Вы тут

Алег Пенязькоў: Маладым цяплічных умоў не ствараем


Інстытут цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава (ІЦМА) — адно з самых паспяховых падраздзяленняў Нацыянальнай акадэміі навук. Тут працуюць над праектамі ў розных сферах: ад 3D-друку да космасу. Не дзіўна, што ўстанова на 75% забяспечвае сваю работу з уласных сродкаў. З 2011 года ІЦМА ўзначальвае самы малады акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Алег Пенязькоў, а ўсяго ў гэтай арганізацыі ён працуе ўжо 33 гады. Напярэдадні Дня беларускай навукі «Звязда» пагутарыла з выдатным беларускім вучоным пра найбольш знакавыя праекты інстытута і планы на будучыню.


— 2017-ы пройдзе пад дэвізам «Год навукі — эканоміцы». Як вы лічыце, ці трэба імкнуцца, каб усе падраздзяленні НАН былі камерцыйна паспяховымі, як Інстытут цепла- і масаабмену?

— Абсалютна не. Калі рабіць гэта правіла абавязковым для ўсіх, то праз некаторы час навукі ў нас не стане. Застанецца толькі самы прыкладны яе кірунак, які можна назваць навуковай інжынерыяй. Бо сапраўдны вучоны — гэта чалавек, які працуе за межамі стандартных уяўленняў пра навакольны свет, займаецца пошукам новых ведаў.

З іншага боку, практычна ў кожным акадэмічным інстытуце з цягам часу адбываецца пэўнае раздзяленне. Ёсць супрацоўнікі, якім больш імпануе якраз работа па прасоўванні гатовых распрацовак, іх рэалізацыі. Яны выконваюць вельмі важную, але дапаможную ролю. А вось іншыя сканцэнтраваны выключна на пошукавай дзейнасці, уласна, на адкрыцці новага. Прывяду ў прыклад ІЦМА. Агульная колькасць супрацоўнікаў — 460 чалавек. Але навукоўцаў, якія сапраўды вызначаюць кірунак развіцця інстытута, можа быць 30—40. Гэта ядро, вакол якога ўсё трымаецца, і калі яго не стане, то і праца ўсіх астатніх будзе непатрэбнай. Трэба проста вылучыць гэтых спецыялістаў з агульнай масы, даць ім годны заробак і дазволіць займацца сваёй справай, ні на што не адцягваючы ўвагу.

— Вы дагэтуль застаяцеся самым маладым акадэмікам у НАН. А ці ёсць у падначаленым вам інстытуце нейкія асаблівыя падыходы да работы з моладдзю?

— Унікальных методык у нас няма, але пэўныя моманты я ўсё ж адзначу. Па-першае, кожны малады спецыяліст, што прыходзіць да нас на працу, абавязкова размаўляе са мной сам-насам, так я вызначаю, чаго ён хоча і дзе сябе бачыць, якія прабелы ёсць у яго адукацыі. Па-другое, мы вельмі вялікую ўвагу надаём таму, каб новы чалавек трапіў у правільнае для сябе месца, у той калектыў, дзе ён будзе адчуваць сябе найбольш арганічна. Па-трэцяе, працуем над уласна пошукам новых кадраў. Ужо даўно штогод абавязкова выступаем перад студэнтамі профільных факультэтаў, расказваем, чым мы займаемся, якія ў нас магчымасці і перавагі. З пазамінулага года робім аналагічныя візіты і ў школы, каб яшчэ раней сарыентаваць вучняў на пэўны кірунак. Асаблівы ўхіл робім на навучальныя ўстановы ў рэгіёнах, напрыклад, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. А ўжо на рабоце звычайна адбываецца натуральны адбор: нехта вызначаецца, што ў навуцы ён сябе не бачыць, іншыя ж знаходзяць сябе тут (апошніх, вядома, больш). Ладзім канферэнцыі маладых вучоных, адпраўляем іх за мяжу на стажыроўкі, але гэта традыцыйныя метады для ўсіх устаноў НАН.

Адзначу яшчэ, што мы не робім з падтрымкі гэтых спецыялістаў самамэту. У нас чамусьці любяць казаць, што маладыя — гэта наша надзея, што яны павінны фантаніраваць новымі ідэямі і гэтак далей. Насамрэч, крэатыўныя здольнасці ў навукоўцаў аднолькавыя ў любым узросце. Маладых спецыялістаў трэба прыцягваць для таго, каб не перарываць ланцужок перадачы накопленых ведаў і досведу. Найлепшы для навуковай установы варыянт — калі ў ёй пароўну супрацоўнікаў усіх узроставых катэгорый. Таму мы не лічым правільным ствараць для моладзі цяплічныя ўмовы.

— Пытанне невысокіх заробкаў для навукоўцаў па-ранейшаму актуальнае?

— Прывяду прыклад: з усімі надбаўкамі і выкарыстаннем даступных нам спосабаў заахвочвання мы можам плаціць старшаму навуковаму супрацоўніку, кандыдату навук са стажам працы ў 30 гадоў, які выконвае заданні дзяржавы за бюджэтныя сродкі, максімальную суму прыкладна ў 500 рублёў. Гэта лічба меншая за сярэдні заробак па краіне. З майго пункту гледжання, такая ацэнка работы спецыяліста высокай кваліфікацыі проста недапушчальная. Заўважу яшчэ, што такі стан спраў не можа матываваць нашых маладых супрацоўнікаў, якія бачаць: нават у росквіце сваіх магчымасцяў і ведаў зарабіць дастойныя грошы ў навуцы нельга. Гэта істотны стрымліваючы фактар.

Наколькі я ведаю, цяпер на разглядзе ў Міністэрстве фінансаў знаходзіцца прававы акт, які дазволіць кіраўнікам навуковых арганізацый пры наяўнасці фінансавання ўстанаўліваць нефіксаваныя стаўкі па зарплаце. Фактычна, гэта развяжа нам рукі, бо больш не трэба будзе звяртацца па дазвол да вышэйстаячых арганізацый, каб выплаціць супрацоўнікам дастойны заробак.

— У адным са сваіх інтэрв'ю вы выказалі думку, што для НАН было б лагічна аптымізаваць пэўныя «неперспектыўныя» кірункі. На ваш погляд, ці не прывядзе такая палітыка да знікнення фундаментальнай навукі, якая не дае імгненнага эфекту?

— Сапраўды, пагоня за хуткім поспехам можа ўяўляць вялікую небяспеку. Тым больш, што прадказаць, які кірунак стане прарыўным праз 10—15 гадоў, мала хто рашыцца. А за любым прарывам у нашай сферы стаіць фундаментальная праца, якая была праведзена да гэтага. Нярэдка бывае, што на той момант яна здавалася неперспектыўнай. Таму з такім інструментам, як аптымізацыя, трэба працаваць вельмі акуратна.

Трэба прызнаць, што Беларусь цяпер збольшага займаецца не стварэннем тэхналогій (гэта прэрагатыва вялікіх краін і карпарацый з вялікімі фінансавымі магчымасцямі), а адаптацыяй ужо існуючых. Наша сіла ў тым, што мы можам хутка рэагаваць, падхопліваць новае і пераўтвараць гэта ў запатрабаваныя на рынку прадукты. Тым не менш любой краіне варта мець групу людзей, якія разумеюць, як працуе тая ці іншая сістэма на самым глыбокім узроўні. Карэнным чынам мадэрнізаваць якую-небудзь прыладу без ведання фундаментальных прынцыпаў яе работы ўжо не атрымаецца. Для таго, каб адпавядаць сучасным патрабаванням да тэхналогій, і неабходны людзі, што глыбока ведаюць пэўную тэму і займаюцца фундаментальнымі даследаваннямі.

Устаноўка магнітна-рэалагічнага паліравання, створаная ў Інстытуце цепла- і масаабмену  па праграме супрацоўніцтва навукоўцаў Беларусі і Расіі.

— У верасні вы прыступілі да рэалізацыі пяцігадовай праграмы «Тэхналогіі Саюзнай дзяржавы», якая рэалізуецца сумесна з Расійскай Федэрацыяй. На якой стадыі яна цяпер?

— Пасля чатырох месяцаў работы рана казаць пра якія-небудзь канкрэтныя вынікі. Глабальная мэта праграмы — зніжэнне масавых і габарытных характарыстык касмічных апаратаў. Яна мае тры раздзелы. Першы — распрацоўка новых матэрыялаў, якія змогуць вытрымліваць высокую тэмпературу, механічнае і электрамагнітнае ўздзеянне (напрыклад, успышкі на Сонцы). Другі — тэхналогіі сістэм кіравання касмічным апаратам. Гаворка ў першую чаргу пра плазменныя рухавікі з кіраваным вектарам цягі (падобная сістэма выкарыстоўваецца ў рэактыўных самалётах, толькі ў створаным прататыпе няма механікі — плазма выгінаецца ў патрэбны бок пад уздзеяннем уласных токаў). Іх для нармальнага манеўравання спатрэбіцца значна менш, чым статычных, а памер аднаго рухавіка складае ўсяго 2—3 сантыметры. І трэці — дыягнастычная апаратура: аптычныя прыборы і лазерныя сістэмы з лепшымі за існуючыя аналагі характарыстыкамі.

— Наколькі мне вядома, у вашым інстытуце праводзіцца работа па развіцці адытыўных тэхналогій, у прыватнасці 3D-друку. Што ўжо зроблена ў гэтым кірунку?

— У нас фарміруецца праграма Саюзнай дзяржавы ў гэтай галіне. Галоўная перавага заключаецца ў тым, што вырабы з разнастайных матэрыялаў, зробленыя па 3D-тэхналогіях, могуць у разы пераўзыходзіць свае «маналітныя» аналагі па механічных, фізічных і хімічных характарыстыках. У інстытуце ёсць уласныя 3D-прынтары, але яны працуюць пераважна з палімерамі.

Сапраўднае выкарыстанне пачынаецца з пераходам на больш складаныя матэрыялы і работу ў прамысловых маштабах. Пакуль што цяжка вызначыцца, у якой сферы такое выкарыстанне будзе апраўданым з камерцыйнага пункту гледжання, але мы займаемся гэтай праблемай. Калі праграму зацвердзяць, то будзем ствараць уласны 3D-прынтар на металах і адпаведныя тэхналогіі па атрыманні парашкоў, з якімі гэтая тэхніка будзе працаваць. Акрамя таго, разглядаецца яшчэ адзін вельмі цікавы кірунак — 3D-друк з адначасовым сінтэзам. Падчас яго адбываецца не проста спяканне і зварка, а лакальны сінтэз новага матэрыялу пад уздзеяннем высокай тэмпературы лазернага праменя. Гэта дасць нам магчымасць ствараць цэлы шэраг новых кампазіцыйных матэрыялаў і вырабаў высокай якасці для спецыяльных мэт.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.