Вы тут

Ці хапае ўчастковых у сельскай мясцовасці?


Прыкладна кожнае пятае злачынства раскрываюць участковыя інспектары міліцыі. Ці хапае ўчастковых у сельскай мясцовасці? А самім участковым, напрыклад, службовых аўто? Як часта здараюцца падчас службы «нестандартныя сітуацыі»?

Гэта высвятляў карэспандэнт «МС».

Ведаюць усё пра ўсіх

У Віцебскай вобласці больш за 400 участковых. Як адзначылі ва УУС, праблем з кадрамі няма. «Некамплект», як кажуць, рабочы: не больш за 10%.

— Нам ёсць з каго выбіраць — я пра кандыдатаў ва ўчастковыя. Галоўнае не колькасць, а якасць... Па сутнасці, участковы — начальнік міліцыі з усімі адпаведнымі функцыямі і паўнамоцтвамі. Як правіла, першы выязджае па месцы правапарушэння або ў складзе аператыўна-следчай групы, займаецца прафілактыкай злачынстваў, іх раскрыццём і г. д. Практыка паказвае, што там, дзе ўчастковы старанны, ён напрацоўвае вопыт, карыстаецца аўтарытэтам і павагай мясцовых жыхароў, — кажа начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама, генерал-маёр міліцыі Віктар СЯНЬКО.

Яскравы прыклад такога «ўніверсальнага міліцыянера» — прадстаўнік Віцебскага РАУС. Два разы, у 2015 і 2016 гадах, старшы ўчастковы інспектар, маёр міліцыі Сяргей Ціханаў перамагаў у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе.

Начальства Сяргея Валер'евіча адзначае, што сакрэт поспеху супрацоўніка — яго зацікаўленасць і мэтанакіраванасць. Сам ён прызнаўся, што ў дзяцінстве марыў стаць менавіта міліцыянерам. Абслугоўвае тэрыторыю, на якой знаходзіцца і яго родны пасёлак Акцябрскі. У міліцыі служыць каля 10 гадоў. Да гэтага пасля віцебскай ВНУ працаваў на прадпрыемстве лёгкай прамысловасці ў абласным цэнтры, потым — галоўным інжынерам у сельскагаспадарчай арганізацыі.

Асаблівасць яго ўчастка ў тым, што недалёка горад. Ды і ў дачны сезон колькасць людзей значна павялічваецца. У «звязцы» з калегам участковы пачаў адпрацоўваць тэрыторыю сельсавета, якая падзелена на два ўчасткі. Эфектыўнае ноу-хау падхапілі іншыя...

Важная роля прафілактыкі

Кіраўнік УУС адзначае работу ўчастковых па прафілактыцы правапарушэнняў.

— Летась на 3,9% знізілася колькасць злачынстваў па лініі ўсіх нашых службаў, а ў крымінальным вышуку — на 5,2%. На бытавой падставе стала менш забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Зніжана колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап'янення, непаўналетнімі і пры іх саўдзеле, раней судзімымі...

Шмат у чым гэтаму спрыяла эфектыўная дзейнасць участковых інспектараў міліцыі. У прыватнасці, па накіраванні хранічных алкаголікаў у ЛПП, абмежаванні ў дзеяздольнасці, вынясенні ахоўных прадпісанняў у дачыненні да сямейных дэбашыраў і гэтак далей.

Таксама ўчастковыя раскрылі 4 цяжкія злачынствы. Сярод іх два забойствы, цяжкае цялеснае пашкоджанне, якое пацягнула смерць, разбойны напад.

Тое, што ўчастковыя могуць быць і ратавальнікамі, даказаў Віктар Зелянеўскі з Лепельскага РАУС. Ён праявіў рашучасць падчас выратавання рыбака, які тануў вясной на возеры. Схапіў прасла плота, прапоўз да палонкі — каля дзесяці метраў ад берага... Капітана міліцыі Віктара Зелянеўскага ўзнагародзілі Ганаровай граматай абласнога Таварыства выратавання на водах.

Дапамога ад мясцовай улады

У свой час мы пісалі аб праблеме недахопу службовага транспарту для ўчастковых. Ці змянілася сітуацыя?

За ўчастковымі Віцебшчыны сёння замацаваны 102 аўтамашыны: 22 — у гарадской і 80 — у сельскай мясцовасці. Зразумела, «колы» дазваляюць больш эфектыўна сачыць за парадкам. Тым больш, што на многіх участках вёскі знаходзяцца на вялікай адлегласці. А міліцыянерам трэба наведаць састарэлых, каб растлумачыць ім, напрыклад, як не трапіць у пастку махляроў, і іншае...

У Віцебскім аблвыканкаме разумеюць важнасць службы ўчастковых. Губернатар з разуменнем успрыняў адпаведны зварот кіраўніцтва УУС. Паабяцаў падтрымку. Тым больш, што ёсць нагода — сёлета міліцыя краіны святкуе 100-гадовы юбілей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Універсальны міліцыянер, або Увесь РАУС у асобе ўчастковага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».