Вы тут

«Вяртанне да школьнай шасцідзёнкі — гэта ўчарашні дзень»


«Вяртанне да школьнай шасцідзёнкі — гэта ўчарашні дзень», «назад у мінулае», «дайце дзецям і настаўнікам адпачыць два дні», «на дзіця ўжо ў пятніцу без слёз глядзець немагчыма», «цяпер педагогаў зноў будуць караць за нізкую наведвальнасць мерапрыемстваў у школьную суботу» — прыкладна так каментавалі загад Міністэрства адукацыі «Аб удасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня» ў сеціве ўвесь тыдзень.


Каб абвергнуць бацькоўскія апасенні, Міністэрства адукацыі размясціла на сваім сайце афіцыйны каментарый, у якім сцвярджаецца, што наведванне шостага школьнага дня будзе для навучэнцаў добраахвотным. Па-ранейшаму ў школах і гімназіях будуць праводзіцца фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, гульні, спартакіяды, спаборніцтвы, заняткі аб'яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці. Максімальна занятымі ў мерапрыемствах шостага школьнага дня павінны быць навучэнцы, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі.

Што датычыцца больш актыўнага ўключэння ў шосты школьны дзень педагогаў-прадметнікаў, мяркуецца, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі, як і раней, будуць планаваць расклад шостага школьнага дня з улікам арганізацыі факультатыўных заняткаў для вучняў 9 — 11 класаў, стымулюючых заняткаў — для адораных і таленавітых дзяцей і падтрымліваючых — для дзяцей са слабай паспяховасцю. Мяркуецца, што правядзенне для навучэнцаў 9 — 11 класаў дадатковых заняткаў менавіта ў гэты дзень разгрузіць асноўны вучэбны тыдзень. Таксама па суботах настаўнікі-прадметнікі могуць арганізоўваць інтэлектуальныя конкурсы, навукова-практычныя канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы.

Асаблівая ўвага ў загадзе ўдзяляецца ўзаемадзеянню з сям'ёй. «Бацькі, пры неабходнасці, змогуць наведаць у суботу кансультацыі, сустрэцца з педагогамі-прадметнікамі, абмеркаваць пытанні, якія яны не могуць вырашыць з прычыны сваёй занятасці ў будныя дні», — адзначаецца ў каментарыі.

Яшчэ адзін пункт загада датычыцца ўзмацнення работы аб'яднанняў па інтарэсах працоўнай скіраванасці — «Умелыя рукі», «Гатуем самі», «Вучымся шыць», «Гаспадынька» і гэтак далей. Адно з прынцыповых новаўвядзенняў — арганізацыя працоўнага выхавання і ўзаемадзеяння школы з сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

«Пільная ўвага будзе ўдзелена арганізацыі і правядзенню прафарыентацыйных мерапрыемстваў, дапрафесійнай падрыхтоўцы і прафесійнаму навучанню школьнікаў на базе прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў, — тлумачыцца ў каментарыі. — Правядзенне такіх заняткаў (у шосты школьны дзень) на базе ліцэяў і каледжаў дапаможа школьнікам спасцігнуць навыкі тых ці іншых прафесій».

Педагогаў, натуральна, хвалюе пытанне, як будзе аплачвацца іх праца ў шосты школьны дзень.

«Аплата працы настаўнікаў, якія праводзяць факультатыўныя, стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з устаноўленай ім педагагічнай нагрузкай. Аплата працы класных кіраўнікоў, якія арганізуюць мерапрыемствы ў шосты школьны дзень, праводзіцца за кошт гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы. Акрамя таго, кіраўнік мае права ўстанаўліваць стымулюючыя выплаты (прэміі, надбаўкі) за правядзенне мерапрыемстваў у шосты школьны дзень», — гаворыцца ў каментарыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Галоўны прынцып — добраахвотнасць

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.