Вы тут

Прэзентаваны ўнікальны альбом, дзе прадстаўлена мастацтва Міншчыны


Васіль Шаранговіч, Уладзімір Слабодчыкаў, Барыс Цітовіч, Алесь Квяткоўскі... Гэтых творцаў яднае не толькі тое, што яны знайшлі свой жыццёвы шлях у мастацтве, але і зямля, на якой яны нарадзіліся і жывуць. Пад вокладкай унікальнага альбома «Рукою майстра» сабраныя рэпрадукцыі, фотаздымкі работ творцаў з Міншчыны. Кніга пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.


— Міншчына мастацкая — выдатны творчы край, — адзначыў падчас прэзентацыі намеснік міністра інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — Калі б кніга была прысвечаная не толькі сучасным мастакам, але і мастацтву вобласці ў цэлым, то мы маглі б тут убачыць рэпрадукцыі вялікіх творцаў. Прасторы Стаўбцоўшчыны, Мядзельшчыны, Вілейшчыны занатаваны ў творах мастакоў ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя. Спадзяюся, што Выдавецкі дом «Звязда» будзе мець дачыненне да новых падобных праектаў.

Альбом «Рукою майстра» стаў першым у нашай краіне выданнем, якое прэзентуе мастацтва творцаў — ураджэнцаў пэўнай вобласці.

— Дзякуючы выданню сучаснае мастацтва можа сябе прапагандаваць і паказваць. Мы шмат гадоў марылі пра тое, што творы мастакоў будуць з'яўляцца не толькі ў галерэях і музеях, што мастакі і іх работы будуць заўважаныя, яны будуць друкавацца не толькі на старонках газет і часопісаў, але будуць выходзіць кнігі, выдавацца альбомы, — заўважыла мастацтвазнаўца Наталля ШАРАНГОВІЧ. — Гэты альбом — вельмі важны крок. Адметна, што Міншчына стала першай вобласцю, якая паверыла ў мастацтва і зрабіла кнігу-прэзентацыю.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Край, які натхняе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?