Вы тут

Дзяржава разлічвае на вучоных


Цяжкія задачы ў эканоміцы можна вырашыць, толькі аб'яднаўшыся, заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з навуковымі і навукова-педагагічнымі работнікамі пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара, паведаміў карэспандэнт БЕЛТА.


«Нам незалежнасць вельмі танна дасталася: усе народы ваявалі, сёння ваюе наша брацкая Украіна. Нам нельга дапусціць таго, каб ваяваць. Мы народ міралюбівы. Напэўна, Бог перад намі паставіў гэтыя цяжкія задачы, каб мы адчувалі, што такое незалежнасць. Пераадолець усё гэта мы можам, толькі аб'яднаўшыся. І, дзякуй богу, галоўны напрамак нашай барацьбы за незалежнасць праходзіць праз эканоміку — не ў ваеннай сферы, не ў палітычнай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таму, падкрэсліў Прэзідэнт, неабходна паскоранымі тэмпамі займацца развіццём эканомікі, і навука тут павінна быць галоўным складнікам. «Таму чакайце вельмі сур'ёзнага націску з майго боку ў сферы навукі. Нам не патрэбна проста навука, якая нават калі і не за бюджэтныя грошы жыве, то проста існуе. Нам патрэбна эфектыўная навука для вытворчасці», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Без навукі мы нічога зрабіць не можам

«Хачу, каб вы разумелі — будучыня краіны сёння ў вашых руках», — заявіў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў: «У нас няма геапалітычных амбіцый, самае галоўнае для нас — зберагчы гэты кавалачак зямлі. Усе праблемы ў сувязі з гэтым, як ні дзіўна, ляжаць у сферы эканомікі. Эканоміка ў нас абсалютна адкрытая. І нам трэба яе захаваць у самай жорсткай канкурэнтнай барацьбе. А канкурэнцыі без навукі не бывае». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што цяпер беларускія тэхналогіі, прадукцыя запатрабаваны, але трэба глядзець наперад і рухацца далей, пашыраць рынкі збыту.

Прэзідэнт закрануў праведзеныя візіты ў Егіпет і Судан, асноўнай мэтай якіх было пашырэнне паставак туды беларускай прадукцыі і прыцягненне беларускіх тэхналогій. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што існуюць велізарныя магчымасці для экспарту ў афрыканскія дзяржавы тэхналогій і прадукцыі, шырокага выкарыстання там беларускага вопыту. І гэтыя магчымасці неабходна актыўна выкарыстоўваць, каб не ўпусціць час. «У нас ёсць тэхналогіі, і яны сёння запатрабаваны. Але заўтра спатрэбяцца іншыя, новыя тэхналогіі. Без навукі ні ў сябе, ні на знешніх рынках мы нічога зрабіць не можам. Менавіта таму такія высокія патрабаванні выстаўляюцца да вучоных», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паляпшэнне якасці жыцця людзей немагчыма без інавацый

«Менавіта з перадавымі распрацоўкамі непасрэдна звязаны рост нашага дабрабыту і інтэлектуальнае развіццё нацыі, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Яны вызначаюць у канчатковым выніку ўзровень эканамічнай канкурэнтаздольнасці дзяржавы на міжнароднай арэне. Больш таго — гарантуюць яе палітычную вагу ў свеце». Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую актуальнасць набывае ўкараненне зялёных тэхналогій, другаснае выкарыстанне рэсурсаў, энергазберажэнне. «Гэта не проста модны агульнасусветны трэнд, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Тут і здароўе грамадзян, і ўстойлівае гарманічнае развіццё нашых тэрыторый».

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што трэба «крытычна і рацыянальна, па-дзелавому зірнуць на эфектыўнасць дзеючай мадэлі кіравання навукай у нашай краіне». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта сустрэча — прэлюдыя да вялікай размовы, якая адбудзецца ў Нацыянальнай акадэміі навук. «Мы павінны вельмі сур'ёзна прааналізаваць сітуацыю ў навуцы, пагаварыць пра яе сучаснае і будучае», — заявіў Прэзідэнт. На яго думку, ёсць нямала задач, якія неабходна вырашыць. «Нейкія з іх вы можаце і павінны абазначыць у ходзе сённяшняй размовы. Акрамя таго, на маючай адбыцца ў бліжэйшы час маштабнай нарадзе па развіцці навуковай сферы мы зможам развіць усе вашы прапановы і, можа, нават вырашыць некаторыя з іх. Таму заклікаю вас прыняць самы дзейны ўдзел у падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства — патрэбны свежыя ідэі і ініцыятывы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Напярэдадні Дня беларускай навукі ён выказаў словы ўдзячнасці вучоным за праведзеную імі вялікую работу, а таксама ўручыў дыпломы і атэстаты. Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт заклікаў: «Зрабіце так, каб грамадства адчувала і ведала не толькі тое, што ў нас ёсць вучоныя, але і што яны здольны на штосьці вялікае. Важна, каб гэты год сапраўды прагучаў як Год навукі».

Лепшыя навуковыя распрацоўкі — на службу людзям

Кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы з вучонымі асаблівую ўвагу ўдзяліў нявырашаным пытанням, якія існуюць у галіне. «Некаторыя з іх сапраўды насцярожваюць», — заўважыў Прэзідэнт. На яго думку, далёка не заўсёды запатрабаваны эканомікай спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць саіскальнікаў вучоных ступеняў. Гэта відавочная недапрацоўка ўсіх, хто ажыццяўляе планаванне ў гэтай галіне.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, зроблена, вядома, шмат. Але разам з тым так і не ўдалося дабіцца, каб усе даследаванні як па тэхнічных і прыродазнаўчанавуковых, так і па гуманітарных дысцыплінах мелі прыкладную значнасць. «Вучоных неабходна нацэльваць на самыя запатрабаваныя тэмы і напрамкі. Лепшыя распрацоўкі павінны служыць людзям, а не пыліцца на паліцах, — заявіў Прэзідэнт. — І па гэтым пытанні мною прынята вычарпальнае, радыкальнае рашэнне, і яно залежыць толькі ад вас». «Ніхто сёння ў краіне не можа адмовіцца ад асваення або ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў. І калі гэтага ўкаранення няма, значыць, вінаваты кіраўнік Акадэміі навук і ўсе інстытуты, міністр адукацыі, людзі, якія курыруюць гэты напрамак ва ўрадзе. Вінаватыя толькі яны. Не маюць права работнікі вытворчасці адмовіцца ад перспектыўных распрацовак. Перспектыўныя ці не, вырашае фактычна кіраўнік Акадэміі навук, і ён нясе за гэта адказнасць.

Таму гэта пытанне вырашана раз і назаўсёды, і вы, вучоныя, яго больш не ўзнімайце перада мною. Ёсць спецыялісты, якія ацэняць перспектыўнасць распрацовак», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У ліку іншых вострых праблем Аляксандр Лукашэнка назваў нежаданне таленавітай моладзі будаваць кар'еру ў даследчай сферы. «Паглядзіце, у нас шэраг перспектыўных галін патрабуе актыўнага развіцця. Атамная энергетыка, касмічная і біятэхналагічная галіны — тут шырокае поле дзейнасці для здольных маладых людзей. Я называю новыя галіны, а колькі старых, якім можна даць новае дыханне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама задаў рытарычнае пытанне: «Ці можам мы сёння задаволіць здаровыя навуковыя амбіцыі таленавітай моладзі і прадаставіць для работы патрэбныя ўмовы?» На думку Прэзідэнта, у навуковай галіне існуе яшчэ нямала задач, якія трэба вырашыць.

Навука павінна служыць яшчэ і апорай дзяржаўнай ідэалогіі

На цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і педагагічным работнікам кіраўнік дзяржавы заявіў, што нам проста неабходна аргументаванае, непрадузятае меркаванне кампетэнтных спецыялістаў. «Асабліва сёння, калі робяцца асобныя спробы паставіць пад сумненне суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы», — лічыць ён. Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ў гэтай зале знаходзяцца людзі, распрацоўкі якіх ужо ўкаранёны і паказваюць высокія вынікі ў важных і запатрабаваных сферах жыцця нашага грамадства.

«Прысутнасць тут і зусім маладых вучоных азначае, што ў нас створана нямала магчымасцяў для дасягнення поспеху ў любым узросце. Трэба толькі прыкласці працу і талент», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да вучоных, ён падкрэсліў: «Усе вы ўжо праявілі сябе і заслужылі высокую ацэнку калег.

Дзейнічайце, стварайце, вынаходзьце, і калі прадукт вашай творчасці будзе канкурэнтаздольным, вы можаце разлічваць на поўную падтрымку і маю, і дзяржавы. Няхай прызнанне будзе стымулам для новых навуковых перамог і здзяйсненняў, і абавязкова ў нашай роднай Беларусі, дзе выбудавана і пастаянна ўдасканальваецца сістэма дзяржаўнай падтрымкі навукі і вучоных».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?