Вы тут

Названы прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучы год


Прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучы год назваў кіраўнік Брэстчыны Анатоль ЛІС

У мінулую суботу старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў мясцовых і рэспубліканскіх СМІ. Напачатку кіраўнік вобласці зрабіў кароткае паведамленне пра вынікі работы ў мінулым годзе. Паводле яго слоў, тэмпы росту асноўных паказчыкаў эканомікі апярэджваюць сярэднерэспубліканскія, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі. Па многіх пазіцыях вобласць выйшла на першыя-другія месцы. Нават па зарплаце, якая традыцыйна займала апошні радок рэспубліканскай зводкі, адбыліся станоўчыя зрухі.


Прамысловасць і сельская гаспадарка працавалі нядрэнна і забяспечылі прырост, а вось аб'ём будаўніча-мантажных работ знізіўся на 17 працэнтаў, з-за чаго валавы рэгіянальны прадукт крыху не дацягнуў да ўзроўню папярэдняга, 2015 года. Але даходы бюджэту летась істотна выраслі, што дазволіла паспяхова фінансаваць шэраг сацыяльных аб'ектаў. Напрыклад, завершана рэканструкцыя інфекцыйнага корпуса абласной бальніцы, а па сутнасці ўзведзена новая сучасная бальніца інфекцыйнага профілю. Летась таксама ўведзены ў строй спальны корпус дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра «Тонус», здадзена некалькі аб'ектаў адукацыі.

У частцы прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год старшыня аблвыканкама назваў арганізацыю малых і сярэдніх прадпрыемстваў і стварэнне новых рабочых месцаў. Летась, як вядома, ставілася задача стварыць у рэгіёне не менш за 5 тысяч рабочых месцаў. Паводле папярэдняй ацэнкі, за кошт арганізацыі новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў працаўладкавана каля 6,5 тысячы чалавек. Апошняя лічба ўзятая за арыенцір на год новы. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў рэгіёне складае 1 працэнт насельніцтва. «Але не варта падыходзіць да праблемы спрошчана, — заўважыў Анатоль Ліс. — Шмат людзей ездзяць на заробкі ў суседнія краіны, іх занятасць наогул не адлюстроўвае статыстыка. Цяпер іх эпізадычныя паездкі можна таксама лічыць не поўнай занятасцю, бо і ў суседніх краінах складаная сітуацыя на рынку працы. Таму праблема застаецца, мы яе бачым і робім стаўку найперш на развіццё прадпрымальніцтва».

Пра ажыўленне мястэчак і сельскіх населеных пунктаў гаворка пайшла таксама ў кантэксце дажынак. Анатоль Ліс адзначыў, што сёлета ўпершыню абласное свята працаўнікоў вёскі пройдзе не ў раённым цэнтры, а ў Давыд-Гарадку, населеным пункце, які да сярэдзіны 1960-х быў райцэнтрам. І такіх былых райцэнтраў у нас многа, некаторыя з іх і стануць цэнтрамі дажынак на перспектыву. Паводле слоў губернатара, дажынкі не столькі свята, колькі вялікі сацыяльны праект. Менавіта пад іх выдзяляюцца сродкі з бюджэту на рамонт, рэканструкцыю жылля, інжынерных сетак, аб'ектаў культуры, адукацыі, медыцыны. Такім чынам населены пункт падыходзіць да свята ўраджаю грунтоўна абноўленым на карысць яго жыхароў.

Вялікая ўвага падчас прэс-канферэнцыі была ўдзелена праграме інавацыйнага развіцця. Адзначана, што ў яе ўключана на бягучы год шэсць прадпрыемстваў па вобласці. Гэта завод акумулятараў «Волат» на тэрыторыі СЭЗ «Брэст», вытворчасць арганамінеральных угнаенняў на аснове адходаў біягазавай устаноўкі свінакомплексу «Заходні» ў Брэсцкім раёне, стварэнне поўнага цыкла вытворчасці свінцова-акумулятарных батарэй, стварэнне на прадпрыемстве «Санта-Брэмар» біягазавага комплексу па перапрацоўцы палімерных і арганічных адходаў вытворчасці і ачыстцы сцёкавых водаў з атрыманнем біягазу і выпрацоўкай электраэнергіі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Дажынкі як сацыяльны праект

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.