Вы тут

У краіне цягам года выконваецца 500 нейрахірургічных аперацый у дзяцей


Пералік паказанняў да аперацый на галаўным мозгу ў дзяцей значна павялічыўся за апошнія некалькі гадоў.

У краіне цягам года выконваецца звыш 500 нейрахірургічных аперацый у дзяцей (больш за 100 з іх звязана з пухлінамі цэнтральнай нервовай сістэмы, каля 250 — з гідрацэфаліяй). Усяго чатыры гады таму іх было на цэлую сотню менш. А што было гадоў дзесяць таму, мы добра памятаем: прапанаваць цяжкахворым дапамогу падобнага ўзроўню і з адпаведным эфектам хірургія проста не магла. З таго часу сусветная, а следам і айчынная нейрахірургія неверагодна змяніліся.


У першую чаргу трэба гаварыць не столькі аб поўным вылячэнні, колькі аб паляпшэнні якасці жыцця хворых і іх сем'яў. Дагэтуль дзецям з эпілепсіяй, напрыклад, маглі прапанаваць у якасці лячэння толькі таблеткі. Некаторым гэтага дастаткова, прыступы становяцца радзейшымі, але ёсць і такія, каму ніякая хіміятэрапія не дапамагае дабіцца палёгкі. Цяпер гэтыя пацыенты — кандыдаты на аперацыю. За два апошнія гады прааперыраваны ўжо каля трыццаці дзяцей ва ўзросце да 18. За некаторым выключэннем гэта былі фактычна трыццаць унікальных аперацый — захворванне хоць і адно, але ж аддзелы мозга пашкоджваюцца розныя. Пасля выдалення хворых участкаў і правядзення супрацьсутаргавай падтрымліваючай тэрапіі прыступы ва ўсіх сталі радзейшымі, у некаторых выпадках зніклі наогул.

— Такія магчымасці не з'яўляюцца раптоўна, ім папярэднічаюць гады вучобы, лекцый і стажыровак у замежных клініках, — расказвае галоўны пазаштатны дзіцячы нейрахірург Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, загадчык нейрахірургічнага аддзялення №3 Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Неўралогія і нейрахірургія», кандыдат медыцынскіх навук Міхаіл ТАЛАБАЕЎ, абраны, дарэчы, нядаўна прэзідэнтам Еўразійскай асацыяцыі дзіцячых нейрахірургаў, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Украіны, Узбекістана і Расіі. — Па ўзроўню тэхнічнай базы і якасці падрыхтоўкі спецыялістаў наша краіна на постсавецкай прасторы займае адно з найпершых месцаў. Цяпер у межах нашай асацыяцыі мы будзем працягваць супрацоўніцтва з Міжнародным і Еўрапейскім таварыствамі дзіцячых нейрахірургаў, чаго раней ніколі не было. Гэтыя арганізацыі штогод праводзяць па шэсць навучальных школ у розных краінах свету, і адна з іх будзе сёлета праведзена ў Беларусі.

Што такое падобныя школы для нашай краіны, зразумець вельмі лёгка. Гэта тое, з дапамогай чаго можна без прамаруджвання аказацца ў будучыні. Падчас лекцый прапануецца глыбокі аналіз новых аператыўных умяшанняў, праведзеных у свеце з рознымі вынікамі. Каб самастойна прааналізаваць кожны з іх, спатрэбяцца гады. А тут — каштоўная інфармацыя на талерачцы ды яшчэ магчымасць асабістых кантактаў са свяціламі. Усё ж такі захворванні для ўсіх кантынентаў агульныя, хоць і адрозненні ёсць. Некаторыя паталогіі ў Кітаі ці Японіі сустракаюцца часта, а для Еўропы не характэрныя — казуістыка! І тым не менш Міхаіл Талабаеў вывучае іх ды робіць аперацыі.

Так было з адной з самых складаных аперацый у нейрахірургіі — функцыянальнай гемісфератаміяй. Проста адрэзаць усё пашкоджанае паўшар'е, вядома, нерэальна — выдаляецца толькі верхні слой. Тэхнічна гіперскладана, але вынік у такога лячэння добры. Выконваюць аперацыю далёка не ў кожным нейрахірургічным цэнтры Еўропы, а Талабаеў узяўся за яе асваенне. Спачатку запрашаў калег з Расіі, назіраў, вучыўся, а летась узяў і зрабіў.

 

— Нейрахірургія не зможа развівацца належным чынам, калі не будзе працаваць у звязцы са спецыялістамі, якія выяўляюць і накіроўваюць да нас пацыентаў — з тымі ж неўролагамі і анколагамі, — дадае Міхаіл Уладзіміравіч. — Урачы-дыягносты павінны ведаць пра нашы магчымасці і своечасова прапаноўваць пацыентам хірургічнае лячэнне. Гэта ў першую чаргу важна пры выяўленні анкалагічных захворванняў. Сёння з 1-й і 2-й стадыямі раку мозга 5-гадовую выжывальнасць маюць звыш 90 працэнтаў дзяцей, на позніх стадыях — каля 70. Яшчэ пятнаццаць гадоў таму мы маглі толькі марыць пра такія вынікі, бо фактычна ўсе пацыенты траплялі ў поле зроку ўрача ў запушчаным стане. Цяпер жа сталі даступнымі камп'ютарная і магнітна-рэзанансная тамаграфія, што дазваляе выяўляць пухліны як мага раней...

Анкалогія ў дзяцей развіваецца, як вядома, па сваіх законах. Пухліны галаўнога мозга могуць быць вялікіх памераў, але дзіця пры гэтым ні на што не скардзіцца, па-ранейшаму актыўнае. Гэта прымушае бацькоў думаць, што ўсё ў парадку, аперацыя не патрэбная. Праблема? Яшчэ якая...

Аперыруюцца нейрахірургамі ўжо нават немаўляты вагой 1 кг, калі ў іх пацвярджаюцца паказанні да такога метаду лячэння. Глыбока неданошаным аперацыю могуць правесці ў неанатальных аддзяленнях РНПЦ «Маці і дзіця», 2-га радзільнага дома Мінска, абласных клініках.

«Вось гэты стэрэатаксічны апарат для даследавання галаўнога мозга дазваляе вельмі дакладна падвесці інструмент да так званай зоны інтарэсу, — расказвае ў аперацыйнай старшы навуковы супрацоўнік неўрахірургічнага аддзела Уладзімір АЛЕКСЕЯВЕЦ. — Наогул, гэта неверагодная тэхніка, і ў яе шмат магчымасцяў... Вы павінны разумець, што сучасная аперацыя такога кшталту — гэта не столькі добрыя рукі хірурга, колькі дакладны разлік, дасканала праведзеная падрыхтоўка. Перад кожнай аперацыяй мне неабходна азнаёміцца з вынікамі даследаванняў, устанавіць зону інтарэсу, памер якой можа быць і 1,5 міліметра... Затым праводзіцца камп'ютарнае планаванне. Пазначаныя на паперы літары Х, Y, Z і г. д. ні аб чым вам не кажуць, а для мяне гэта — карта. Адной яе, праўда, недастаткова. Бывае, што для дасягнення лячэбнага эфекту трэба ўздзейнічаць не на саму зону інтарэсу, а з улікам марфалагічных асаблівасцяў. Падказку, куды і як рухацца, дае нейрафізіёлаг».

Некалі не рабіліся ў нас аперацыі пацыентам з дыягназам дзіцячага цэрэбральнага паралічу, аднак цяпер некаторым цяжка хворым прапануюць хірургічнае ўмяшанне. Яшчэ год-другі — і будуць іншыя магчымасці, невядомыя дагэтуль аперацыі. Вядома, хочацца асвойваць штосьці новае, але правесці аперацыю і не атрымаць выніку — жорсткае выпрабаванне, так і рукі могуць апусціцца. Дарэчы, вынік аперацыі таксама можа праявіцца не адразу пасля таго, як пацыент расплюшчыць вочы. Трэба набрацца цярпення — і самім спецыялістам, і бацькам, і маленькім пацыентам.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Нейрахірургія заўтрашняга дня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.