісала гісторыю (1928—1937)


Напярэдадні стагадовага юбілею «Звязда» працягвае гартаць старыя газетныя падшыўкі, каб прыгадаць, якім бачылі і адлюстроўвалі жыццё Беларусі ў мінулым стагоддзі нашы калегі-журналісты. Сёння на чарзе — няпросты дзесяцігадовы адрэзак з 1928 па 1937 год, які ўмясціў у сябе індустрыялізацыю і калектывізацыю, шырокую антырэлігійную кампанію і барацьбу з ухіламі ад генеральнай лініі партыі, прыняцце новых канстытуцый СССР і БССР, аднадзённы і прызнаны пазней несапраўдным перапіс насельніцтва і рэформу беларускага правапісу, стаханаўскія рэкорды і рэпрэсіі «ворагаў народа»...


У 1929 го­дзе га­зе­та пры­ма­ла ўдзел у фо­та­кон­кур­се,  аб­ве­шча­ным Цэнт­раль­ным са­ве­там праф­са­юзаў Бе­ла­ру­сі,  і вы­лу­чы­ла сваю прэ­мію для най­леп­ша­га ама­тар­ска­га фо­та­гурт­ка.

Супраць непісьменнасці, п'яніц і... бюракратаў

Мяркуючы па газетных публікацыях, Беларусь канца 1920-х стаіць на трох кітах калектывізацыі, кааперацыі і індустрыялізацыі — поспехі і новыя задачы ў гэтым рэчышчы разглядаюцца з нумара ў нумар. Але, вядома, хапае ў маладой рэспублікі і нявырашаных пытанняў.

Вось што падкрэслівае ў артыкуле «На сучасныя тэмы» тагачасны старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў (тагачасная арфаграфія захавана. — «Зв.»): «Галоўнымі перашкодамі на шляхох далейшага сацыялістычнага будаўніцтва Савецкай Беларусі трэба лічыць недастатковую пісьменнасьць нашага насельніцтва і амаль што поўную адсутнасьць добрых дарог. ...Мы бачым, што такія рэчы, як радыё, кіно, трактар, электрычнасьць і іншыя, што павінны быць звычайнай, самай неабходнай прыладай нашага жыцьця, пакуль што існуюць, як нешта надзвычайнае, дзіўнае. А часта бывае і так: ёсьць гучнагаварыцель-радыё, але ён маўчыць (50 проц. усіх радыё-установак на вёсцы маўчаць), ёсьці кіно-апарат, але не працуе, ёсьць трактар — няма трактарыста, ёсьці агранамічная станцыя, але і сам аграном купляе капусту. І няма ведаў, уменьня, навыкаў у людзей, каб паставіць, пусьціць, пакіраваць машынай. Гэта наша агульная бяда. Нам трэба выходзіць з бяды».

Дзеля гэтага, у прыватнасці, усё больш напружана працуюць тэхнікумы і ВНУ — апошнія павялічваюць прыём, прывабліваюць таленавітых студэнтаў стыпендыямі і робяцца ўсё больш прэстыжнымі: так, у 1928 годзе на 712 месцаў у ВНУ пададзена 1700 заяў.

Наконт якасці школьнай адукацыі «Звязда» наогул разгарнула шырокамаштабную грамадскую дыскусію «Чым хварэе наша школа». «Настаўнік у пагоні за вялікімі заробкамі набірае па 35—40 тыднёвых гадзін усюды, дзе толькі можна. Ці можа такі настаўнік быць выхаваўцам? Вядома, не. Ён толькі тое і робіць, што бяжыць са школы ў школы і «дае лекцыі», — прызнаюць удзельнікі гэтага «абгаварэньня хібаў і недахопаў выхаваўчай працы».

Яшчэ адна тэма, што выразна прасочваецца на газетных старонках — антырэлігійная прапаганда. У 1929 годзе ў Мінску нават праходзіць І Усебеларускі з'езд бязбожнікаў, у якім удзельнічаюць 50 дэлегатаў-актывістаў з усіх рэгіёнаў. Праўда, значная іх частка не зацятыя барацьбіты з рэлігіяй, а гэткія хітраватыя філосафы кшталту 68-гадовага бязбожніка Івашкі з Бабруйшчыны, які сказаў карэспандэнту «Звязды» літаральна наступнае: «Няма чаго глядзець на неба, у гэтым мы ўпэўніліся. Нас стагоддзямі ашуквалі. Зараз мы кажам: ты, бог, сядзі сабе на небе, а мы на зямлі будзем рабіць, што хочам». І тым не менш антырэлігійныя артыкулы друкуюцца рэгулярна, асабліва напярэдадні «царкоўных святаў» — Каляд, Вялікадня і г.д., у якія рабочых заклікаюць выходзіць на працу і пры тым адлічваць заробак у фонд індустрыялізацыі краіны.

На чарговы віток выходзіць барацьба з алкагалізмам, у якую ўносіць пэўную лепту і «Звязда», прадстаўляючы чытачам «галерэю злосных алкаголікаў» з канкрэтнымі прозвішчамі і апісаннямі «подзвігаў». «За 15 дзён лістапада міліцыя затрымала ў п'яным выглядзе 66 рабочых і служачых, з іх 17 будаўнікі, па 4 — друкары і харчавікі, па 3 — транспартнікі і чыгуначнікі... А колькі рабочых п'юць дома і ў піўных, але не трапляюць у міліцыю, бо ў іх «характар спакойны!» — з абурэннем зазначае газета.

Селькоры і рабкоры па ўсёй краіне рэгулярна складаюць так званы лісток рабоча-сялянскай інспекцыі «Пад агонь крытыкі мас!», праз які гучна распісваюць прыклады адміністрацыйнага свавольніцтва. Таксама ў канцы 1920-х становіцца рэгулярнай рубрыка «Звязда» дапамагла» — рэха газетных публікацый, паводле якіх адказныя асобы на месцах праводзілі праверкі і паказальную барацьбу са спекулянтамі, бюракратамі і г.д.

Свя­точ­ны 5000-ы ну­мар «Звяз­ды»  вый­шаў па­вя­лі­ча­ным у не­каль­кі ра­зоў ты­ра­жом.

Выканаць і перавыканаць

У 1929 годзе бяруць старт адразу дзве новыя ідэі — сацыялістычнае спаборніцтва і барацьба з «прагуламі, разгільдзяйствам і працоўнай расхлябанасцю». «Працоўным уздымам мільёнаў зьмяцем дэзертыраў вытворчага фронту!» — заклікала «Звязда», паведамляючы, што рабочыя Добрушскай папяровай фабрыкі ў першы ж дзень сацспаборніцтва павялічылі дзённую выпрацоўку паперы з 33 да 44 тон і ўрачыста паабяцалі, што за колькасцю будзе ісці следам і якасць.

У сацспаборніцтва ўключаюцца нават... рэдкалегіі насценгазет, якія абяцаюць, у прыватнасці, «у заметках асьвятляць пытаньні палітычна-грамадзкага значэньня і ні ў якім выпадку не зьмяшчаць матэрыялаў асабістага склочнага характару» і «больш разгарнуць масава-выхаваўчую работу сярод рабселькораў».

У БССР у межах спаборніцтва праходзіць пераклічка калгасаў і прадпрыемстваў імя У.І. Леніна — кожны мусіць зрабіць справаздачу аб сваіх дасягненнях і даць павышаныя абязацельствы аб перавыкананні вытворчых планаў.

Выканаць і перавыканаць — гэта наогул адзін з самых распаўсюджаных заклікаў у вытворчасці і сельскай гаспадарцы. Вось тыповыя для 30-х загалоўкі артыкулаў «Звязды», якія гавораць самі за сябе: «Зябліву — ударны тэмп!», «Торфазавод «Шлях сацыялізму» перавёў машыны на кругласутачную работу», «600.000 тон сена другога ўкосу — у кармовы балянс», «За 1000 сьвінаматак!», «Да 1 кастрычніка, не пазней, пусьціць 11 ільназаводаў».

А вось проста ўзорная заметка 1931-га: «Бабруйскія будаўнікі пабілі ўсесаюзны рэкорд па складваньні стандартных дамоў. 18 жніўня рабочыя-будаўнікі пад кіраўніцтвам лепшага тэхніка-ўдарніка Кільчэўскага склалі стандартны дом на працягу 20 гадзін у той час, калі звычайна на гэту работу траціліся тры тыдні». Цікава, ці многія з нас сёння пагадзіліся б жыць у такім «ударна ўзведзеным» доме?

У 1932 годзе «Звязда» пачынае публікаваць так званыя «Чырвоную і Чорную дошкі» — спісы ўдарнікаў сельскай гаспадаркі і, адпаведна, тых, хто адстае. Калі першых ухваляюць і ўсяляк заахвочваюць, то кіраўнікоў «правальных» гаспадарак за зрыў тэмпаў сяўбы альбо ўборачнай могуць папросту зняць з пасады. Таму газета нястомна падганяе «разгільдзяяў» і патрабуе ва ўльтыматыўнай форме: «Ні адной бульбіны не пакінуць у полі», «Па-баявому падрыхтавацца да веснавой сяўбы», «Поўнасьцю ссыпаным і ачышчаным насеньнем, добраякасна адрамантаваным трактарам сустрэць бальшавісцкую вясну!». Дзеля большага заахвочвання ўдарнікаў у 1935 годзе ў Мінску перад Домам урада, як згадвае газета, усталявана Дошка гонару, куды заносіліся «асоба-выдатныя калгасы, якія ўсёй сваёй работай і выкананнем абавязацельстваў перад дзяржавай, сваёй згуртаванасцю вакол партыі і савецкай улады даказалі на справе, што яны заслужылі звання самых лепшых калгасаў БССР».

У 1935 годзе ўдарная праца і перавыкананне вытворчых нормаў набылі новае дыханне з пачаткам стаханаўскага руху — паслядоўнікі данбаскага шахцёра А. Стаханава, які за змену здабыў 102, а крыху пазней 227 тон вугалю пры норме ў 7 тон, адзін за адным паказвалі недасяжныя раней працоўныя вынікі. «Звязда» прысвяціла беларускім стаханаўцам увесь святочны першамайскі нумар 1936-га, даводзячы фактамі, што «жыць стала лепш, жыць стала весялей».

У 1935—1936 гг. ста­ха­наў­цы бы­лі час­ты­мі ге­ро­я­мі  га­зет­ных пуб­лі­ка­цый.

Чорныя плямы «генеральных чыстак»

У 1929—1930 гг. паводле рашэння XVІ канферэнцыі ВКП(б) праходзіць «генеральная» агульнапартыйная чыстка. «Шырока разгортваючы крытыку і самакрытыку, сваячасова выпраўляючы памылкі і хібы ў практыцы праверкомаў, узьнімем праверку і чыстку партыі на яшчэ большую прынцыповую, палітычную вяршыню. Трэба скарыстаць чыстку партыі для ўзмацненьня барацьбы з тэорыяй і практыкай правага апартунізму і прымірэнцтвам да яго, а таксама з «левымі» загібамі і рэцыдывамі трацкізму», — пералічвае «Звязда» арыенціры маштабнай праверкі камуністаў на адпаведнасць генеральнай лініі партыі.

Да гэтага часу з вясковых ячэек ужо выключаны ўсе «падкулачнікі і п'яніцы», а таксама наогул усе падазраваныя ў «правым ухіле». Акрамя таго, чыстка распаўсюдзілася на беспартыйных служачых савецкіх устаноў.

...«Класава чужынскія», варожыя элементы ў 30-х гадах правяраючыя розных рангаў шукалі не толькі ў вёсцы і на вытворчасці, але і ў колах інтэлігенцыі — сярод навукоўцаў, у тым ліку акадэмікаў, вядомых літаратараў, грамадскіх дзеячаў. Адным з трывожных званочкаў стала разгорнутая на старонках «Звязды» дыскусія «Аб шляхох развіцьця беларускага тэатру», ініцыятары якой патрабавалі ад дзеячаў мастацтва «шырока разгарнуць крытыку дробна-буржуазнай ідэалёгіі і барацьбу з рознымі відамі прымірэнства», заклікаючы стварыць «культуру нацыянальную па форме і пралетарскую па зьмесьце». Тыя ж, хто, на думку назіральнікаў з НКУС, дапускаў «хістанні» і быў насуперак згортванню палітыкі нацыяналізацыі савецкіх рэспублік заўважаны ў «адраджэнскіх настроях», браліся пад асаблівую ўвагу і кантроль. Партыйная рыторыка «рашучай барацьбы з праявамі вялікадзяржаўнага шавінізму» пакрысе змяняецца на заклікі «Усе на вайну супраць мясцовага нацыяналізму!».

У 1930 годзе ДПУ распачала сумнавядомую справу «Саюза вызвалення Беларусі» — міфічнай нацыяналістычнай антысавецкай, контррэвалюцыйнай арганізацыі, лідарам якой нібыта з'яўляўся Янка Купала. Адпаведная кампанія па фарміраванні грамадскай думкі праходзіла ў прэсе. Так, у маі 1930 года «Звязда» надрукавала ўзгоднены на найвышэйшым узроўні — у ЦК КП(б)Б — артыкул вядомага ідэолага Л. Бэндэ «Шлях паэта», дзе Купала быў названы «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». А ўжо ўлетку адбыліся арышты і абвінавачанні — тагачаснага старшыні Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, пісьменніка і старшыні Саўнаркама БССР Зміцера Жылуновіча, акадэмікаў Вацлава Ластоўскага і Язэпа Лёсіка, рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты, гісторыка Фёдара Забелы і іншых (усяго звыш 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі). Не вытрымаўшы цкавання, першы народны паэт Беларусі Янка Купала зрабіў спробу самагубства. Абвінавачанні з паэта ў рэшце рэшт знялі, але якой цаной! У снежні 1930 года на старонках «Звязды» як адной з самых уплывовых беларускіх газет быў апублікаваны пакаянны «Адкрыты ліст» з яго подпісам (як лічаць многія даследчыкі, напісаны ніяк не цяжка хворым Купалам, а ўсё тым жа ідэолагам Бэндэ): «Не магу змоўчаць і павінен тут выказаць свой гарачы пратэст і вялікае абурэнне супраць таго, як яны, гэтыя нацыянал-фашысты, служаць сацыяльна-нацыянальнаму вызваленчаму руху Зах. Беларусі, якая стогне пад пятою акупантаў... Буржуазія, як замежная, так і ўнутраная, не перабірае ніякімі метадамі і сродкамі барацьбы супроць СССР. Шкодніцтва, дыверсія, шпіёнства, інтэрвенцыя — усё гэта пускаецца ў ход, каб толькі зруйнаваць такія бастыёны сацыялізму, як індустрыялізацыя і калектывізацыя, абы толькі ўзарваць пяцігадовы план, які ажыццяўляецца нечуваным уздымам і захапленнем рабочага класа і бядняцка-серадняцкага сялянства пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі...» Усяго па справе «Саюза вызвалення Беларусі» было асуджана 86 чалавек.

Наступная «генеральная чыстка», якая ішла на працягу 1933 года, стала яшчэ больш масавай — «вычышчэнню» падлягалі класава чужынскія і варожыя элементы, кар'ерысты, шкурнікі і бюракраты; словам, як зазначыў М. Галадзед на старонках «Звязды», усе «элемэнты, якія разлажыліся, перарадзіліся і прымазаліся». Пад маркай барацьбы прайшоў цэлы шэраг гучных судовых спраў — напрыклад, па справе «контр-рэвалюцыянераў-шкоднікаў з Белдзяржснабу», за ходам якой пільна сачыла «Звязда». Абвінавачваліся ў раскраданні дзяржмаёмасці звыш 20 чалавек, ад «калчакоўцаў», «спекулянтаў і гандляроў» да малапісьменных сялян. Для 10 фігурантаў пракурор запрасіў вышэйшую меру пакарання; яшчэ дзесяць чалавек атрымалі 10 гадоў пазбаўлення волі з высылкай і канфіскацыяй. «Злодзеям грамадскай уласнасьці, якія хочуць гэтым затрымаць наша сацыялістычнае будаўніцтва, ня можа быць ніякай літасці», — даводзіць карэспандэнт «Звязды», наўрад ці прадбачачы, што і ў самой рэдакцыі неўзабаве будуць выяўленыя «ворагі».

Але, бадай, найстрашней гартаць старонкі «Звязды» за 1937-ы. Вось вытрымка з артыкула «Калі вораг не здаецца — яго знішчаюць»: «Паведамленне пракуратуры СССР аб выкрыцці органамі НКУС трацкісцкага «паралельнага цэнтра» ў складзе Пятакова, Радэка, Сакольнікава, Серабракова і іншых выклікала велізарнае народнае абурэнне да тройчы праклятых ланцуговых сабак фашызма. ...Тысячны калектыў рабочых мінскага вагонарамонтнага завода выказвае сваё абурэнне і знявагу да трацкістаў-агентаў фашызма. У прынятай рэзалюцыі рабочыя пішуць: «Няхай рука правасуддзя не дрогне. Мы просім Вярхоўны суд расстраляць гэтых гадзюк». Да рабочых, сцвярджаецца ў публікацыі, далучыліся работнікі Белдзяржкіно, працоўныя Палесся... А ў канцы месяца — фота масавых выступленняў рабочых і жудасныя загалоўкі «Аднадушна адабраем прыгавор» і «Наша патрабаванне выканана». Прытым пра куды больш значную і страшную для беларусаў падзею — масавы арышт і расстрэл у Мінску ў кастрычніку 1937-га каля 100 выдатных прадстаўнікоў нацыянальнай культуры — «Звязда» захоўвае поўнае маўчанне. Магчыма, таму, што ў гэты час яе саму ўжо вывучаюць пад лупай, жорстка кантралююць з усіх бакоў. Так, расстраляны за «антысавецкую дзейнасць» былы рэдактар Станіслаў Будзінскі, які рэдагаваў «Звязду» ў кастрычніку 1930-га — лістападзе 1931 г. Зняты з пасады, а потым расстраляны Навум Ленцнер (рэдактар «Звязды» ў чэрвені газеце 1934-га — студзені 1935 г.), а паралельна з працы ў звольнены амаль тры дзясяткі чалавек. Абвінавачаны за «трацкісцкую лінію» і расстраляны загадчыкі аддзелаў рэдакцыі П. Салтаноўскі і Р. Гінзбург. Арыштаваны — і ў 1938-м будзе расстраляны — Рыгор Брагінскі, рэдактар «Звязды» ў верасні 1932-га — маі 1934 г. Неўзабаве будзе арыштаваны таксама былы рэдактар газеты Мікалай Сцернін (рэдагаваў са студзеня 1935 г. па жнівень 1936-га), чый далейшы жыццёвы шлях да канца невядомы... Лёс усіх гэтых людзей для большасці чытачоў згубіўся недзе ў міжрадкоўі газетных публікацый.

Вы­ка­нан­не пла­наў у пра­мыс­ло­вас­ці і на­род­най гас­па­дар­цы ў 1930-я кант­ра­ля­ва­ла­ся лі­та­раль­на што­дня.

«Звязда» і «совецкія рэформы»

У 1933 годзе пачынаецца фактычна рэформа жыццёвага ладу беларусаў — пашпартызацыя. «Прэзідыум Менскага гарсавету даручыў міліцыі да 1 лютага скончыць работу па ўвядзеньні новых дамовых кніг і явачных картак. Выдача пашпартоў павінна пачацца не пазьней 1 лютага», — паведамляе «Звязда». Зрэшты, на справе пашпартызацыя пачалася толькі ў красавіку.

З 15 верасня 1933 года ўведзены рэфармаваны пастановай СНК БССР беларускі правапіс. (Беларуская мова, а адпаведна і «Звязда», губляюць мяккі знак, які абазначаў на пісьме мяккае вымаўленне («жыцьцёвы», «сёньня» і г.д.), затое набываюць чужародныя «о» ў словах кшталту «совецкі», «соцыялістычны», «пролетарыят». Вось што пафасна заяўляе наконт гэтага рэдакцыйная перадавіца 16 верасня 1933-га: «Галіна мовы — таксама ўчастак класавай барацьбы. Беларускія нацыянал-дэмакраты працягнулі свае шкодніцкія рукі і сюды. Яны, абвясціўшы сябе манапольнымі «абаронцамі чыстаты роднага слова», ператварылі тагачасны інстытут мовы пры Акадэміі навук у цытадэль контр-рэвалюцыі. Успомнім, з якім шаленствам Ластоўскія, Лёсікі і іх паслядоўцы імкнуліся выгнаць з беларускай мовы ўсякае новае рэвалюцыйнае слова, напрыклад, слова «пролетарый», і замяніць яго словам «убоства»... Пастанова СНК БССР аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса — магутная зброя барацьбы за далейшы росквіт беларускай нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па свайму зместу культуры».

Ужо з абноўленай назвай «Звязда» прыйшла да своеасаблівага творчага юбілею — выхаду 30 ліпеня 1934 года 5-тысячнага нумара. Свае віншаванні ў адмысловы святочны выпуск газеты даслалі не толькі партыйныя кіраўнікі і дзяржаўныя дзеячы розных узроўняў, але таксама беларускія пісьменнікі — Якуб Колас, Янка Купала, Пятро Глебка, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны ды іншыя. Кампазітары Самохін і Любан у гонар 5000-га нумара «Звязды» стварылі песенныя творы на словы Янкі Купалы і Петруся Броўкі. У Мінску спецыяльна да юбілейнага нумара «Звязды» было прымеркавана лёгкаатлетычнае свята на прызы рэдакцыі, а шэраг калгасаў, напрыклад, з Полацкага, Заслаўскага і іншых раёнаў, арганізавалі масавыя хлебныя «чырвоныя абозы імя «Звязды».

Знакавай падзеяй 1937 года мусіў стаць усесаюзны перапіс насельніцтва, у які ўпершыню было ўключана пытанне аб рэлігіі. «Звязда» амаль месяц праводзіла папярэднюю падрыхтоўчую работу для лічыльнікаў і насельніцтва, даводзячы, як трэба адказваць і запісваць адказы на пытанні пра веравызнанне, нацыянальнасць і родную мову. Перапіс сапраўды адбыўся 6 студзеня, у тым ліку ва ўсіх 38 631 населеным пункце БССР, але яго вынікі так і не былі апублікаваныя.

...Між тым нават у змрочным 1937-м жыццё працягвалася. Вынаходнікі і рацыяналізатары прапаноўвалі свае ідэі для сельскай гаспадаркі і прамысловасці, лектары чыталі ў Доме партасветы даклад на тэму «У барацьбе з якімі ворагамі партыя Леніна-Сталіна дабілася перамогі соцыялізма ў СССР»; трэст «Галоўхлеб» пачынае выпякаць новы гатунак хлеба «барадзінскі»; з друку выйшаў двухрублёвы зборнік песень, вершаў, апавяданняў і гульняў пад назвай «Навагодняя ёлка» на беларускай і рускай мовах; стаханаўцы Мінска ўдарна рыхтаваліся да 1938 года, каб выканаць трэцюю пяцігодку — план развіцця народнай гаспадаркі. Ці адчувала «Звязда», а разам з ёй і чытачы, блізкі подых Вялікай Айчыннай вайны? Паспрабуем даведацца са старых падшывак у наступным падарожжы праз стагоддзе.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.