Вы тут

Агульнабеларускае свята Каляды мае шмат рэгіянальных адметнасцяў


Снежань і студзень у народным календары беларусаў зазвычай праходзілі пад знакам Калядаў. Гэтага свята чакалі, да яго рыхтаваліся, таму і спраўлялі заўсёды шумна і весела, усёй вясковай грамадой. Вось і каманда праекта «Наперад у мінулае» з радасцю адсвяткавала Каляды, а цягам амаль двух месяцаў распавядала гледачам тэлеканала «Беларусь 3» пра іх адметнасці ў розных мясцінах Беларусі. І ўжо ў нядзелю, 29 студзеня, у эфір выйдзе выніковы міні-мюзікл. Карэспандэнт «Звязды» праграму ўжо пабачыў, таму з задавальненнем дзеліцца ўражаннямі з чытачамі.


Ка­ля­дуе гурт «Гуль­бі­чы» Шу­мі­лін­ска­га ра­ё­на.

«Нам Піліпаўка надакучыла»

Традыцыйна завяршэнне года ў народзе лічылася ці не самым цяжкім перыядам. Ночы доўгія і халодныя, час цягнецца павольна, ды яшчэ і пост, што пачынаецца ў канцы лістапада і доўжыцца да Калядаў, забараняе танцаваць, спяваць і весяліцца. Гэтымі днямі многія хварэлі, адбываліся страшныя падзеі. Памятаеце Купалаву раннюю паэму «У Піліпаўку» з трагічным сюжэтам, напоўненую жахамі і містыкай? Таму ў многіх мясцовасцях Беларусі, каб падрыхтавацца да посту, прынята было спраўляць Запускі — апошнія вячоркі перад пачаткам Піліпаўкі, калі можна ўволю павесяліцца і паспяваць перад месяцам вымушанай нуды. Менавіта на Запускі нас запрашае гурт «Смаляначка» вёскі Кабылаўка Кобрынскага раёна.

А вось святкаваць самі Каляды пачнём у вёсцы Акцябр Кобрынскага раёна, дзе спачатку калядуюць без традыцыйнай галоўнай гераіні — сімвалу ўрадлівасці Казы. Тут Каза з'яўляецца ў гурце калядоўшчыкаў крыху пазней — на Шчодрык. У гэтай вёсцы ўдалося запісаць і адметную калядную песню з вось такімі словамі:

Добры вечар табе, пане гаспадару!

Радуйся зямля, сын Божы нарадзіўся.

Засцілайце сталы, ды ўсе пелянамі,

Кладзіце калачы з яравой пшаніцы.

Цікава, што хоць у святкаванні Калядаў па ўсёй краіне прысутнічаюць агульныя рысы, свата мае і рэгіянальныя адметнасці, пэўныя элементы, характэрныя для адной вёскі ці раёна.

Так, у вёсцы Аранчыцы Пружанскага раёна не толькі гаспадары вітаюць і частуюць калядоўшчыкаў, але і калядоўшчыкі — гаспадароў. Гурт «Бабіна лета» ў межах праграмы тлумачыць: перад калядаваннем пякуцца піражкі, якія гурт калядоўшчыкаў носіць з хаты ў хату ў рэшаце. Лічыцца, што ніводная хата не павінна застацца без такога пачастунку, а напрыканцы абыходу хат — піражкоў у рэшаце. У песнях тут прынята Каляды клікаць:

Ой, Каляданькі, дай хадзіце к нам,

Хадзіце к нам, бо мы рады вам.

Нам Піліпаўка надакучыла,

Бо кудзелькамі нас замучыла.

«Цярэшка, шаху-шаху, што ў цябе ў мяху?»

Галоўнай гераіняй «класічнага» калядавання часта выступала Каза, якая ва ўсіх хатах танцавала, падала і ўставала — «нараджалася» зноў. Нездарма ж паўсюль кажуць: «Дзе Каза ходзіць — там жыта родзіць. Дзе Каза не бывае — там усё прападае». А вось у вёсцы Восава, што на Салігоршчыне, Казой у гурце быў не пераапрануты ў вывернуты кажух чалавек. Тут з хаты ў хаты носяць пудзіла казы, а галоўнай дзеючай асобай выступае Дзед у берасцянай масцы. Гэтая маска, магчыма, адзіная ў Еўропе захавалася ў жывым бытаванні.

На Віцебшчыне, менавіта на Шуміліншчыне і Гарадоччыне, Каляду вітаюць адметнай песняй:

Прыехала Каляда ў вазочку

Ды на сівенькім канёчку.

Каляда-Каляда-Калядзіца,

Ты добрая маладзіца.

Прыехала Каляда ўвечары,

Прывязла пірагоў, печыва.

Прыехала Каляда ўвечары,

Прывязла яна дудак рэшата.

Паставіла дудкі на стале,

А сама села на куце.

Іграйце дудкі тоненька,

Скачыце, дзяўчаткі, хорашанька.

А вы, хлопчыкі, пазірайце

Ды дзяўчыначак выбірайце.

Цікава, што калядныя абрады і гульні захоўваюцца ў сваім традыцыйным варыянце і жывуць у вясковым асяродку.

Так, на Лепельшчыне і сёння любімай забавай моладзі ў калядныя святы застаецца гульня «Жаніцьба Цярэшкі», унесеная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Натуральна, што ў праграме пра Каляды нельга было абмінуць увагай Цярэшку. Галоўны персанаж Цярэшка мае міфічнае паходжанне. Ён сустракаецца ў народнай казцы і з'яўляецца «драўляным хлопчыкам», што ажывае на радасць бяздзетным бацькам, а з цягам часу ў народнай свядомасці ператвараецца ў апекуна, дарадчыка.

Сама па сабе гульня «Жаніцьба Цярэшкі» вельмі цікавая. Па сутнасці гэта вясельна-тэатральная дзея, што спалучае тэатр, спевы, танцы, музыку, імправізацыю. З боку старэйшых выбіраюць «бацьку» і «маці», якія сочаць за парадкам правядзення абраду, рытуальна-абрадавым частаваннем і агульнай весялосцю.

Бацька спявае такую песню:

Я дзядок яшчэ нічога,

Пасадзіў пшанічкі многа,

А пшанічка ўся калосіцца,

За мной дзеўкі ўсе носяцца.

Глыбінная сутнасць абрадавай гульні заключаецца ў магчымасці для моладзі пазнаёміцца, знайсці сабе пару. Цікава, што ў «Цярэшцы» няма гледачоў і выканаўцаў, усе з'яўляюцца яе ўдзельнікамі. І як паказвае практыка, даволі часта пары, што ўтварыліся для жартоўнага вяселля, потым ствараюць сапраўдныя сем'і.

Так, пасля святкавання Калядаў сонца «паварочваецца на лета», дзень становіцца даўжэйшым, а мы пачынаем чакаць вясны. Таму ўжо ў лютым разам з праектам «Наперад у мінулае» мы распачнём Масленічны тыдзень і будзем рыхтавацца гукаць вясну.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каляды: знаёмыя незнаёмцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».