Вы тут

У гады вайны ў гета ў Мірскім замку загінула каля 650 чалавек


Для некаторых беларусаў, а асабліва тых, чые карані вядуць на Навагрудчыну, Мірскі замак рэдка суадносіцца з гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Гэты велічны прыгожы будынак, вядомы далёка за межамі нашай краіны, у першую чаргу з'яўляецца для іх месцам, дзе загінулі вельмі блізкія людзі.


У 20-я гады мінулага стагоддзя ў Міры пражывала звыш 3300 яўрэяў, што складала прыкладна палову ад усяго насельніцтва. Гэта і стала адной з прычын трагедый, якія адна за адной навальваліся на мястэчка.

На­ву­ко­вы су­пра­цоў­нік зам­ка­ва­га комп­лек­су «Мір» Воль­га Навіцкая: «Вы­жыў­шыя вяз­ні ўспры­ма­юць Мір­скі за­мак не як пом­нік ар­хі­тэк­ту­ры, а як мес­ца, дзе за­гі­ну­лі іх сва­я­кі».

Першыя расстрэлы і гета

Нямецкія войскі акупавалі Мір на шосты дзень вайны. Першы расстрэл адбыўся ўжо 20 ліпеня 1941 года. Яго ахвярай стаў і Якаў Разоўскі. Як і астатнія 20 чалавек, у той дзень ён узяў з сабой усе каштоўнасці: яўрэі ўвесь час думалі, што ў іх будзе магчымасць адкупіцца. Калі стала зразумела, што спадзявацца на грошы не варта, па дарозе да месца расстрэлу Якаў выкінуў свой кашалёк — хацеў паказаць дарогу, па якой павялі. Кашалёк знайшла яго сястра, якая даведалася, што жыццё брата абарвалася ў блізкім лесе.

Масавыя расстрэлы працягнуліся ў лістападзе 1941 года. 9 чысла паўтары тысячы яўрэяў сагналі да пясчанага кар'ера, што непадалёк ад Мірскага замка. Як расказвалі мясцовыя жыхары, вялі іх усяго некалькі паліцаяў. Але тыя пакорліва ішлі. Зямля варушылася некалькі дзён пасля трагедыі... Неўзабаве былі расстраляны яшчэ 750 міран. У памяць аб гэтых бязвінна пакараных людзях сёння стаяць помнікі.

Першае гета ў Міры, дзе ўтрымлівалася каля 3 тысяч чалавек, было створана ўжо праз тры месяцы пасля таго, як пачалася вайна.

З мая па жнівень 1942 года — каля трох з паловай месяцаў — існавала гета і ў Мірскім замку. Вязняў ганялі на работы: трэба было ачышчаць ад завалаў мястэчка, якое неаднойчы бамбілі. Паколькі ў гета не кармілі, падчас такіх выхадаў людзі мянялі сваё адзенне на ежу. У Мірскім замку знаходзілася прыблізна 850 яўрэяў. Каля 650 чалавек загінула. Астатнім удалося збегчы.

— Магчымасць сысці была ва ўсіх, — расказвае навуковы супрацоўнік замкавага комплексу «Мір» Вольга НАВІЦКАЯ. — Многія не рызыкнулі з-за свайго пажылога ўзросту або маленькіх дзяцей на руках. На тых вязняў, каму пашчасціла выбрацца з гета, гітлераўцы ўчынілі аблавы.

Рэчы-напаміны

У напамін аб тых людзях, чыё жыццё абарвалася ў гета або падчас лістападаўскіх расстрэлаў у Міры, засталіся асабістыя рэчы і фотаздымкі, што захоўваюцца ў музеі замкавага комплексу. Вышытая ў кветкі сурвэтка была падорана мясцовай жыхарцы Надзеі Гайсюк нейкай Хасяй. Жанчына ведала, што хутка загіне, таму вырашыла такім чынам пакінуць аб сабе памяць. Дзякуючы паліто, пашытым Пейсахам Жухавіцкім для мясцовага жыхара Сямёна Фурса, мы сёння ведаем імя краўца, лёс якога абарваўся ў гета. Цікава, што хата Фурса тройчы гарэла, але паліто ацалела.

Бэлу Гільмоўскую расстралялі ў лістападзе 1941-га. Разам з 15-гадовай дзяўчынай загінула і сястра Доба. Па ўспамінах сведак, калі сясцёр падвялі да ямы, нямецкі афіцэр загадаў прыгожую Добу не расстрэльваць, але аднакласнік-паліцай штурхнуў дзяўчыну ў яму. Яе закапалі жывой... Трэцяй сястры, Марыі, пашчасціла выжыць: яна была сярод тых, хто збег з гета ў замку.

— Аб тым, што адбывалася ў Міры ў гады вайны, мы шмат даведаліся з лістоў Сары Ландэр (у дзявоцтве Хаймовіч), якой на момант знаходжання ў гета было 12 гадоў, — гаворыць Вольга Навіцкая. — Тут утрымліваліся ўсе яе сваякі. Дзяўчынку выратавала маці, якая працавала ў аптэцы фармацэўтам (гітлераўцы да апошняга пакідалі добрых спецыялістаў). Сара Ландэр прызналася, што ўспрымае Мірскі замак не як помнік архітэктуры. Для яе гэта месца, дзе загінулі ўсе сваякі.

Напрыклад, стрыечная сястра Рыва Берман. Калі вязні даведаліся, што гета будзе ліквідавана, па-рознаму ўспрынялі гэтую інфармацыю. Адны, у асноўным моладзь, думалі, як выжыць. Іншыя проста маліліся. Астатнія заканчвалі жыццё самагубствам. Прыняць атруту вырашылі і Берманы. Маці дала яе Рыве пад выглядам лекаў. Соня і Зяма, бацькі дзяўчынкі, зрабілі тое ж самае, але, у адрозненне ад дачкі, прачнуліся — відаць, з-за невялікай дозы атрута на іх не падзейнічала. Пакутуючы ад гора, Зяма перарэзаў сабе вены, але кроў не пайшла. Разам з астатнімі вязнямі яны былі расстраляны 13 жніўня 1942 года...

Дзя­ку­ю­чы Ос­валь­ду Ру­фай­зе­ну з ге­та ў за­мку збег­ла ка­ля 200 ча­ла­век.

Яўрэй-католік

Выжыць удалося толькі тым, хто адважыўся на ўцёкі. Сярод моладзі ў гета была арганізавана група супраціўлення. Са зброяй дапамог 20-гадовы Освальд Руфайзен. Выдаўшы сябе за выхадца з польска-нямецкай сям'і, юнак уладкаваўся ў мясцовае аддзяленне паліцыі перакладчыкам, таму ведаў аб запланаваных карных аперацыях. Дзякуючы яму каля дзвюх соцень яўрэяў апынуліся на волі.

Сам Руфайзен быў схоплены гітлераўцамі. Пазбегнуць расправы дапамог нямецкі афіцэр, які лічыў яўрэйскага юнака за сына. Яго прытуліла ігумення мясцовага жаночага манастыра, дзе ён хаваўся каля 15 месяцаў. Потым сышоў у партызаны. Пасля вайны стаў манахам і з'ехаў у Ізраіль, дзе не быў прыняты з-за таго, што змяніў веру. «Стаць хрысціянінам Руфайзена прымусілі тыя падзеі, якія адбыліся ў Міры ў гады вайны, — лічыць навуковы супрацоўнік Мірскага замка. — Безумоўна, свой уплыў на яго аказалі і манахіні каталіцкага манастыра, якія выратавалі яму жыццё».

Освальд Руфайзен прыязджаў у Мір у 1992 годзе. Сустракаўся з выжыўшымі вязнямі гета. Пасля смерці айца Даніэля, як называлі хрысціяне Руфайзена, яго памочніца перадала асабістыя рэчы святара ў замкавы комплекс.

Пас­ля смер­ці ай­ца Да­ні­э­ля, як на­зы­ва­лі хрыс­ці­я­не Ру­фай­зе­на, аса­біс­тыя рэ­чы свя­та­ра за­хоў­ва­юц­ца ў зам­ка­вым комп­лек­се.

Знайсці, каб увекавечыць

Калі Освальд Руфайзен ратаваў прадстаўнікоў сваёй нацыянальнасці, то ў Міры былі і тыя, хто, рызыкуючы сваім жыццём, дапамагаў яўрэям незалежна ад веравызнання.

Соф'я і Ігнат Ермаловічы ратавалі яўрэяў двойчы. Спачатку хавалі ў свірне шасцярых чалавек, асуджаных да расстрэлу. Але трапіўшы на волю, тыя добраахвотна пайшлі ў гета. Адной з іх была 20-гадовая дзяўчынка Цыля Капяловіч, якую пасля ўцёкаў з замка Ермаловічы ўратуюць другі раз. Праз шмат гадоў Соф'і і Ігнату ў Мемарыяльным комплексе гісторыі Халакосту «Яд ва-Шэм» прысвояць ганаровае званне Праведнікаў народаў свету. Музейныя супрацоўнікі былі б рады пазнаёміцца са сваякамі гэтых адважных людзей.

Як і з тымі, каму пашчасціла выжыць пасля ўцёкаў з гета ў замку. На стэндзе выжыўшых вязняў — усяго чатыры фотаздымкі. Супрацоўнікі замкавага комплексу спадзяюцца, што вязні гета або іх сваякі адгукнуцца і дапамогуць дапоўніць гэты стэнд.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Жывая памяць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне баскетбольнай і валейбольнай зборных краіны на буйных міжнародных турнірах.

Грамадства

Якая сістэма ацэньвання лепшая: пяці- ці дзесяцібальная?

Якая сістэма ацэньвання лепшая: пяці- ці дзесяцібальная?

Што думаюць наконт агучанай прапановы самі педагогі?

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».