Вы тут

Паштавікі праводзяць акцыі «Бліжэй да кліента»


Акцыі пад такой назвай праводзяцца паштавікамі рэгулярна. Звычайна яны праходзяць у самы пік аплаты камунальных плацяжоў — з 15 па 25 чысло кожнага месяца. У гэтыя дні кліентаў вучаць карыстацца плацежна-даведачнымі тэрміналамі. І прыхільнікаў такога спосабу самаабслугоўвання становіцца ўсё больш.


— Спачатку некаторыя нават і чуць не хочуць ні пра які тэрмінал. Кажуць, што ім прасцей аплачваць камунальныя паслугі праз касу. Але чалавек разумее перавагі самаабслугоўвання толькі пасля таго, як навучыўся, — кажа намеснік начальніка Бабруйскага вузла паштовай сувязі Вольга Петражыцкая.

Пенсіянерка Валянціна Падзорава таксама спачатку ігнаравала тэрмінал. Але ўсё ж такі, як інжынер па спецыяльнасці, вырашыла, што трэба ісці ў нагу з часам і вучыцца. «Дзякуй, дзяўчаты дапамаглі. Я за імі паназірала, паўтарыла і зразумела, што так аплачваць нашмат прасцей. Цяпер і іншым раю карыстацца тэрміналамі. Нічога страшнага ў гэтым няма. Тым больш, што побач такія дасведчаныя інструктары», — кажа яна.

У 27-м паштовым аддзяленні па вуліцы Мінскай, 21 якраз выдача пенсій і каля акенца стаіць чалавек шэсць. Тым, хто прыйшоў выключна для таго, каб заплаціць за паслугі, даводзіцца чакаць. Але навошта траціць час дарма?

Інструктары Святлана Кісляк і Наталля Боскіна нясуць вахту непадалёк ад плацежна-даведачнага тэрмінала. Перыядычна яны запрашаюць кліентаў скарыстацца яго паслугамі і абяцаюць дапамагчы. Нехта пагаджаецца і ідзе следам.

— Больш да нас звяртаецца моладзь, а вось людзей сталага ўзросту часцей прыходзіцца ўгаворваць, — кажа Святлана. — Яны не адразу пагаджаюцца, але потым хутка ацэньваюць перавагі. Каму ахвота стаяць у чарзе? Вучобай прыходзіцца займацца рэгулярна, але ў дні акцый мы спецыяльна дзяжурым дзеля гэтага на зале.

Апошнім часам, калі з'явілася магчымасць аплачваць паслугі праз АРІП, карыстацца тэрміналам стала яшчэ больш выгадна. Робіце свой асабовы рахунак у сістэме АРІП і дадаяце ўсе неабходныя паслугі — тэлефон, вада, электраэнергія, ацяпленне і гэтак далей. Наступны раз уводзіце адзіны нумар — і адразу ж перад вачыма адкрываюцца ўсе захаваныя раней плацяжы. Не трэба выконваць лішнія аперацыі, нешта шукаць і зноў уводзіць свае звесткі.

Азат Ганчарэнка раней карыстаўся тэрміналам толькі для таго, каб пакласці грошы на тэлефон. Пасля майстар-класа Святланы навучыўся плаціць за «камуналку» і кабельнае тэлебачанне. Кажа, што цяпер толькі так будзе разлічвацца за паслугі. «Раней выстойваў чаргу ў касу, выбіраў час, калі людзей менш. Цяпер можна ў любы дзень падыходзіць. Дзякуй за навучанне. Здароўя вам паболей», — развітваецца мужчына.

Вольга Альфрэдаўна прызнаецца, што апошнім часам нават бываюць сітуацыі, калі да тэрмінала стаіць чарга з некалькіх чалавек, а каля акенца зусім нікога. Але ахвотных пераходзіць няма, народ хоча абслугоўвацца самастойна. Прычым, калі раней гэта была прэрагатыва моладзі, то цяпер далучылася шмат людзей паважанага ўзросту.

У сельскіх аддзяленнях сувязі тэрміналаў няма, але, як патлумачылі бабруйскія паштавікі, насельніцтва там няшмат, ёсць магчымасць хутка аплаціць паслугі праз касу. Няма неабходнасці ствараць альтэрнатыву і для кліентаў перасоўнай пошты: іх таксама адзінкі. У горадзе іншая справа — тут праз паштовыя аддзяленні за дзень абарочваецца не адна сотня людзей. Трэба, каб для іх гэты працэс праходзіў як мага прасцей. Для карпаратыўных кліентаў, напрыклад, у Бабруйску прадугледжана асобная служба, дзе ім прапануецца цэлы пералік паслуг. Юрыдычныя асобы ўсё часцей карыстаюцца паштовым кур'ерам, які аператыўна дастаўляе іх карэспандэнцыю на ўчастак апрацоўкі. На цэнтральным аддзяленні, дзе народу больш, чым на астатніх, існуе асобны ўчастак для абслугоўвання фізічных асоб — так чалавеку прасцей адправіць ці атрымаць пасылку, іншае паштовае адпраўленне. А ў час пік патокі наведвальнікаў у гэтым аддзяленні нават рэгулююць па відэасувязі.

— Начальнік адсочвае абстаноўку ў аперацыйных залах проста з рабочага кабінета, — удакладняе Вольга Петражыцкая. — На маніторы бачна, дзе чарга і які ўчастак трэба аператыўна разгрузіць. Выходзіць дадатковы работнік і бярэ на сябе абслугоўванне нейкай часткі кліентаў або зноў-такі прапануе дапамогу ў абслугоўванні праз тэрмінал.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Бліжэй да кліента»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.