Вы тут

Колькі банбаньерак трэба для шчасця?


Да мінулай восені апошні раз я была на вяселлі больш за дваццаць гадоў таму. Вядома ж, не на сваім. Бацькі ішлі бавіць час, а мяне не было з кім пакінуць. Усё, што засталося ў памяці з таго дня, — шкляная падлога банкетнай залы ды вэнджаная свіная галава на стале. Аб тым, як выглядае падрыхтоўка і арганізацыя свята знутры, у мяне — на той момант і далей — было даволі слабае ўяўленне. Да мінулай восені...


— Прывітанне! Што робіш? — звонка шчабеча на тым канцы провада сяброўка. — На 15 кастрычніка нічога не плануй. Чаму? Пойдзеш да мяне на вяселле. Будзеш сведкай. Ну што ты «войкаеш», не хвалюйся, гэта не балюча. Арганізуеш выкуп нявесты. Як гэта выглядае? Ну-у, даражэнькая...

Ніколі не была фанатам традыцыйных вяселляў, але што зробіш: пажаданне нявесты — закон. Першапачатковы стан — узрушанасць ад новай ролі, прапанаванай мне сяброўкай.

Чалавек у гэтай справе нявопытны, я пачала шукаць у інтэрнэце апісанні конкурсаў для выпрабавання жаніха на трываласць. «Падрыхтуйце невялікае палена, пілку, востры нож. А зараз прапануйце жаніху паказаць, як ён умее габляваць дзяцей, ці атрымаецца ў яго дзіця разумнае і прыгожае, як Бураціна...» Ці вось яшчэ: «У дзвярным праёме ў пакоі нявесты вісіць прасціна, на якой пунсовай фарбай намалявана вялікае сэрца. Сведка прапануе жаніху выкупіць нажніцы і акуратна выразаць малюнак са словамі накшталт:

Перад табою — перашкода,

За ёй — чакае ўзнагарода.

Нажніцы ты хутчэй трымай

І сэрца імі выразай».

Мяркуючы па шматлікіх фотаздымках, конкурсы карыстаюцца вялікай папулярнасцю... «О, Божухна..!» — уздыхнула я. І села прыдумваць заданні сама.

Да вяселля — прыблізна два тыдні. Тэлефаную сяброўцы. Па голасе адчуваю — нервуецца.

— Нават не ведаю, што рабіць! Нам хочуць падсунуць нейкую «лажу», а не машыны! Я ім кажу: спачатку павінна ехаць белая, потым чорная, потым зноў белая і зноў чорная. А яны мне прапануюць адну белую, а за ёю — тры чорныя, бо з другой белай нейкія праблемы. Яны што, не разумеюць?!

— Лера, а можа, і нічога страшнага...

— Як гэта «якая розніца»?! А банбаньеркі, якія я буду дарыць гасцям узамен на віншаванні? Я заказала маленькія фіялетавыя скрыначкі, каб у іх ушчыльную змяшчаліся тры цукеркі. А яны мала таго што зрабілі бэзавыя, дык туды спакойна яшчэ дзве цукеркі ўлезе!

Лера — нармальная, адэкватная дзяўчына. Але ўжо ў той момант я пачала падазраваць: падрыхтоўка да вяселля робіць з людзьмі нешта не тое...

Тыдзень да свята. Лера тэлефануе мне сама. Ледзь не плача: шыкоўная мадэль сукенкі аказалася занадта шыкоўнай, таму яе могуць не паспець дашыць як след, з усімі ўпрыгажэннямі. Фатограф, якога знайшлі праз знаёмых, хоча ўжо не 400, а 500 умоўных адзінак за працу. А ў жаніха ўвогуле скончылася цярпенне, і ён шостую гадзіну запар недзе расслабляецца з сябрамі. «...!» — лаканічна, але надзвычай нечакана ахарактарызавала жаніха заўсёды інтэлігентная Лера. І дадала: «Адна надзея — што затрачаныя 5 тысяч долараў адаб'юцца за кошт падарункаў ад гурту родных і блізкіх». А ў мяне расло неўразуменне. Навошта траціць столькі сіл (і грошай)? На што? Гнацца за знешняй яскравасцю і эфектнасцю? Рабіць свята «не горш, чым ва ўсіх», таму што так заведзена (кім? куды?)? Каб потым, страціўшы апошнія нервы, быць госцем на ўласным вяселлі?.. І ці залежыць далейшае шчасце маладых ад таго, колькі сродкаў было ўкладзена і якія машыны давозілі іх да загса?

Набіраю пабольш паветра і асцярожна пытаюся:

— А навошта вам увогуле ўся гэтая мітусня?

— Ну, каб запомнілася... Каб было прыгожа. Каб гасцям спадабалася.

І вось — дзень Х. Прыгатаванні завершаны. Выкуп прайшоў на ўра. Усе падарункі для маладых складзены ў адмысловую скрыначку, усе банбаньеркі знайшлі сваіх гаспадароў. Госці, уражаныя шыкоўнасцю залы, выканалі неабходную норму «сэлфі» і занялі месцы за сталом строга ў адпаведнасці з імяннымі таблічкамі. Працяглыя віншаванні ад стрыечных цётак, загадкавыя конкурсы тамады, новыя і новыя стравы, што хутка мільгацяць над сталом, музыкі, якіх ніхто не заўважае... Людзі ва ўзросце цешацца актыўным жаваннем, моладзь пазяхае — яе ўжо не цешыць нічога. Ад супрацьлеглага боку стала адрываецца ўжо даволі разняволены дзядзька, «імкліва накіроўваецца да вядучага і, захапіўшы мікрафон, гучна дзеліцца набалелым: «Колькі можна трываць гэтае нудоцце? ТАНЦЫ ДАВАЙ!!!»

***

З месяц таму мая калега радасна паведаміла:

— Дзяўчаты! Прыемная навіна! Выходжу замуж!

Рэзка зашчымела ў грудзях... Перад вачыма трывожна пранесліся паўзункі для збору грошай, белыя мерседэсы з нецвярозымі сваякамі, удзельнікі конкурсу на самы вялікі піўны жывот... На заднім плане лісліва заспяваў Стас Міхайлаў...

— Але вяселля не будзе, прабачце. Замест гэтага адразу паедзем адпачываць.

Ёсць у жыцці шчасце!

Міра Кравец

Загаловак у газеце: ВЯСЕЛЛЕ... БЕЗ ВЕСЯЛОСЦІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.