Вы тут

Уладзімір Дворнік: Прадпрымальніцтва — неад'емная частка эканомікі


Малы і сярэдні бізнес можа надаць рух аб'ектам нерухомасці. Тым, якія сёння пакуль не выкарыстоўваюцца.

На Гомельшчыне цяпер зарэгістравана амаль трыццаць сем тысяч суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Пра развіццё гэтага сектара эканомікі ішла гаворка падчас сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка з некаторымі кіраўнікамі прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці.


Губернатар падкрэсліў значнасць падобных сустрэч, паколькі падчас іх правядзення прадстаўнікі бізнес-супольнасці маюць магчымасць унесці канструктыўныя прапановы наконт таго, якія крокі трэба распачаць мясцовым органам улады для падтрымкі прыватнага бізнесу:

— Прадпрымальніцтва з'яўляецца неад'емнай часткай эканомікі, і мясцовыя органы ўлады будуць і далей прыкладаць максімум намаганняў, каб гэты сектар паспяхова развіваўся нароўні з іншымі, — запэўніў Уладзімір Дворнік.

Скразная ідэя, якую выказвалі ўдзельнікі сустрэчы, — неабходнасць зніжэння выдаткаў на выпуск прадукцыі — тады не спатрэбяцца затратныя тавараправодныя сеткі. Што датычыцца непасрэдна рэзідэнтаў СЭЗ, то, нягледзячы на адмену некаторых падатковых ільгот, сваю эканамічную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі яны лічаць выгаднай.

— У Светлагорску размешчаны наш завод зварачных электродаў. Мы з 2010 года працуем у Беларусі, а з 2014-га з'яўляемся рэзідэнтамі СЭЗ «Гомель-Ратон». Атрымалі шэраг падатковых ільгот, якія дазваляюць больш інвеставаць. Працаваць у Беларусі аказалася прасцей, чым мы думалі, — адзначае выканаўчы дырэктар украінскай карпарацыі «Плазматэк» Юрый Амяльчук. — Вядома, ёсць некаторыя складанасці, але яны галоўным чынам звязаны з праблемамі, якія ўзнікаюць звонку. Сёння сітуацыя ў свеце вельмі хутка мяняецца, мы павінны да гэтага прыстасоўвацца. Наколькі хутка мы гэта зробім — ад гэтага залежаць нашы поспехі. Намаганнямі двух заводаў мы выйшлі на першае месца ў СНД па аб'ёмах вытворчасці зварачных электродаў. Асноўны кірунак экспарту беларускага завода — Расійская Федэрацыя і краіны Мытнага саюза.

Дарэчы, за мінулы год аб'ём экспарту прыватнага бізнесу вырас на 20%, яго доля ў абласной структуры склала 16%. Прыватнікі цяпер больш уважліва ставяцца да матэрыяльных выдаткаў, вышэйшай стала і эфектыўнасць іх дзейнасці, адзначыў на сустрэчы Уладзімір Дворнік.

Летась на Гомельшчыне было адкрыта звыш 700 новых арганізацый. У тым ліку амаль 200 — у вытворчай галіне. Большасць — у сферы гандлю, а таксама рамонту аўтамабіляў і бытавой тэхнікі. Далей ідуць прамысловасць, будаўніцтва, транспарт, сельская і лясная гаспадаркі. Працоўныя месцы за год атрымалі звыш шасці тысяч чалавек.

Між тым старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік бачыць велізарны патэнцыял развіцця прыватнага бізнесу ў эфектыўным выкарыстанні аб'ектаў нерухомасці, якія дагэтуль не выкарыстоўваюцца. Такіх у Гомельскай вобласці ў выніку праведзенай летась інвентарызацыі выяўлена больш за 5,5 тысячы. Прададзена было каля 300.

— Я тут бачу велізарны рэсурс, — сказаў Уладзімір Дворнік. — Эфектыўнае выкарыстанне нерухомасці спрыяе развіццю малога і сярэдняга бізнесу і працаўладкаванню грамадзян, навядзенню парадку на зямлі і павышэнню прывабнасці рэгіёна, а таксама павелічэнню ворных земляў.

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што кожны выяўлены аб'ект пастаўлены на кантроль, кіраўнікі камітэтаў і ўпраўленняў Гомельскага аблвыканкама і органаў мясцовай выканаўчай улады будуць рэгулярна даваць справаздачу пра ўцягванне такіх аб'ектаў у гаспадарчы абарот.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дыялог з бізнесам на карысць дзяржаве

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.