Вы тут

Як інвестары заграбаюць прыбытак каўшом экскаватара


У сталічнай вобласці налічваецца больш як 200 кар'ераў. Яны розныя па велічыні і вытворчых магутнасцях. 90 з іх распрацоўваюць юрыдычныя асобы, а 9 самых магутных — у руках прыватнікаў. Для некаторых арандатараў здабыча пяску і пясчана-гравійнай сумесі, мякка кажучы, ператварылася ў залатую жылу. І гэта зразумела: у здабычу карысных выкапняў яны ўкладваюць грашы, а прадаюць вытворцам у некалькі разоў даражэй. «Гэта нашы нетры, наш стратэгічны запас. І з іх боку гэта проста рвацтва», — лічыць старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра.


У прыватнасці, у Дзяржынскім раёне сканцэнтраваны значны запас пясчана-гравійнай сумесі, і, зразумела, што гэтае месца для прыватных інвестараў — смачны кавалак пірага. Але разам з тым некаторыя з іх не выконваюць умовы выкарыстання нетраў, якія агавораны ў дамове. Напрыклад, кампанія «Дэлмакс» у 2012 годзе атрымала ў арэнду па кастрычнік 2016-га ўчастак пад кар'ер «Мазуры». Уласнік браў на сябе абавязацельствы пабудаваць тут адміністрацыйна-бытавы корпус, які так і не завяршыў. А вытворчасць па выпуску будаўнічых раствораў і пенаблокаў павінна была запрацаваць яшчэ паўтара года таму. Аднак усе намеры так і засталіся на паперы. Больш за тое, ён самавольна заняў паўгектара ворыўнай зямлі.

«Цяпер з кампаніі спаганяецца зямельны падатак у дзесяцікратным памеры. Землекарыстальнік павінен закончыць выпрацоўку кар'ера і правесці яго рэкультывацыю», — падкрэсліў начальнік землеўпарадкавальнай службы Мінаблвыканкама Сяргей Шымук.

Журналісты чакалі, што ўладальнік кампаніі «Дэлмакс» Яўген Шулігін прыедзе на сустрэчу, якая была замоўлена папярэдне, каб выказаць сваё меркаванне па азначанай праблеме. Ды кіраўнік так і не з'явіўся, на званкі не адказваў. Тым не менш, калі прыйшоў час заканчэння арэнды, кампанія стала закідваць Дзяржынскі райвыканкам зваротамі, каб працягнуць дагавор арэнды кар'ера. Прычым кампанія просіць выдзеліць ёй яшчэ адзін кар'ер. Навошта ўкладваць сродкі ў вытворчасць, калі прыбытак, вобразна кажучы, можна грэбсці каўшом экскаватара?

Але ёсць прыклады беражлівых адносін да зямлі з боку прыватных інвестараў. Напрыклад, у суседнім Мінскім раёне кампанія «Сучасныя бетонныя канструкцыі» ўзяла ў арэнду кар'ер «Селішча» на 15 гадоў. І здабывае пясок для асабістай вытворчасці ўнікальных жалезабетонных бэлек паўметровай таўшчыні. Для іх выпуску падыходзіць пясок тонкіх фракцый, ачышчаны, прамыты, як кажуць, пясчынка да пясчынкі. Вырабы з такога пяску і цэменту вытрымліваюць вялікія нагрузкі. Блокі, па тыпу дэталяў «лега» прыдатныя як для будаўніцтва шматпавярховікаў, гандлёвых цэнтраў, так і паркінгаў, індывідуальных катэджаў.

— У распрацоўку кар'ера ўкладзена 1 млн еўра, а ў будаўніцтва завода — 30 млн еўра, — расказаў намеснік дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Яўген Пілінкевіч. — Цяпер вытворчыя магутнасці прадпрыемства цалкам загружаны. Прадукцыя карыстаецца попытам на ўнутраным і знешнім рынках. Ёсць заказы ў Беларусі, Санкт-Пецярбургу. Паступаюць заказы з Латвіі, краін Скандынавіі, і з цягам часу кампанія мае намер атрымаць еўрапейскі сертыфікат.

Па заканчэнні эксплуатацыі арандатар правядзе рэкультывацыю кар'ера, а зямлю верне ў сельгасабарот.

Два прыклады — два розныя падыходы да выкарыстання агульнанацыянальнага багацця: зямлі і яе нетраў. Навесці парадак у гэтай галіне, у тым ліку з інвестарамі, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы падчас нядаўняй нарады па пытаннях землекарыстання. Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі існавалі розныя падыходы да рэгулявання зямельнага заканадаўства: спачатку гэтыя пытанні жорстка кантраляваліся, а затым была дадзена магчымасць губернатарам вырашаць пытанні прадстаўлення зямель інвестарам. Аднак такое паслабленне прывяло да неналежнага выкарыстання тэрыторый. «Таму я быў вымушаны адмовіцца ад практыкі прадастаўлення зямельных участкаў губернатарамі і вярнуць гэтае права Прэзідэнту. Яшчэ раз падкрэсліваю: хто-хто, а губернатары ведаюць маё стаўленне да зямлі. Гэта багацце краіны. Губіць яго нікому не дазволена, таму што яно нам не належыць і нават не нашым дзецям. Яно належыць будучым пакаленням», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нагадаю, на Міншчыне ў параўнанні з іншымі абласцямі рэалізавана найбольш інвестыцыйных праектаў: з 2009 года — 240. Сярод недабудаваных — лагістычны цэнтр, дзве гасцініцы, аб'ект прыдарожнага сэрвісу. Як адзначыў старшыня камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Павел Юхневіч, Аляксандр Лукашэнка даў інвестарам два месяцы для самастойнай рэалізацыі даўгабудаў новым уласнікам для завяршэння будаўніцтва.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Залатая жыла

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».